Лукашэнка сёння адкрыў новую паліклініку ў Мінску

© Пресс-служба Президента Республики Беларусь
Сталічная ўстанова аховы здароўя пачала працаваць у мікрараёне Усходні і разлічана на абслугоўванне звыш за 25 тыс. чалавек, або 850 чалавек у змену.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адкрыў у пятніцу, 3 красавіка, новую, 42-ю гарадскую паліклініку ў Мінску, паведамляе Telegram-канал «Пул Першага».
Установа аховы здароўя спраектавана ў фармаце новай лагістыкі, пачынаючы ад электроннай рэгістратуры і заканчваючы аператыўнай дыягностыкай.
«Мы стараліся стварыць паліклініку будучыні. Каб узровень быў не горшы, чым за мяжой. Каб вы захапляліся сваім, а не тым, што па тэлевізары бачыце», – цытуе Аляксандра Лукашэнку «Пул Першага».
Паводле слоў Прэзідэнта, Мінск развіваецца так, каб у ім не было кантрастаў. Медыцынская дапамога ў сталіцы павінна аказвацца і жыхарам рэгіёнаў.
«Краіна павінна быць адзінай, маналітнай. І вось ад нашых крокаў па забеспячэнні здароўя нашых людзей будзе вельмі шмат залежаць», – адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка назваў адкрыццё новай самай сучаснай паліклінікі падзеяй у маштабах не толькі Уручча, але і ўсёй беларускай сталіцы.
«Тым самым, як мяне інфармуюць, мы завяршаем фарміраванне сеткі сацыяльных устаноў гэтага мікрараёна», – дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў перастаць плакаць пра тое, што «ў нас людзей не хапае». «Мне хочацца, каб у Беларусі ўсё было прыгожа і якасна», – падкрэсліў Прэзідэнт.
На яго думку, у Беларусі дастаткова людзей, і таму неабходна выбудаваць сістэму такім чынам, каб яны маглі працаваць, зарабляць і абслугоўваць насельніцтва.
«Гэта больш чым на 200% датычыцца Міністэрства аховы здароўя. Медыкі як Прэзідэнт: колькі трэба, столькі і працуюць», – патлумачыў сваё бачанне Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да медыкаў, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці новай паліклінікі, са словамі: «Зрабіце ўсё, каб, пачуўшы нас сёння, беларускі народ (у Хоцімску, Ваўкавыску, яшчэ дзе-небудзь) зразумеў, што гэта таксама іх. Падумайце, як гэта зрабіць!»

