Муж і жонка з Ваўкавыскага раёна вырасцілі кавун-гігант вагой 39 кг 400 г і паказалі, што ўнутры

Фото: 8photo, Magnific.com
Пад лупінай аказалася не звыклая чырвоная, а жаўтавата-ружовая мякаць, але на дзіва салодкая.
Дадаць у асноўныякрыніцы Google
Алена і Віталій Юшыны з вёскі Ятвезь – заўзятыя агароднікі са шматгадовым стажам. Часта яны здзіўляюць рэкордным ураджаем, сваімі поспехамі дзеляцца ў TikTok.
У мінулым сезоне, напрыклад, вырасцілі кавун вагой 17 кг 200 г, а гэтым летам паласатая ягада пабіла рэкорд, пацягнуўшы на 39 кг 400 г.
Як расказала Times.by Алена, вырасціць такога гіганта было няпроста.
Расаду высадзілі 2 мая, завязь сфарміравалася 5 ліпеня, а спелы плод знялі з градкі 3 верасня.
«Чакалі прыезду дзяцей, каб разрэзаць кавун разам. Усім было цікава, што тоіць гэты волат», – падзялілася яна.
Сорт – японскі, адносіцца да выставачных, селекцыянеры працавалі перш за ўсё над памерам, а не над смакам. Насеннем падзяліліся знаёмыя. У гэтым годзе муж і жонка пасадзілі адно семечка – выключна для эксперыменту.
Алена выказала меркаванне, што ўнутры будуць пустоты або валакністая мякаць, а на смак ён акажацца нясмачным. Пад лупінай аказалася не звыклая чырвоная, а жаўтавата-ружовая мякаць, але на дзіва салодкая.
«Ачмурэць, ён салодкі. Можа, ён і павінен быць ружовым? Смак прыкольны», – падзяліўся ўражаннямі Віталь.
Але ўсё ж ягаду муж і жонка вырашылі не есці, толькі крыху паспрабавалі дзеля цікавасці. «Аддалі курачкам, ім ласунак спадабаўся», – дадала ў размове з Times.by Алена.
На прысядзібным участку Юшыны вырошчваюць розныя культуры, але каля 17 гадоў таму вырашылі паспрабаваць кавуны.
«Тады не было такой разнастайнасці сартоў. Пачыналі са звычайных кавуновых семечак, але вырасціць ураджай не атрымлівалася. Пазней спрабавалі вырошчваць кавуны з расады. Аднак халоднай вясной расліны часта гінулі, і поспехі былі зменлівымі», – расказала Алена.
Агароднікі-аматары Юшыны не здаліся. 11 гадоў таму Алена даведалася, што кавуны, як і дрэвы, можна прышчэпліваць. Паспрабавалі гэты прыём. Паводле слоў жанчыны, пры вясеннім пахаладанні прышчэплены кавун усё роўна расце, ён больш устойлівы да перападаў тэмператур і халоднага грунту. І ўсё атрымалася. З тых часоў Юшыны штогод выкарыстоўваюць гэты метад і ўжо апрабавалі каля 60 сартоў.
У гэтым сезоне яны высадзілі 10 розных сартоў кавуноў. Бясспрэчным лідарам стаў гібрыд «Раманза F1», які з адной расліны даў 10 паласатых пладоў агульнай вагой 89 кг 200 г. «Самае складанае – вырасціць моцную расаду і стварыць ёй правільныя ўмовы. Тут мноства нюансаў, ад якіх залежыць будучы ўраджай. А вось калі ягада пайшла ў рост, клопату з ёй амаль няма», – адзначыла Алена.
Муж і жонка ўжо строяць планы на наступны сезон і прыглядаюцца да новых сартоў.

