У нас свой шлях: Лукашэнка расказаў аб беларускім падыходзе да выкарыстання штучнага інтэлекту

Фото: rawpixel.com, Freepik.com
Кіраўнік дзяржавы таксама абазначыў, што штучны інтэлект (ШІ) – гэта перш за ўсё прыкладны інструмент, які павінен працаваць на карысць людзей.
Прэзідэнт выступіў на Еўразійскім эканамічным форуме ў Астане, дзе расказаў аб падыходзе Беларусі да выкарыстання сучасных тэхналогій, а асабліва ШІ. Яго словы цытуе прэс-служба.
«Для нас штучны інтэлект не самамэта, не даніна модзе і не падстава ў пагоні за хайпам адмаўляцца ад напрацаваных дзесяцігоддзямі практык. Якраз перакананы, што гэты штучны інтэлект не на пустым месцы створаны, ён вынікае з тых практык, што ўжо створаны. Гэта перш за ўсё прыкладны інструмент, які павінен рэальна працаваць на карысць людзей і вытворчасці, павышаючы эфектыўнасць эканомікі і якасць жыцця грамадзян», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь даўно выбрала ўласны шлях у лічбавым развіцці і прытрымліваецца яго.

Фото: president.gov.by
«Гэта адмова ад сляпога капіравання замежных тэхналогій і правіл гульні на карысць стварэння айчынных кампетэнцый і сваіх рашэнняў», – удакладніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў ходзе выступлення закрануў тэму таго, як ШІ можа паўплываць на чалавека ў будучыні.
Паводле слоў беларускага лідара, штучны інтэлект не заменіць чалавека, а здыме з яго руцінныя задачы. Акрамя таго, новыя тэхналогіі дапамагаюць нарасціць кампетэнцыі і магчымасці інжынераў, тэхнолагаў, аграрыяў, вучоных, чыноўнікаў.
«Таму я ў пачатку прывёў вам азначэнні штучнага інтэлекту і інфарматыкі. Размова ідзе аб павышэнні ККД чалавечай працы. Там, дзе гэта сапраўды неабходна і дарэчы. Гэта вельмі важна цяпер», – удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Дапамога ШІ і яго перспектывы
Прэзідэнт таксама асобна акцэнтаваў увагу на перспектывах ШІ.
«Ён не стане прычынай масавай страты працоўных месцаў, а на крадзеж асабістых даных, кібермахлярства і фэйкі ёсць адэкватныя адказы – і ў тэхнічнай, і ў праваахоўнай плоскасцях», – сказаў Лукашэнка.

Фото: rawpixel.com, Freepik.com
І заклікаў да больш цеснага супрацоўніцтва ў галіне камп'ютарных тэхналогій у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза.
«Разлікі паказваюць, што ніводная краіна, нават з развітой інжынернай школай і моцнымі кадрамі, паасобна не здольна забяспечыць поўны цыкл стварэння, навучання і прамысловага ўкаранення сучасных мадэлей ШІ. Таму ў гэтай сферы патрэбна больш цесная кааперацыя», – заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тым, што цяпер паміж вядучымі сусветнымі ігракамі фактычна разгарнулася бітва за кантроль над сферай камп'ютарных тэхналогій.
«Мы не павінны адстаць або трапіць у залежнасць ад «добрай» волі цэнтраў сілы, якія спрабуюць навязаць свае правілы гульні. Менавіта тут праўляецца стратэгічная роля Еўразійскага эканамічнага саюза як платформы для фарміравання тэхналагічнай кааперацыі новага тыпу», – адзначыў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што фундамент для лічбавага ўзаемадзеяння ў ЕАЭС ужо закладзены.
«Сфарміраваны прававыя і тэхналагічныя інструменты для пераходу ад разрозненых нацыянальных ініцыятыў да адзінай еўразійскай лічбавай экасістэмы», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
ШІ ўжо працуе на эканоміку
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што штучны інтэлект становіцца часткай вытворчасці ў рэальным сектары там, дзе гэта апраўдана.

Фото: jcomp, magnific.com
«Віртуальныя мадэлі, або, як іх яшчэ называюць, лічбавыя двайнікі рэальных вытворчасцей, даюць магчымасць наладжваць тэхналагічныя працэсы да фізічнай зборкі і запуску абсталявання», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што айчынныя лічбавыя платформы распрацоўваюцца ў раслінаводстве, медыцыне, прамысловасці, транспартнай галіне, лагістыцы, гандлі, дзяржкіраванні і іншых сферах.
«Штучны інтэлект выкарыстоўваецца пры стварэнні лякарстваў, дыягностыцы захворванняў, дапамагае пры правядзенні найскладанейшых аперацый у кардыялогіі, анкалогіі, уралогіі. Прычым хірургі могуць кантраляваць працэс дыстанцыйна», – канстатаваў Прэзідэнт.

