Цэны ў Беларусі за месяц выраслі ўсяго на 0,3%

Фото: Gpointstudio, Freepik.com
Інфляцыя ў краіне працягвае запавольвацца: у гадавым выражэнні індэкс спажывецкіх цэн склаў 4,3%, месяцам раней – 4,8%.
Індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў чэрвені ў параўнанні з маем склаў 0,3%, сведчаць даныя Белстата.
У параўнанні са снежнем 2025-га цэны па краіне выраслі на 2,9%, а ў гадавым выражэнні (чэрвень 2026-га да чэрвеня 2025-га) інфляцыя склала 4,3%. У маі яна была на ўзроўні 4,8%.
За апошні месяц цэны на прадукты ў Беларусі павялічыліся на 0,3%, на нехарчовыя тавары – на 0,1%, на паслугі – на 0,8%.
Што падаражэла, а што патаннела
Згодна з данымі статыстыкі мяса ў чэрвені прадэманстравала і рост, і падзенне цэн. Напрыклад, бескасцёвая ялавічына падаражэла на 0,41%, у той час як бескасцёвая свініна патаннела на 0,36%.
Прыкметна падаражэла такая пазіцыя, як «рыба марожаная неразабраная (трасковыя, скумбрыевыя)», – плюс 3,80%. Адчувальную прыбаўку паказала рыба салёная і вэнджаная, а таксама гатовыя вырабы з рыбы і морапрадуктаў – плюс 1,35% і 1,88% адпаведна.
На 1,73% падаражэла прасяная крупа, на 2,16% – гарох, фасоля і мюслі.
У чаканні сезона моцна падаражэлі бульба (63,35%), белакачанная капуста (22,43%), рэпчатая цыбуля (23,62%), буракі (17,94%), морква (54,02%). Затое патаннелі агуркі, памідоры, часнок і перац – мінус 32,85%, 3,89%, 4,13% і 3,42% адпаведна.
З фруктаў патаннелі яблыкі (на 4,32%), цытрусавыя (3,96%), бананы (0,58%) і авакада (4,28%).

