У чым сіла, вядзьмак? Казкі Яна Баршчэўскага як сродак зразумець сябе і сваю краіну

Абноўлена:
Ян Баршчэўскі

Ян Баршчэўскі. Times.by

Сёлета спаўняецца 180 гадоў, як выйшла з друку апошняя частка кнігі «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага. Гэты зборнік казак і паданняў стаўся гімнам любві да Беларусі і спробаю яе спасціжэння.

Дадаць у асноўныя
крыніцы Google

Літаратар і збіральнік фальклору Ян Баршчэўскі (1792–1851) нарадзіўся на Віцебшчыне ў сям’і шляхцічаў і святароў. Падчас навучання ў Полацкім езуіцкім калегіуме, у рознамоўных вучэбных праграмах якога антычныя філосафы мірна суіснавалі з хрысціянскімі багасловамі, Ян выказаў пэўныя мастацкія здольнасці. У неспрыяльную эпоху, калі наша літаратура стваралася пераважна па-польску, Баршчэўскі пісаў вершы і на беларускай мове.

Якім чынам звычайныя юнацка-студэнцкія захапленні дарастаюць да класічнай літаратуры, перавяртаюцца ў кнігі, якія цікава чытаць і праз стагоддзі? Безумоўна, гэта чараўніцтва. І вялікая ўнутраная праца, і глыбокае спасціжэнне жыцця таксама.

Шляхі, якія мы абіраем

Падобна многім маладзёнам свайго кола і часу, Баршчэўскі падпрацоўваў настаўнікам і гувернёрам – сёння тут, а заўтра там. Ян хадзіў пешшу, бачыў безліч краявідаў, наведваў засценкі, хутары, вёскі, фальваркі, мястэчкі і гарады, дзе камунікаваў з самымі рознымі людзьмі.

Падарожжы Баршчэўскага адбываліся ў краі, сэрцам якога было агромністае возера Нешчарда (яго берагавая лінія – самая працяглая сярод беларускіх азёр).

На поўнач паблізу жылля – Нешчарда, велізарнае возера накшталт марской затокі. Калі ўсходзіцца вецер, ад возера плыве роўны шум і відаць праз вакно, як пакрытыя пенаю хвалі падымаюць угору і зноў кідаюць уніз рыбацкія лодкі… Вясна там надзвычай прыгожая, калі па лугах разальецца вада, і ў паветры над возерам і ў лясах зазвіняць галасы птушак, што вяртаюцца з выраю.

Ян Баршчэўскі

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Вада і іншыя магутныя стыхіі прыроды сталіся крыніцаю натхнення для будучага класіка. Але не толькі яны.

Баршчэўскага скарылі пачутыя ў дарогах беларускія народныя казкі, легенды і песні. Ён быў адзін з першых нашых творцаў, хто ацаніў іх сэнс і прыгажосць, адчуў іх веліч і магію.

Беларускі народ прамаўляе…

А яшчэ Яна скаланулі да глыбіні душы шматлікія сустрэчы ў часе падарожжаў з калектыўным творцаю ўсяго гэтага моўнага багацця – простымі людзьмі.

Так, Баршчэўскі і сам зрабіўся выкладчыкам, але працягваў навучацца. Толькі цяпер яго настаўнікамі былі не айцы-езуіты, а народ.

Народ з яго адвечнымі клопатамі, непахіснымі маральнымі прынцыпамі, ненапышлівай жыццёвай мудрасцю. І невымоўнай, невычэрпнай, як Нешчарда, любоўю да роднай зямлі, вялікай прагай, каб яна нарэшце стала сваёю.

Калі я набыў гэты фальварак, зямля тут нагадвала дзікую пустэчу, аднак я не паддаваўся роспачы, імкнуўся ўсё палепшыць, засыпаў ямы, асушыў балацявіны, і на тым месцы вырас у мяне прыгожы бярозавы гай, маю добрыя сенажаці, завёў жывёлу, цяпер і палеткі родзяць… Хто працуе і спадзяецца на Бога – можа і тут быць шчаслівы і спакойны.

Ян Баршчэўскі

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Ян слухаў і занатоўваў, ён пытаўся і атрымліваў адказы.

Верагодна, людзі давалі іх яму таксама ў выглядзе паданняў ці прыпавесцяў. О, беларускі народ любіць ціхую плынь алегорыі – сам розумам дайдзі, чалавек!

Доўгі шлях да Беларусі

Аднойчы, па далёкім ад’ездзе ў халодна-льдзісты, манерны Санкт-Пецярбург, Баршчэўскага апануе туга і смутак, ён пачне пісаць кнігу аб усім пачутым і пабачаным некалі, каб распавесці пра Беларусь іншаземцам і нават землякам. Бо ёсць жа такія сярод беларусаў, што ўсё жыццё пражылі, а галоўнага пра сябе і родны край не зразумелі.

Беларускі народ уявіў сабе пералёт-траву як нейкае лятучае зёлка, гонячыся за якім не адзін збіўся з дарогі і не вярнуўся да свае роднае хаты. І я, шукаючы яе далёка, пакінуў гэтую родную старонку, дзе прайшлі самыя прыемныя дні майго жыцця…

Ян Баршчэўскі

Баршчэўскі назваў сваю кнігу так: «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Выданне на польскай мове складаецца з чатырох тамоў, апошні выйшаў з друкарні ў 1846-м. Гісторыкі беларускай літаратуры адзначаюць, што выбар Баршчэўскім польскай мовы быў абумоўлены тагачаснай забаронай друку па-беларуску. Але «Шляхціц Завальня» ўсё ж уключаў словы, урыўкі і песні на беларускай – аўтар падаў іх лацінкаю.

Public Domain

Public Domain

Public Domain

Public Domain

Пройдуць доўгія 144 гады, і «Шляхціц Завальня» з’явіцца нарэшце па-беларуску, і не ўрыўкамі, а цалкам.

Дарэчы, сёлета кніга Баршчэўскага «святкуе» не толькі 180 гадоў з’яўлення на свет у выглядзе асобнага выдання, але і 10-годдзе з першага выхаду шрыфтам Брайля.

Кніга адкрывае тэлепорт

Баршчэўскі ствараў сваю кнігу не як звычайны фалькларыст ці краязнаўца. Але як пісьменнік-філосаф, якому блізкі светапогляд Гофмана і Гогаля.

Абраўшы жанравую форму казкі, Баршчэўскі распавёў, як уладкавана-пабудавана Беларусь, якія тут людзі, якая ў іх гісторыя, культура, побыт, вера, розум, злыбеды і спадзяванні.

1 (15).jpg
У большасці песень простага люду, як у словах, так і ў мелодыі, ёсць нешта меланхалічнае, і нават вясельныя песні, дзе маладым зычаць шчаслівага супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі плачу…

Ян Баршчэўскі

Гэта толькі падаецца, што «Шляхціц Завальня» – забаўляльнае чытво, тэлепорт у край, дзе жывуць міфічныя лесавікі, русалкі, ведзьмакі, вогненныя духі і безліч іншых істот.

Язык павернецца назваць іх няіснымі толькі ў таго, хто ніводнага дня не дыхаў паветрам Беларусі, хто ніводнай ночы не спаў тут. Пад саламянай страхой хаціны ці пад гонтавым дахам палаца, няважна.

У гэтым краі ўсім людзям сняцца аднолькавыя сны – іншым разам яны непрацяглыя, трывожныя.

4 (20).jpg
– Ах, пане! Нейкая туга напала на нас і гэтае начы, – адказаў лёкай. – Ва ўсіх нас сон быў кароткі і неспакойны. Вартаўнікі расказваюць, што чулі яны ўначы, як па вёсках вылі сабакі, рыкала жывёла, і бачылі, як з поўначы, шугаючы полымем, ляцеў цмок і іскры сыпаліся з яго; пэўна, нёс золата для нейкае душы, што пабраталася з д’яблам.

Ян Баршчэўскі

Рэальны кодэкс для няказачнай рэчаіснасці

Калі твая рэчаіснасць не Беларусь, то так, усё тут, у кнізе «Шляхціц Завальня», падасца табе змрочнай фантазіяй.

Тут у зямлі пульсуюць клятыя скарбы, а чараўнікі вырошчваюць сабе цмокаў-паслугачоў. Тут уладарыць Белая Сарока і чуюцца галашэнні Плачкі, якая ліе слёзы на магілах славутых герояў – хто памятае іх імёны?

2 (17).jpg
– На маю думку, – сказаў Завальня, – гэта папярэджанне людзям, каб выправілі свае норавы. Але прыкра, што людзі цяпер такія разумныя, што ўсё яны ўжо ведаюць, ні ў якія цуды не вераць, ім трэба скарбы, каб, не працуючы, мець усё, што толькі заманецца. Яны за золата прададуць усё тое, што нашы бацькі цанілі некалі даражэй за жыццё.

Ян Баршчэўскі

Як жыць тут – скажы мне, паданне, навучы, казка. А галоўнае, як застацца чалавекам? Героі Баршчэўскага апавядаюць, што гэта цяжка, але цалкам магчыма. Нават для таго, хто ўжо перакінуўся ў ваўкалака.

Пазбягай зла, не рабі кепскага, не ідзі на злачынства ці здзелку з д’яблам. І тады ў тваёй асабістай гісторыі будзе шчаслівы працяг. А родная краіна стане для ўсіх па-сапраўднаму фантастычным месцам.