У Мінску з'явілася некалькі новых зон адпачынку

Абноўлена:
Слепянская водная система

Слепянская водная система. Фото: Homoatrox, CC BY-SA 3.0

Арт-аб'екты, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, цікавыя дызайнерскія рашэнні – навінкай можа пахваліцца кожны з раёнаў сталіцы.

«Вярба» і «Сад вершаў», «Шлях да шчасця» і «Партал у свет балота» і г.д. – усяго дзевяць новых зон адпачынку добраўпарадкавалі ў Мінску, паведамляе прэс-служба Мінгарвыканкама.

У некаторых з іх ужо былі роўныя пляцоўкі і прыродны каркас, які заставалася толькі пашырыць стыльнымі дэталямі і незвычайнымі рашэннямі. Як, напрыклад, зона адпачынку «Вярба» ў Фрунзенскім раёне. Яе дапоўнілі дзіцячымі пляцоўкамі і гарадкамі, прычым разумна падзялілі па ўзростах – каб усе маглі разнастайна і з карысцю праводзіць час.

Цікава стылізацыяй адзначыліся «Парк тэхнічнай творчасці» ў межах вул. Кашавога і пр-та Партызанскага, а таксама «Парк медыцыны» ў межах вул. Сталетава і зав. Казлова.

Большасць зон адпачынку мае інвентар для спартыўнага адпачынку і значную колькасць стылізаваных лавак для тых, хто хоча проста рэлаксаваць без актыўнай фізнагрузкі.

Многія пляцоўкі сумяшчаюць функцыю забаўляльную і адукацыйную: абсталяваны інфармацыйнымі стэндамі з апісаннем мясцовай флоры і фаўны, прадстаўнікоў якіх можна заўважыць у час прагулкі.

З улікам свежых пляцовак колькасць зон адпачынку ў сталіцы дасягнула 91. Да Дня горада плануюць зрабіць роўна сотню.