Крапіва на вокны і дзяркач пад калысачку: якімі абярэгамі карысталіся нашы прабабкі

Фото: Times.by
Драўлянае верацяно і жалезны нож, венік-дзяркач і грамнічныя свечкі, галава пеўня і звязкі траў – арсенал абярэгаў у нашых продкаў быў вялікі. Частку з іх можна ўбачыць на выставе «Ад злога чаравання да шчаслівага вяртання».
Дадаць у асноўныякрыніцы Google
Каларытная выстава адкрылася ў музеі Якуба Коласа ў ліпені. Сфарміравана з фондаў музея народнай архітэктуры і побыту. Рэчы ў ёй звычайныя: у асноўным – прадметы хатняга ўжытку, сельскай гаспадаркі, прадукты харчавання. Але сэнс ім нашы продкі надавалі сакральны і выкарыстоўвалі як абярэгі на розных этапах жыцця.
Times.by даведаўся, чаму цяжарнай нельга было глядзецца на сваё адлюстраванне ў калодзежы, навошта ў падпечак хавалі галаву пеўня і ад каго абараняліся палыном і крапівой.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
«Усім гасцям цікава, якое дачыненне Якуб Колас мае да выставы абярэгаў, – адзначае загадчыца экспазіцыйна-асветніцкага сектара музея Алена Жасткова. – Самае непасрэднае на самай справе. Экспазіцыя расказвае пра рытуалы і абрады, якія былі непарыўна звязаны з сялянскім побытам. А ён, у сваю чаргу, быў адной з асноўных тэм у творах Коласа. «Новая зямля», па сутнасці, энцыклапедыя жыцця нашых продкаў».

Государственный литературно-мемориальный музей Якуба Коласа. Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Абярэгі для цяжарных і нованароджаных
У экспазіцыі прадстаўлены дзясяткі прадметаў побыту, якім нашы продкі надавалі асаблівы сімвалізм.
Напрыклад дзяркач – венік з голых прутоў – патрэбны быў не толькі смецце з хаты вымесці. Яго пакідалі пад калыскай, каб дзіця нячыстая сіла не сцягнула.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Сякерай не толькі дровы калолі, а іголкай не толькі шылі. Гэтыя прадметы побыту з жалеза выкарыстоўвалі ў абрадзе першага купання дзіцяці. Гэты рытуал праводзілі ў выдзеўбаным з цэльнага кавалка дрэва карыце, якое рабілі з ліпы або асіны і называлі начоўка або ночва. На край такой ванначкі ўкладвалі жалезную рэч, якая сімвалізавала абарону ад сурокаў, а таксама была залогам таго, што малыш вырасце працавітым і гаспадарлівым.
У саму ванначку насыпалі зерне, манеткі, травы – сімвалы пладавітасці, багацця, здароўя. Ваду пасля купання трэба было выліць пад дрэва: вішню, яблыню або дубок – у залежнасці ад полу дзіцяці. Пасля мыцця малыша належала захутаць у бацькаўскую кашулю, у рукаў якой былі завязаны хлеб, соль і зерне – сінонімы дабрабыту і абароны.
Побач з калыскай і лаўкай – манекен, на якім варыянт народнага строя, справа ад яго – звязка паясоў з рознымі ўзорамі.
«Раслінны ўзор, як правіла, выкарыстоўваўся проста для прыгажосці, таксама як і выявы птушак, – расказвае Алена Жасткова. – А вось ромбы і іх спалучэнні ўжо пра ахоўную функцыю. Для таго і пускалі такія ўзоры па поясе, каўняры, падоле і рукавах, ствараючы сімвалічны круг для абароны ад цёмных сіл».

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Побач з прадметамі гардэроба стаіць стылізаваны плот з замовамі. На лістках паперы, развешаных на частаколе, – замовы, якія старанна збіралі этнографы з XIX стагоддзя да сучаснасці.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Акрамя абярэгаў і замоў, існаваў і шэраг забарон, прызначаных абараніць будучую маці.
Жанчыне, якая чакала дзіця, нельга было глядзець на сваё адлюстраванне – хоць у лужах, хоць у калодзежы, – каб малыш не нарадзіўся сляпым. Ваду з калодзежа трэба было даставаць вельмі акуратна, каб ні ў якім разе не вылілася з вядра.
Забаранялася пераступаць праз вяроўкі, аглоблі, любыя дугападобныя прадметы. Лічылася, што роды будуць цяжкімі і малыш можа заблытацца ў пупавіне.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
На пахаванне хадзіць было нельга – каб дзіця вырадкам не нарадзілася, і нават пахавальную працэсію трэба было абыходзіць бокам.
Абярэгі і рытуалы для абароны дома і гаспадаркі
Адным з іх была саха. Ёй акрэслівалі межы ўчастка, на якім збіраліся будаваць хату. У рытуале павінны былі ўдзельнічаць брат і сястра: жанчына вяла двух валоў, якія і цягнулі саху, а мужчына кіраваў прыладай працы, акрэсліваючы на зямлі сімвалічны абярэжны круг.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Свая роля была ў галавы пеўня: яе выкарыстоўвалі пры будаўніцтве печы.
«З птушынай тушкі гатавалі суп і елі ўсёй сям'ёй з нагаворамі, а галаву клалі ў падпечак, дзе зімавалі куры, каб птушкі добра пладзіліся, – тлумачыць Алена Жасткова. – Таксама галаву пеўня маглі закладваць пры ўзвядзенні дома. У некаторых рэгіёнах верылі, што, калі не прынесці такую ахвяру, можа загінуць майстар, які будуе».

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Быў асобны рытуал на вясну – перад першым выганам жывёлы на пашы. Асноўны рэквізіт – яйка, кажух і замок. Першае – каб кругленькая ды гладзенькая кароўка была. Другі прадмет – каб прыплод добры дала: столькі цялят, колькі варсінак на кажуху. Замак быў сімвалам абароны ад злодзеяў і драпежнікаў.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Пад вершніком або над уваходнымі дзвярамі ў хлеў развешвалі пучкі траў. Крапіва абараняла ад ведзьмы, якая магла панадзіцца даіць чужую жывёлу. Палын сцярог ад русалак, каб не казыталі каровак ноччу. Такія ж травы развешвалі на аконных ліштвах, каб нечысць не магла ўвайсці ў дом і нашкодзіць людзям.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Ад ведзьмаў абараняліся бараной: яе вешалі зубамі наверх на вароты падворка ў купальскую ноч. Вароты хлява «ўмацоўвалі» касой і чартапалохам – іх вешалі звонку, каб вядзьмарка парэзалася, абдзерлася і не пралезла.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Берагіні на асаблівыя выпадкі
На свята Грамніцы (раней адзначалі 2 лютага) звычайна рабілі свечкі з чыстага воску. Гаспадар дома абыходзіў з такой запаленай свечкай дом, сімвалічна выпальваючы крыжы над вокнамі і дзвярамі – для абароны жылля ад маланак і пажараў. Полымем маглі акуратна падпаліць пасмачку валасоў дзіцяці – каб навальніцы не баялася. У гаспадарцы таксама мелася хлебная лапата, якой належала перахрысціць навальнічныя хмары. А да гэтага не забыць запаліць грамнічную свечку і паставіць у доме на стале.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Частку экспазіцыі займаюць лялькі-мотанкі. Іх рабілі без выкарыстання нажніц, іголак і любога іншага жалеза. І самае важнае – безаблічнымі.
Жаданніца і Закаханыя, Падарожніца і Скарбонка – у кожнай берагіні было сваё прызначэнне. Адна лад у дом несла, другая прыносіла дастатак, трэцяя ў дарозе абараняла, чацвёртая дапамагала выканаць жаданні, пятая захоўвала ад злога вока дом і яго жыхароў.
У фінальнай частцы выставы прадстаўлены фатаграфіі крыжоў, зробленыя ў розных рэгіёнах краіны. На здымках як падарожныя, якія акрэслівалі межы вёскі і стаялі на яе варце, так і пахавальныя, якія ўстанаўлівалі на магілах.
«У нашых продкаў быў цэлы звод правіл і рытуалаў, звязаных як з цырымоніяй пахавання, так і з наступным наведваннем магіл сваякоў, – расказвае Алена Жасткова. – Цяпер людзі часам задаюцца пытаннем, ці можна браць дзяцей на могілкі і з якога ўзросту. Раней жа Радаўніца была адзінай магчымасцю «пазнаёміць» з памерлымі продкамі маладое пакаленне. Таму на могілкі ішлі ўсёй сям'ёй: ад малога да вялікага».

Елена Жесткова. Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Сёння многія спрачаюцца, ці дазволена трапезнічаць, хоць бы і сімвалічна, на магіле. Нашы продкі накрывалі белым палатном магільны ўзгорак, і ўсе члены сям'і садзіліся вакол. Абавязкова прыносілі яшчэ гарачую вараную бульбу і прыадчынялі накрыўку гаршка так, каб парай працягнула па магіле. Такім чынам клікалі продкаў далучыцца да застолля. З той жа мэтай крышылі на зямлю фарбаваныя курыныя яйкі – каб птушкі-душы зляцеліся.
А адпраўляючыся ў далёкую дарогу, заўсёды бралі з сабой жменю зямлі. Яе заварочвалі ў тканіну і вешалі на шыю на манер абярэга. Вось толькі гэта быў не зусім абярэг, а хутчэй нарыхтоўка, калі чалавек гінуў на чужыне. Такі мяшочак на шыі быў сімвалам таго, што паміраў ён пры сваёй зямлі.













