У Беларусі спрасцілі жыццё аўтамабілістам – не трэба лішні раз праходзіць тэхагляд

Авторынок в Малиновке. Фото: Times.by
Цяпер пры куплі ўжыванага аўто неабавязкова ехаць на дыягнастычную станцыю.
Дзеючы тэхагляд пры змене аўтаўладальніка не трэба будзе праходзіць па-новаму, такая норма змяшчаецца ў пастанове Савета міністраў «Аб дзяржаўным тэхнічным аглядзе і асноўных паказчыках у галіне дарожнага руху».
Згодна з дакументам выключана неабходнасць праходзіць дзяржтэхагляд пры змене ўласніка транспартнага сродку ў перыяд дзеяння дазволу на допуск.
Раней у такіх выпадках аўтамабіль трэба было прадставіць на дыягнастычную станцыю не пазней за 10 дзён пасля дзяржрэгістрацыі – гэта прадугледжваў пункт 7 Палажэння аб парадку правядзення дзяржтэхагляду.
Нагадаем, у лютым гэтага года ў Беларусі змяніўся парадак атрымання дазволу на допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху. Так, дыягнастычныя станцыі больш не з’яўляюцца абавязковым месцам, дзе можна атрымаць гэты дакумент.
Беларускія аўтамабілісты цяпер могуць аформіць яго ў электронным выглядзе праз партал электронных паслуг «Е-Паслуга». Акрамя таго, дазвол не трэба прадстаўляць супрацоўнікам ДАІ. Яго наяўнасць, а таксама тэрмін дзеяння будуць змяшчацца ў электроннай базе даных.

