На палі Беларусі выпусцяць робатаў для барацьбы з баршчэўнікам і сумнікам

Абноўлена:
Борщевик Сосновского. Фото: WikimediaImages, pixabay.com

Борщевик Сосновского. Фото: WikimediaImages, pixabay.com

Распрацоўку айчынных вучоных плануюць укараніць у бліжэйшай будучыні.

Дадаць у асноўныя
крыніцы Google

Беларускія вучоныя распрацавалі рабатызаваны комплекс, які будзе знішчаць інвазіўныя расліны, паведаміў журналістам прадстаўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі Алег Маслоўскі.

«Наземныя беспілотныя рабатызаваныя комплексы з дапамогай штучнага інтэлекту будуць знішчаць інвазіўныя расліны з высокай дакладнасцю. У бліжэйшыя 1–2 гады плануем іх укараніць у эксплуатацыю», – растлумачыў вучоны.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што штучны інтэлект будзе прымяняцца не замест, а разам з традыцыйнымі мерамі барацьбы: пакосам раслін, пераворваннем зямлі, хімічнай апрацоўкай.

«Сітуацыя з баршчэўнікам Сасноўскага значна палепшылася ў паўднёвай і заходняй частках краіны – плошчы прыкметна скараціліся, – паведаміў Алег Маслоўскі. – Што датычыцца сумніку канадскага, яшчэ дзесяць гадоў таму ў Мінску і наваколлі яго плошча лічылася 300 га. Цяпер сустракаюцца адзінкавыя расліны ўздоўж кальцавой».

Паводле слоў прадстаўніка Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алёны Стасюкевіч, інвазіўныя расліны наносяць істотную шкоду эканоміцы.

«Сумнік канадскі выдзяляе ў глебу асаблівыя рэчывы, якія тармозяць рост іншых раслін. Адпаведна, лугі і пашы поўнасцю губляюць сваю кармавую каштоўнасць», – удакладніла спецыяліст.

Як змагацца з інвазіўнымі раслінамі

Баршчэўнік Сасноўскага небяспечны не толькі фотахімічнымі апёкамі для людзей. Ён выціскае іншыя расліны, тым самым разбураючы месцы пражывання насякомых, птушак і дробных жывёл. Сёлета ад баршчэўніка пазбавіліся на плошчы звыш 6 тыс. гектараў, ад сумніку расчысцілі тэрыторыю звыш 21 тыс. гектараў.

Знішчыць раз і назаўсёды не атрымліваецца з-за высокай ураджайнасці: адна расліна баршчэўніку дае да 20 тыс. насення, а сумніку канадскага – да 100 тыс. насення. У зямлі штогод застаецца іх вялікі запас.

Самымі густа засеянымі застаюцца як сельскагаспадарчыя і лясныя землі, так і тэрыторыі агульнага карыстання ў населеных пунктах. Спецыялісты падкрэсліваюць: далучацца да работы павінны і грамадзяне.

«Галоўнае – не дапусціць цвіцення, таму што ранні пачатак барацьбы з такімі раслінамі – залог поспеху. Баршчэўнік Сасноўскага знішчаць трэба ўжо з мая, сумнік канадскі – з чэрвеня. Рост раслін не павінен перавышаць 30–50 см», – дапоўніла Алёна Стасюкевіч.

Сёлета да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне патрабаванняў па барацьбе з інвазіўнымі раслінамі прыцягнулі 631 чалавека. Агульны памер штрафаў склаў BYN 458,5 тыс.

І баршчэўнік Сасноўскага, і сумнік канадскі ўнесены ў Чорную кнігу флоры Беларусі, створаную вучонымі ў 2020-м. Усяго ў спісе больш за 50 агрэсіўных інвазіўных раслін.