У Горках рыхтуюць да адкрыцця самую вялікую агралабараторыю ў Беларусі

Абноўлена:
Теплицы в Горках

Скрин видео «Беларусь 4. Могилев»

Тут будзе база для навуковых распрацовак, вытворчасці свайго насення і падрыхтоўкі спецыялістаў.

Дадаць у асноўныя
крыніцы Google

На тэрыторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі завяршаецца будаўніцтва найбуйнейшай у краіне агралабараторыі – навукова-адукацыйнага цэнтра біятэхналогій у раслінаводстве. Тут плануюць ствараць айчынныя гатункі агароднінных і ягадных культур, адпрацоўваць тэхналогіі закрытага грунту і рыхтаваць аграрыяў новага пакалення.

Плошча новай лабараторыі больш за 4 тыс. квадратных метраў. Мяркуючы па сюжэце ў эфіры «Беларусь 4. Магілёў», гэта будзе комплекс з дзевяці цяпліц з сістэмамі кантролю мікраклімату, заліўнымі сталамі і фітапірамідамі. Аўтаматызацыя і элементы штучнага інтэлекту дапамогуць дакладней кіраваць святлом, тэмпературай, вільготнасцю і харчаваннем раслін.

Як расказаў дацэнт кафедры плодаагародніцтва БДСГА Дзмітрый Раманькоў, гэта будзе самая вялікая агралабараторыя ў Беларусі, аналагаў няма ў краінах СНД. Сродкі на яе будаўніцтва выдзеліў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях.

«Сёння ў горацкай акадэміі сфарміравана адна з вядучых у краіне навуковых школ у галіне селекцыі і насенняводства агароднінных культур. Працягнем займацца вывядзеннем новых гатункаў у закрытым грунце. Новая агралабараторыя дазволіць вывесці гэтую працу на якасна новы ўзровень», – дадаў ён.

Навукова-адукацыйны цэнтр таксама стане базай для падрыхтоўкі кадраў для біятэхналагічнай галіны і цяплічных прадпрыемстваў, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі спецыялістаў аграрнага сектара. Прычым не толькі беларускіх, але і бліжняга замежжа, удакладніў Дзмітрый Раманькоў.

Будаўніцтва плануюць завяршыць да канца года. Каркасы ўжо гатовыя, зараз ідзе шкленне.