Стаўка на сваё і льготы: Лукашэнка падпісаў указ аб рабатызацыі

Абноўлена:
Роботизированная рука. Иллюстративное фото. Фото: rawpixel.com, Freepik.com

Роботизированная рука. Иллюстративное фото. Фото: rawpixel.com, Freepik.com

Беларускія ўлады робяць стаўку на ўкараненне робатаў у эканоміку краіны і развіццё ўласнай робататэхнікі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ «Аб стымуляванні рабатызацыі», гаворыцца ў паведамленні Telegram-канала «Пул Першага».

У рэспубліцы дзейнічае праграма, якая прадугледжвае дасягненне шчыльнасці рабатызацыі ў прамысловасці на ўзроўні ў 100 адзінак на 10 тыс. работнікаў да 2030 года.

Беларускія ўлады хочуць актывізаваць укараненне робатаў пры дапамозе стварэння выгадных умоў для тых, хто іх будзе выкарыстоўваць. У краіне будуць развівацца ўласны інжынірынг і вытворчасць робатаў.

«У мэтах стымулявання гэтых напрамкаў указам прадастаўляюцца льготы і прэферэнцыі спажыўцам і вытворцам робатаў, а таксама вытворча-інжынірынгавым арганізацыям, якія забяспечваюць іх укараненне і інтэграцыю», – піша «Пул Першага».

Спажыўцы робатаў атрымліваюць зніжэнне падаткаабкладаемай базы за кошт магчымасці ўліку пры разліку падатку на прыбытак амартызацыі з каэфіцыентам 1,5. Робаты будуць вызваляцца ад увазнога ПДВ. Пры куплі робатаў у Беларусі на працягу 30 дзён будзе прадастаўляцца поўны вылік ПДВ.

Вытворцы і інжынірынгавыя кампаніі будуць вызваляцца ад ПДВ пры ўвозе робатаў або іх камплектуючых.

Рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій атрымаюць права на рэалізацыю кампанентаў робатаў для гарантыйнага і постгарантыйнага абслугоўвання. Таксама яны змогуць здаваць у арэнду вырабленых імі робатаў.

«Гэта дасць магчымасць трансфармаваць бізнес-мадэль і перайсці ад разавага продажу робатаў да комплекснага кіравання прадуктам», – напісана ў паведамленні.

Гэта прадугледжвае і такія важныя этапы ў рабоце, як перадпраектны аналіз, распрацоўка, доўгатэрміновае абслугоўванне, сістэмная інтэграцыя і дыстрыбуцыя.

З дапамогай указа ўлады рэспублікі разлічваюць павысіць канкурэнтаздольнасць, знізіць сабекошт вытворчасці і павысіць якасць. Усё гэта павінна быць забяспечана пры дапамозе галіны робатаў.