Насуперак дажджу, з карагодамі і фаер-шоу: як святкавалі Купалле ў Азярцы

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Завяршэнне купальскага тыдня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў гэты раз выпала на выхадны 4 ліпеня. Праўда, у нябеснай канцылярыі на гэты дзень былі свае планы – у цёплую летнюю ідылію ўмяшаўся дождж.
Але ні шэрае неба, ні мокрая трава не сапсавалі настрой – людзі прыехалі за атмасферай і атрымалі яе спаўна.
Журналісты Times.by пабывалі на свяце, адчулі містычную атмасферу летняга сонцастаяння і даведаліся, за што беларусы так моцна любяць Купалле.

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Вянкі і модныя купальскія «лукі»
Перш за ўсё любы, хто прыйшоў адзначыць гэта народнае свята, павінен абзавесціся галоўным купальскім аксесуарам – вянком. У музеі для гэтага вылучылі асобную лакацыю – з травамі, кветкамі і галінкамі. У дызайнерскіх ідэях гасцей не абмяжоўвалі, затое дапамагалі з тэхнічнымі нюансамі, калі гэта было патрэбна.
Кароткачасовыя ападкі, дажджавікі і парасоны не сталі перашкодай для тых, хто прыйшоў на свята пахваліцца сваімі купальскімі «лукамі» і зрабіць атмасферныя фота.
Сярод наведвальнікаў часта сустракаліся хлопцы ў народных кашулях, дзяўчаты ў строях ды і наогул многа моладзі, якая пераасэнсавала ў сваіх уборах беларускі культурны код.
Сяброўкі ў прыгожых сукенках Каця і Каця прыехалі на Купалле дзеля атмасферы. Адна з іх наведвае свята ўжо трэці год запар, другая на такой падзеі ўпершыню.

Катя и Катя. Фото: Алексей Матюшков, Times.by
«Паспелі ўжо прамокнуць пад дажджом, але настрой у нас усё роўна добры. Пагулялі па тэрыторыі музея, пафатаграфаваліся і чакаем класнай вячэрняй праграмы. Спадзяёмся, гэта будзе нешта вельмі яркае», – сказалі дзяўчаты.
Варажба і майстар-класы на любы густ
Менавіта на такіх мерапрыемствах можна як ніколі часта пачуць размовы на мове. Кожны мог знайсці для сябе занятак па душы – пачынаючы ад вывучэння купальскіх песень і танцаў да стварэння абярэгаў і пляцення з травы.
Наталля прыехала на Купалле ў Музей народнай архітэктуры і побыту ўпершыню. Дажджлівае надвор'е яе абсалютна не спалохала.

Наталья. Фото: Алексей Матюшков, Times.by
«Асабліва мне спадабаліся тут майстар-класы. Нам нават паказвалі, як рабіць ніткі для верацяна – я не адважылася, але гэта было вельмі цікава. Яшчэ мы былі на майстар-класе па стварэнні лялек з травы. А вось вянкі рабілі цалкам самі, але гэта і відаць», – смяецца наведвальніца.
У пачатку музейнай алеі для гасцей працаваў фудкорт і крамы з таварамі рамеснікаў. Таму застацца галодным або без памятнага сувеніра адсюль было складана.
Цэлы вечар не заканчвалася чарга ў палатку з таблічкай «Варожбы». Тут можна было атрымаць прадказанні аб сваёй будучыні ад варажбіткі.
Настасся, нягледзячы на дажджлівае надвор'е, прыйшла на свята разам са сваімі дзецьмі – Львом і Леяй.
«Мне вельмі падабаецца славянская культура. Думаю, Купалле лепш за ўсё адлюстроўвае нашу гісторыю і традыцыі. Хацелася адчуць гэту энергію. Паспелі з дзецьмі сплесці вянкі, пачараваць, паесці шашлык, патанцаваць і цяпер чакаем вячэрняе фаер-шоу», – падзялілася суразмоўніца.
Вядома ж, не абышлося і без купальскага шэсця, абрадавых песень, карагодаў і кідання вянкоў на ваду, каб паваражыць на нарачонага.
Этнамузыка, фаер-шоу і доўгачаканае вогнішча
Вялікі акцэнт арганізатары Купалля ў Азярцы зрабілі на канцэртную праграму, якая пачалася каля сямі вечара і прадаўжалася аж да паўдванаццатай гадзіны ночы.
З галоўнай сцэны гучалі народныя песні і аўтарскія кампазіцыі ў выкананні беларускіх фолк-музыкантаў Івана Кірчука, «Вока Чарота», «Дабранач». Людзі да апошняга не хацелі разыходзіцца, танцавалі і вадзілі карагоды. А яркім завяршэннем музычнага лайн-апа стала выступленне мінскай рок-групы KAS.
Пад канец свята ўся ўвага публікі пераключылася на фаер-шоу ад беларускага тэатра агню «Крэсіва». У калектыве выступаюць акрабаты, жанглёры і каскадзёры.
Каманда арганізавала відовішчнае піратэхнічнае і агнявое шоу з танцамі, трукамі і хаджэннем на хадулях.
Кульмінацыяй стала спаленне сяміметровай драўлянай скульптуры. Многія наведвальнікі да апошняга не верылі, што яна загарыцца, дрэва ж моцна намокла ад дажджу.
Тым не менш праз паўгадзіны пад крыкі людзей: «Нарадзі, Божа, жыта на новае лета, на поўнае лета» і ваджэнне карагодаў канструкцыя ўсё ж запалала яркім агнём, абвалілася, узняліся палаючыя іскры.
Купалле ўдалося – насуперак прагнозам і на злосць дажджу.

















































