Лукашэнка адказаў на словы Зяленскага аб «500 цэлях у Беларусі»

Фото: Пресс-служба Президента Республики Беларусь
Кіраўнік беларускай дзяржавы назваў заявы ўкраінскага лідара балбатнёй.
Беларускіх салдат ва Украіне не было і не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў падчас саміта ЕАЭС у Астане. Відэа публікуе Telegram-канал «Пул Першага».
Прэзідэнта Беларусі папрасілі пракаменціраваць агрэсіўныя заявы, якія гучаць з Кіева, аб «500 патэнцыяльных цэлях» на тэрыторыі рэспублікі.
«Яны, можа, і вызначылі 500 цэлей. Дзякуй, што ў нас 500 цэлей для іх ёсць. У нас ёсць адна цэль вельмі сур’ёзная з дакладнымі каардынатамі і зусім недалёка ад Беларусі. Гэта ж яны таксама разумеюць», – звярнуў увагу Лукашэнка.
Ён адзначыў, што словы Зяленскага гучаць як «балбатня нейкая». Пры гэтым у Беларусі бачаць, хто стаіць на граніцы з украінскага боку.
«Гэта ж людзі, злоўленыя на вуліцах: гаротнікі-ўкраінцы і воіны так званай тэрытарыяльнай абароны. Учарашнія рабочыя, механізатары, калгаснікі і гэтак далей. Што гэта за воіны? Гэта ж гарматнае мяса. Таму мы выдатна бачым. Гэта балбатня», – абазначыў беларускі лідар.
Вайна не патрэбна ні Беларусі, ні Украіне
Лукашэнка сказаў, што ўкраінскія ваенныя не хочуць ваяваць з Беларуссю. Паводле яго слоў, у Кіеве разумеюць, што беларуская граніца – гэта 1500 км дадатковага фронту.
«Ім гэта трэба? Не» – падкрэсліў Прэзідэнт.
І тут жа дадаў: беларускіх салдат ва Украіне няма, ніколі не было і не будзе.
Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што на Зяленскага пастаянна насядаюць еўрапейцы, каб ён рабіў падобныя заявы.
«Яны яму гавораць: «А ты чаго маўчыш? Заўтра быццам будзе атака з боку Беларусі на Украіну» (...) Гэта значыць еўрапейцы яго падштурхнулі да таго, каб ён рабіў падобныя заявы. Як гэта – яны змагаюцца за Украіну, а Украіна сама маўчыць? Вось ён і ляпае», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гэта бандыты
Ён дадаў, што ў Кіеве працягваюць рабіць стаўку на так званую беларускую апазіцыю і хочуць падрыхтаваць з іх салдат.
«Ніякая гэта не апазіцыя. Гэта бандыты. І яны разлічваюць, што там яны падрыхтуюць баевікоў з ліку беларусаў, украінцаў, палякаў і яшчэ літоўцаў, і яны рушацца і захопяць нейкі раённы цэнтр. Слухайце: не дай бог з нейкай тэрыторыі будзе ажыццёўлена ваенная атака на тэрыторыю Беларусі – вайна атрымае зусім іншую якасць ва Украіне», – папярэдзіў беларускі лідар.

