На Мінскім моры адкрываюць новы арт-парк «Порт»

Фото: Арт-парк «Порт»

Фото: Арт-парк «Порт»

Летам тут будзе горача: у праграме карнавал сапбордаў, Купалле, турніры па кіберспорце, утульныя сямейныя святы.

Новы арт-парк адкрываецца на беразе Мінскага мора гэтым летам. «Порт» пабудавалі на абноўленай закрытай тэрыторыі санаторыя «Прыморскі». У тэставым рэжыме лакацыя пачне працаваць ужо з 5 чэрвеня, а афіцыйны старт плануюць даць 12–14 чэрвеня.

«Аб’яднаем нацыянальную культуру, забавы і адпачынак для ўсёй сям’і, – дзеляцца планамі арганізатары. – Адначасова пазнаёмім з трэндамі пляжнага адпачынку. Спартыўныя мерапрыемствы, культурныя падзеі, сямейныя святы і модныя тусоўкі – кожны знойдзе забавы даспадобы».

Фото: Арт-парк «Порт»

Фото: Арт-парк «Порт»

На тэрыторыі размесцяцца фудкорт, арт-аб’екты, фотазоны, лаўнж, кінатэатр пад адкрытым небам і пляцоўка кіберспорту. Асобна арганізуюць дзіцячую пляцоўку і спартыўныя гульнявыя зоны. У пунктах пракату можна будзе арэндаваць шэзлонгі і пляжныя парасоны. У самім санаторыі можна ўзяць у арэнду і веласіпед, і цэлае поле – футбольнае, баскетбольнае, бадмінтоннае, схадзіць у закрыты басейн.

Час работы арт-парка з 10:00 да 22:00. Пляжная зона працуе з 10:00 да 20:00.

Фото: Арт-парк «Порт»

Фото: Арт-парк «Порт»

Уваход у «Порт» па білетах. У будні з панядзелка па чацвер – BYN 15, у пятніцу і выхадныя – ад BYN 20 да BYN 30 у залежнасці ад праграмы дня. Дзецям да 7 гадоў уваход бясплатны. Для асобных катэгорый насельніцтва будуць ільготы.

Акрамя ўсіх актыўнасцей, арт-парк плануе арганізаваць і пракат плаўсродкаў: ад сапбордаў і катамаранаў да лодак і яхт.

Дарэчы, катанне на яхтах, салют і гучную вечарынку з топ-дыджэямі абяцаюць на адкрыцці. Не менш насычанай плануюць і ўсю летнюю праграму: карнавал сапбордаў, лімонны ўікэнд, Купалле, турніры па кіберспорце, сямейныя святы і дзіцячыя творчыя майстар-класы з конкурсамі і аніматарамі.

Times.by – інфапартнёр арт-парка «Порт» і будзе трымаць вас у курсе падзей.