Міліцыя ўзмоцніць меры бяспекі каля МТЗ падчас святкавання 80-годдзя завода

Фото: МТЗ
Праход на заводскае свята будзе арганізаваны праз КПП з надглядам.
Мінская міліцыя ўзмоцніць меры бяспекі ў пятніцу, 29 мая, у сувязі з правядзеннем свята на Мінскім трактарным заводзе, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Святочныя мерапрыемствы ў гонар 80-годдзя завода адбудуцца на адкрытай пляцоўцы перад цэнтральнай прахадной (вул. Даўгабродская, 29).
Праход на яе будзе арганізаваны праз КПП пасля праходжання надглядных мерапрыемстваў. Для рэчаў, якія забаронена праносіць, прадугледжана камера захоўвання.
Акрамя таго, на прылеглай тэрыторыі абмяжуюць рух і паркоўку асабістага і шэрынгавага транспарту (у тым ліку электрасамакатаў, веласіпедаў) – з 08:00 і да заканчэння свята. Таксама магчымыя і іншыя абмежаванні – інфармацыя будзе абнаўляцца ў Telegram-канале УДАІ ГУУС.
У сталічнай міліцыі заклікалі гасцей свята прыбываць загадзя і ўлічваць умовы надвор’я.
Ва ўпраўленні падкрэслілі, што ўсе нарады, якія будуць несці службу каля МТЗ, арыентаваныя на аказанне дапамогі людзям і папярэджанне правапарушэнняў.
Раней на МТЗ расказалі, што ў гонар свята на плошчы каля завода будзе арганізаваны гандаль, пройдзе выстава тэхнікі BELARUS і выступленні музычных гуртоў і калектываў, у тым ліку расійскага «Иванушки International», а завершыцца ўсё феерверкам (23:00).

