Адсюль пачалася Беларуская чыгунка: чым жыве станцыя Парэчча

Абноўлена:
Фото: Times.by

Фото: Times.by

Першы цягнік праехаў праз станцыю Парэчча 163 гады таму. Менавіта з гэтага часу вядзе свой адлік гісторыя Беларускай чыгункі.

Дадаць у асноўныя
крыніцы Google

У першую нядзелю жніўня ў Беларусі адзначаецца Дзень чыгуначніка. Напярэдадні свята журналіст Times.by сеў у дызель-цягнік Гродна – Узбераж, адправіўся ў Парэчча і даведаўся, як у сельскім мястэчку пад Гродна з'явілася чыгунка і пайшлі цягнікі.

Станция Поречье, начало XX века

Станция Поречье, начало XX века. Фото: Барановичское отделение БЖД

Як з'явілася станцыя Парэчча

30 км, 54 хвіліны – і мы на станцыі Парэчча. Той самай, дзе 27 снежня 1862 года прагучаў першы паравозны гудок.

Нашым экскурсаводам стала начальнік станцыі Ганна Ганчар. Сустракаемся ў музейным пакоі пры вакзале. Тут прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Беларускай чыгункі.

Ганна Ганчар паказвае старыя фатаграфіі, прадметы, дакументы, схемы. Расказвае, што станцыя ў свой час будавалася з вялікім размахам – класам яна нават была вышэйшай за гродзенскую.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

У сярэдзіне XIX стагоддзя на месцы будучых пуцей шумелі векавыя дубровы. Калі Расійская імперыя пачала будаваць буйную магістраль – Пецярбургска-Варшаўскую чыгунку, – маршрут праклалі якраз праз гэтыя лясы. Адзін з участкаў працягласцю 30 км і праходзіў ад мястэчка Парэчча да Гродна.

Станцыя Парэчча будавалася па ўказе расійскага імператара Мікалая I як буйны вузел новай магістралі.

Будаўніцтва магістралі пачалося ў 1852-м і працягнулася роўна 10 гадоў. Хаця першапачаткова планавалі ўкласціся ў пяць. Складана ўстанавіць, на якім этапе рэалізацыі праекта ўпершыню была абазначана станцыя Парэчча. Яна з'явілася на чарцяжах, выкананых французскімі спецыялістамі, у канцы 1850-х.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

У Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу захоўваюцца планы будынка чыгуначных станцый у Парэччы і Гродне, датаваныя 12 студзеня 1861 года.

Вакзал, дэпо і воданапорная вежа

Комплекс станцыі Парэчча быў пабудаваны ў стылі рускага класіцызму. Інфраструктура для тых гадоў была ўражальная. У сціплым мястэчку пабудавалі вялікі вакзал, побач – два дамы для служачых, казарму для стрэлачнікаў, тэлеграф, каменны будынак для шасці паравозаў, воданапорную вежу, склады, важніцу, абсталявалі грузавую платформу.

Фото: Times.by
Фото: Times.by
Фото: Times.by
Фото: Times.by

Фото: Times.by

1/4

Рух быў інтэнсіўным: праз Парэчча штодзённа праходзілі кур'ерскія, пасажырскія і таварныя цягнікі. Ёсць звесткі, што на гэтым перагоне эксплуатавалася 36 пасажырскіх і каля 700 таварных вагонаў.

«Будынак вакзала першапачаткова быў каменна-драўляным. Пазней другі паверх стаў каменным. Да нашых дзён захаваліся сам вакзал з яго своеасаблівай архітэктурай і будынак паравознага дэпо – цяпер гэта жылы дом. А воданапорную вежу, якая знаходзілася паміж імі, разабралі ў канцы XX стагоддзя», – расказвае Ганна Ганчар.

Здание бывшего паровозного депо. Фото: Times.by

Здание бывшего паровозного депо. Фото: Times.by

Сам будынак не зведаў значных змяненняў. На ім нават захаваўся геадэзічны знак – нівелірная марка, якая фіксуе вышыню кропкі над узроўнем мора. Яе ўстанавілі пры будаўніцтве і выкарыстоўвалі для правядзення геадэзічных вымярэнняў падчас будаўнічых работ на чыгунцы.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Галоўнай перавагай станцыі было яе зручнае геаграфічнае размяшчэнне: 30 км ад Гродна, 17 км ад Друскінінкая, 775 км ад Санкт-Пецярбурга і 270 км ад Варшавы.

Да пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя цягнікі з Парэчча разыходзіліся па трох напрамках – Вільнюс, Друскінінкай і Гродна.

Вакзал у Парэччы не раз станавіўся месцам кіназдымак. У савецкі час сюды прыязджалі здымачныя групы «Беларусьфільма» і Літоўскай кінастудыі. Эпізоды з парэчскім вакзалам сустракаюцца ў фільмах «Зімародак», «Двое на востраве слёз», «Мяне завуць Арлекіна».

Будні станцыі Парэчча

Цяпер станцыя Парэчча жыве больш сціпла. Восем разоў у дзень тут спыняюцца дызель-цягнікі, якія ідуць па адзіным маршруце Гродна – Узбераж (гэта амаль граніца з Літвой).

Фото: Times.by

Фото: Times.by

У штаце – начальнік станцыі і дзяжурны. Паўтара года таму білетную касу закрылі: пасажыры набываюць білеты ў цягніку, без камісіі. Зала чакання вакзала па-ранейшаму адкрыта.

«Улетку пасажыраў шмат. Бываюць дні, калі людзі едуць стоячы, усе месцы занятыя. Звычайна цягнік складаецца з 5–6 вагонаў. У разгар грыбнога сезона перавозіць да 400 чалавек за рэйс», – кажа Ганна Ганчар.

Лясы ў навакольнай мясцовасці Парэчча – рай для грыбнікоў і ягаднікаў. Гродзенцы з кошыкамі і вёдрамі едуць сюды сотнямі. Білет на дызель-цягнік – BYN 1,92, для пенсіянераў у дачны сезон скідка – 50 %. Праезд на маршрутцы абыдзецца амаль у BYN 7.

Зімой на станцыі цішэй. Але і ў халады ёсць свае пасажыры – рыбакі, якія прыязджаюць на возера Малочнае.

У музей заглядваюць адпачывальнікі з мясцовага санаторыя, сярод іх нямала расіян. Убачыць найстарэйшы вакзал Беларусі прыязджаюць арганізаваныя групы з Гродна і іншых рэгіёнаў. І школьнікі, і дарослыя.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Фото: Times.by

А яшчэ ў Парэччы ёсць традыцыя: штогод да Дня чыгуначніка сельскі выканкам разам з культработнікамі арганізоўваюць свята вакзала. Дзейства разгортваецца на прылеглай да станцыі пляцоўцы. У гэтым годзе свята збярэ мясцовых жыхароў і гасцей 8 жніўня.

Пяць пакаленняў на варце пуцей

На станцыі Парэчча знаёмімся з прадстаўніком працоўнай дынастыі чыгуначнікаў у пятым пакаленні – брыгадзірам пуці Андрэем Мазюком. Яго брыгада абслугоўвае ўчастак Гродна – Парэчча.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

У 1916 годзе прапрадзед Андрэя Іосіф прыйшоў на станцыю простым рабочым. Услед за ім сваё жыццё з чыгункай і станцыяй Парэчча звязалі прадзед, дзед, бацька суразмоўцы. Хтосьці быў брыгадзірам, хтосьці манцёрам пуці, хтосьці дарожным майстрам.

Бацька Андрэя адпрацаваў тут да 2021 года і выйшаў на пенсію, унёсшы ў «скарбонку» сямейнай дынастыі яшчэ 43 гады стажу. Сам Андрэй працуе ўжо 18 гадоў, пачынаў тут манцёрам пуці, пазней стаў брыгадзірам у складзе Ваўкавыскай дыстанцыі пуці.

Агульны працоўны стаж дынастыі сям'і Мазюк ужо перасягнуў за 450 гадоў.

Фото: Times.by
Фото: Times.by
Фото: Times.by
Фото: Times.by

Фото: Times.by

1/4

Андрэй прызнаецца: чыгунка для яго – не проста работа.

«У легкавой машыне таксама добра, але ў цягніках ёсць асаблівая рамантыка, – кажа ён. – Чуеш стук колаў, глядзіш на пейзажы за акном і п'еш гарбату са шклянкі ў падшклянку. Гэта наша, чыгуначнае. А яшчэ гэта бяспечна».

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Калі шукаеце цікавы маршрут і думаеце, што яшчэ паглядзець на Гродзеншчыне, – адпраўляйцеся ў Парэчча. Найстарэйшы вакзал краіны, асаблівая атмасфера і грыбныя месцы. Ідэальна для няспешнай паездкі.