Штучны інтэлект будзе дапамагаць ратавальнікам на Цнянцы

купание лето пляж море купаться нырять

Фото: wirestock, Magnific.com

У свеце няма аналагаў нейрасеткі, над якой цяпер працуюць спецыялісты з ПВТ.

Штучны інтэлект (ШІ) плануюць укараніць на выратавальнай станцыі «Цнянская» ў Мінску, піша БелТА са спасылкай на старшыню Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах (АСВОД) Андрэя Чарняўскага.

Спецыяльную праграму для сталічнай выратавальнай станцыі АСВОД цяпер распрацоўваюць у Парку высокіх тэхналогій (ПВТ).

«Плануем зрабіць такое забеспячэнне [праграмнае], што, як толькі купальшчык будзе падаваць сігналы бедства, яны будуць перадавацца на выратавальную станцыю», – удакладніў Андрэй Чарняўскі.

Паводле яго слоў, работа над нейрасеткай, аналагаў якой у свеце няма, будзе ісці бліжэйшыя тры месяцы.

Андрэй Чарняўскі растлумачыў, што станцыя «Цнянская» выбрана не выпадкова: тут адначасова на пляжы могуць адпачываць да 10 тыс. чалавек. Сачыць за ўсімі, хто знаходзіцца ў вадзе, вельмі складана, падкрэсліў кіраўнік АСВОД.

«А штучны інтэлект і праграмнае забеспячэнне нам дапамогуць. І ратавальнікі будуць яшчэ хутчэй рэагаваць, каб выратаваць чалавека», – сказаў на заканчэнне Андрэй Чарняўскі.