Не верыў, што стану ганчаром: маладыя пінчане адкрылі майстэрню і адраджаюць сямейную справу

Наталля Пашкавец
Абноўлена:
Фото: Times.by

Фото: Times.by

Некалькі гадоў таму Сяргей і Вольга Шэлест з Пінска адкрылі ганчарную майстэрню, вырашыўшы працягнуць сямейную традыцыю.

Times.by завітаў у госці, каб убачыць, як у руках майстра бясформенная гліна набывае дасканалыя абрысы, і даведацца, чаму выкладчык фізкультуры аднойчы адважыўся ператварыць захапленне з дзяцінства ў прафесію.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Патомны ганчар

Сяргею Шэлесту 31 год, ён родам з вёскі Гарадная ў Столінскім раёне. Знакамітая яна сваім промыслам – з XV стагоддзя была цэнтрам ганчарства на Палессі. У XVI стагоддзі атрымала Магдэбургскае права, статус горада і герб.

«Калісьці людзі пасяліліся тут, на гары. Вакол – балоты, непрыдатныя для развядзення агародаў, затое гліны – хоць адбаўляй. Так і пачалі займацца ганчарнай справай. На піку было 500 сем'яў, якія рабілі посуд, – расказвае ён гісторыю сваёй роднай вёскі. – Амаль у кожным двары стаяў горан для абпалу керамікі».

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Стагоддзямі ганчарнае рамяство перадавалася тут з пакалення ў пакаленне. Прадзед Сяргея таксама быў ганчаром, усё жыццё карміў промыслам сям'ю. Навучыў гэтаму і яго дзеда.

«Усё змянілася, калі ў пасляваенны час на змену традыцыйнаму гараднянскаму посуду прыйшоў заводскі, з палівамі і роспісамі, – тлумачыць Сяргей. – За гліняныя гаршкі ўжо нельга было пражыць. Мужчыны сталі выязджаць зарабляць на будоўлі. Мой дзед у тым ліку, хоць і ўмеў, але жыццё сваё з ганчарствам не звязаў. Аднак, калі яму было ўжо пад восемдзесят, заўсёды з ахвотай садзіўся за ганчарны круг, які мы прывозілі з сабой».

Адзін з гаршкоў дзеда, традыцыйны гараднянскі жоўтага колеру, Сяргей і Вольга захоўваюць як сямейную каштоўнасць – у іх майстэрні ён стаіць на самым бачным месцы.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Не багі гаршкі абпальваюць

Калі Сяргею было 9 гадоў, класны кіраўнік прывяла іх на экскурсію ў мясцовы Цэнтр ганчарства, створаны ў 2003 годзе для захавання старажытнага промыслу.

«Яго дырэктар Алімпіяда Леанавец тады і запрасіла нас у гурток. Мы з братам Іванам пайшлі проста паспрабаваць «паганчарыць». Спачатку захапіліся, а потым, як у многіх падлеткаў, цікавасць перыядычна згасала, – смяецца Сяргей. – Але дзядуля і мама казалі, што ў жыцці гэта можа спатрэбіцца. А мы тады ім не верылі».

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Першымі настаўнікамі сталі патомныя мясцовыя ганчары Арсеній Шэлест і Аўрам Басавец. Навучылі цэнтраваць, выводзіць цыліндр, з якога на крузе потым можна зрабіць любую форму. Пачыналі з невялікіх вырабаў.

Цікавасць да ганчарства ўмацоўвалі міжнародныя пленэры, на якія ў Гарадную раз у два гады прыязджалі знакамітыя майстры з розных краін і дзе абменьваліся вопытам. Сяргей прымаў у іх актыўны ўдзел, размаўляў, даведваўся пра прафесійныя сакрэты, разумеў, куды трэба расці, спрабаваў сам працаваць з вялікімі аб'ёмамі. Аднак аб ганчарстве як спосабе зарабляць тады ўсур'ёз не задумваўся, разглядаў яго хутчэй як хобі.

Першы бізнес-план

Пасля заканчэння школы Сяргей паступіў у пінскую ВНУ, вучыўся на выкладчыка фізкультуры. У гэты ж час пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Вольгай, якая падтрымлівала яго цікавасць да ганчарнай справы, але сама гэтым не захаплялася.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Ідэяй заняцца гэтым рамяством па-сапраўднаму Сяргей загарэўся ў арміі. Да гэтага часу ён захоўвае тры невялікія фатаграфіі Вольгі, на адваротным баку якіх тады і запісаў свой першы бізнес-план: як арганізаваць, што і дзе купіць. Тут жа, не адкладваючы, у водпуску набыў свой першы прафесійны ганчарны круг, патраціўшы на яго большую частку накапленняў.

Вярнуўшыся з арміі, Сяргей ажаніўся і стаў працаваць па спецыяльнасці ў каледжы, а па вечарах круціў круг як душа жадае на балкончыку здымнай кватэры. Посуд рабіў спачатку для сябе, а для абпалу яго вазілі ў Гарадную, дзе яго бацька з 200-літровай бочкі зрабіў печ.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

«Першы наш продаж быў на Масленіцу ў 2018 годзе, – успамінае суразмоўца. – Прадалі тады ўсяго некалькі кубкаў і гаршкоў, а людзі здзіўляліся, даведваючыся, што мы з Пінска, сваіх жа керамістаў тут тады не было».

Замест старога дома новая майстэрня

Вольгу з цягам часу таксама ўсё больш зацягвала кераміка і працэс яе стварэння, яна стала дапамагаць мужу. Некалькі гадоў свае вырабы яны прадавалі на пінскай пешаходцы, мясцовых кірмашах, часам выязджалі на выставы майстроў у іншыя гарады. Сумяшчалі «ганчарку» з асноўнай працай, пераехалі ў сваё жыллё, нарадзілася першая дачка.

Тры гады таму, бачачы вялікую цікавасць да посуду ручной працы, прынялі канчатковае рашэнне – займацца толькі ганчарствам і адкрыць уласную майстэрню.

У спадчыну ад дзеда Вользе дастаўся ўчастак у Пінску. Стары домік знеслі, а на яго месцы літаральна за два месяцы пабудавалі майстэрню. Цяпер тут ёсць усё, што неабходна для камфортнай працы майстра, – ганчарны круг, стэлажы пад столлю для сушкі вырабаў, стэлажы з гатовым посудам, печ для абпалу.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Праца без выхадных

Амаль увесь дзень Сяргей праводзіць тут за ганчарным кругам. Не спыняе працу нават на час нашай сустрэчы – адна за адной з круга адпраўляюцца на сушку талеркі ідэальнага памеру.

Вольга – памочнік, партнёр і крэатыўны менеджар. Малодшай дачцэ цяпер усяго паўгода, таму часу для ўласнай творчасці можа выкраіць зусім няшмат. Яе асноўныя інструменты за працоўным сталом – качалка для раскачвання гліны і стэка. З нарыхтовак яна ўручную лепіць фантазійныя кубкі і талеркі, у тым ліку і з папулярнымі сёння натуральнымі матывамі – у выглядзе лімонаў, баклажанаў, лісця.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

«Я працую па класіцы, кручу цыліндрычныя формы для збаноў, гаршкоў, талерак, кубкаў, – кажа Сяргей. – А Оля пастаянна прыдумляе новыя фішкі – то кубкі з матылькамі з белай гліны, то рознакаляровыя паліваныя талеркі, а цяпер яшчэ і свечкі».

Гатовыя вырабы маюць вельмі прыгожы насычаны карычнева-тэракотавы колер. Для чырвонай гліны з Радашковіч, якую ў асноўным выкарыстоўвае Сяргей, добра падыходзіць традыцыйны спосаб – малачэнне – высушаны выраб акунаюць у малако. Яно закрывае поры і, згараючы пры абпале, надае такое эфектнае адценне паверхні. Потым яе заціраюць для стварэння «эфекту даўніны», а на фінальным этапе націраюць пчаліным воскам.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Па ініцыятыве жонкі з нядаўняга часу да малачэння дадалі новую тэхніку: частку вырабаў сталі пакрываць знутры палівай – гэта і прыгожа, і практычна. Палівы выкарыстоўваюць толькі бессвінцовыя, гіпаалергенныя. Таму ўвесь керамічны посуд бяспечны, падыходзіць і для мікрахвалёўкі, і для духоўкі.

«Вось і атрымліваецца – у будні кручу, у суботу і нядзелю прадаю на пешаходцы, – кажа Сяргей. – Выхадных у мяне няма».

Посуд для душы

На стварэнне аднаго кубка Сяргею патрэбна каля 10–15 хвілін. На талерку – столькі ж. За дзень можна зрабіць каля 20–30 вырабаў, якія затым яшчэ трэба высушыць і абпаліць у печы. На ўсе працэсы ў сярэднім патрабуецца адзін тыдзень.

«На заводзе, напрыклад, ганчар робіць па 300 літровых гаршкоў за змену. Мы не гонімся за такімі аб'ёмамі», – падкрэслівае Сяргей.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Заказы ў майстэрню паступаюць самыя розныя, у тым ліку і на складаныя вырабы. Напрыклад, чайнікі або бутэлькі, у якіх усе часткі лепяцца асобна, або на кубак, каб зусім дакладна як разбіты. Стварыць такі па ўзоры для прафесійнага ганчара – не праблема.

Сяргей і Вольга кажуць, што і цяпер высокі попыт у пакупнікоў на традыцыйны беларускі збан. «Крынка», «глэчык» – іх купляюць, каб захоўваць у іх напіткі, малако, ваду. У заводскай упакоўцы, вядома, прасцей – але гэта посуд для душы. Заказваюць яго часцей людзі старэйшага ўзросту, але і ў маладых таксама папулярныя і гаршкі для запякання, кубкі са сподкамі, блінніцы, талеркі з накрыўкамі.

Фото: Times.by
Фото: Times.by
Фото: Times.by
Фото: Times.by
Фото: Times.by

Фото: Times.by

1/5

У турыстаў вялікім попытам карыстаецца сувенірная прадукцыя. У модзе нестандартныя, «крывыя» формы, з увагнутасцямі.

«Нас па руках раней білі за асіметрыю, – усміхаецца Сяргей. – А цяпер гэта трэнд».

Прыязджаюць адусюль

Праводзіць майстар-класы па ганчарстве Сяргей і Вольга першапачаткова не планавалі. Ініцыятыву сталі праяўляць самі пакупнікі, якія жадаюць пасядзець за ганчарным кругам і паспрабаваць штосьці зрабіць з натуральнага матэрыялу ўласнымі рукамі.

Цяпер у майстэрню прыязджаюць госці з розных гарадоў Беларусі, бывалі тут і амерыканцы, іспанцы, немцы, англічане.

«На майстар-класе за гадзіну робім 7–8 вырабаў, – расказвае Сяргей. – Я дапамагаю, калі штосьці не атрымліваецца – мае рукі ўсё выправяць. Усе пакідаюць майстар-клас задаволенымі. А пасля забіраюць кубкі і талеркі і вельмі імі ганарацца».

Фото: Times.by
Фото: Times.by
Фото: Times.by
Фото: Times.by
Фото: Times.by

Фото: Times.by

1/5

Старэйшая дачка, пяцігадовая Насця, таксама нярэдка прыходзіць у майстэрню і садзіцца побач з бацькам за ганчарны круг. Ці стане ў будучыні працягваць сямейную справу, пакажа час. Керамікай сям'я Шэлест займаецца ўжо восем гадоў. Пасля адкрыцця майстэрні асаблівых планаў на будучыню яны пакуль не строяць.

«Цяпер мы ўдзячныя лёсу за тое, што ёсць. Большага і не просім», – усміхаючыся, кажа Сяргей.

Фото: Times.by

Фото: Times.by