Больш за 450 зарадак для электракараў установяць у Беларусі да канца года

Фото: Malanka
Да 2030 года колькасць машын на зялёных нумарах у краіне можа вырасці да 300 тыс., а зарадных станцый – да 10 тыс.
У Беларусі імкліва расце колькасць электрамабіляў і зараднай інфраструктуры.
Калі дзесяць гадоў таму па дарогах краіны ездзілі ўсяго каля 100 электракараў, то сёння іх ужо 54 тыс., з якіх 22 тыс. – у сталіцы, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
У зарадную сетку Malanka ўваходзяць ужо 975 ЭЗС (яшчэ больш за 400 эксплуатуюць арганізацыі-партнёры).
Да канца 2026 года дзяржаўны аператар збіраецца ўстанавіць звыш 450 станцый рознай магутнасці, у тым ліку каля 180 – у Мінску. Лідары па колькасці ЭЗС у сталіцы – Фрунзенскі, Маскоўскі і Першамайскі раёны.
Да 2030 года агульная колькасць зарадных станцый у краіне можа перавысіць 10 тыс., а колькасць электрамабіляў – вырасці да 300 тыс.
Сёння «Беларуснафта» ўстанаўлівае пераважна хуткія (120–175 кВт) і суперхуткія (300–350 кВт) станцыі. Агульная магутнасць зараднай сеткі перавышае 80 МВт. У планах праз два гады давесці зарадны паказчык да 400 кВт і вышэй.
Раней стала вядома, што ўлады прынялі рашэнне прадоўжыць квоту на бяспошлінны ўвоз электрамабіляў у нашу краіну ў 2026 годзе. У Беларусі ёсць квота на ўвоз 20 тыс. электракараў.

