Супрацоўніцтва ва ўсіх сферах: Лукашэнка ацаніў развіццё адносін з Кітаем

Фото: president.gov.by
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што развіццё супрацоўніцтва з КНР стала правільным гістарычным выбарам.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з намеснікам старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэнам, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Падчас сустрэчы беларускі лідар расказаў пра адносіны з Кітаем, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што пачатак супрацоўніцтва з КНР стаў правільным гістарычным выбарам.
«Добра, што вы прыехалі ў гэты час да нас. У вас ёсць магчымасць бліжэй на практыцы пазнаёміцца з нашай краінай. Што датычыцца нашых адносін, яны складваліся на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. У Беларусі пра Кітай вельмі шмат гавораць. За гэтымі размовамі, палітычнымі нашымі адносінамі рушыў услед вельмі бурны рост гандлёва-эканамічных адносін. І мы вельмі задаволены, што ў свой час Гасподзь дапамог нам сарыентавацца менавіта на Кітайскую Народную Рэспубліку», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Не проста партнёры, а надзейныя сябры
Прэзідэнт адзначыў, што паміж дзвюма краінамі склалася ўсепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства, вынікам якога можна назваць усеабдымнае супрацоўніцтва ва ўсіх сферах.
«Выбачайце за нясціпласць, але смею сказаць пра тое, што Кітайская Народная Рэспубліка, кіраўніцтва рэспублікі, нават калі б і хацела нам прад'явіць нейкія прэтэнзіі, не змагло б. Таму што мы свята выконваем усе нашы дамоўленасці. Любыя перагаворы, з кім бы ні вялі – з расіянамі, еўрапейцамі або ж амерыканцамі, – КНР заўсёды выводзіцца за дужкі. Нашы адносіны не падлягаюць нават абмеркаванню», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Пекін можа разлічваць на Мінск «як на самых надзейных сяброў і прыхільнікаў».

Фото: president.gov.by
Хань Чжэн выказаў згоду з тым, як Прэзідэнт Беларусі ахарактарызаваў узровень узаемадзеяння паміж дзвюма краінамі.
«Як вы толькі што правільна згадалі, пад кіраўніцтвам кіраўнікоў дзяржаў адносіны дасягнулі высокага ўзроўню – усепагоднага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства», – падкрэсліў намеснік старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Новыя гарызонты
Ён падкрэсліў, што лідары краін у мінулым годзе сустракаліся двойчы і «намецілі новыя грандыёзныя планы для далейшага ўмацавання двухбаковых адносін».
Размова ідзе пра падпісаную Аляксандрам Лукашэнкам у маі 2026 года Дырэктыву «Аб практычным напаўненні ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай».
У гэтым дакуменце, на думку намесніка старшыні КНР, вызначаны вектары шматпланавага беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.
«Гэта ў поўнай меры адлюстроўвае ваша высокае разуменне развіцця нашых адносін і гаворыць пра тое, што наша супрацоўніцтва мае стратэгічнае значэнне», – падкрэсліў Хань Чжэн.

