Увёў літару «Ў», выдаў тысячу народных песень, быў надзейным таварышам: факты пра Яна Чачота

Times.by
Сёння спаўняецца 230 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта і мовазнаўцы Яна Чачота (1796–1847). Ён першым пачаў пісаць творы па-беларуску і збіраць народны фальклор.
Толькі ўявіце сабе: пачатак XIX стагоддзя, аніякай Беларусі яшчэ няма нават у самых смелых мроях самых адданых патрыётаў, а нейкі малады дзівак з-пад Баранавіч – нібыта знянацку – стварае вершы на беларускай мове і чытае іх уголас шырокай публіцы.
А потым шчэ ўсіх пераконвае, што народныя песні беларусаў – найпрыгожыя і вартыя ўвагі не толькі літаратараў, але і навукоўцаў.
Звалі таго чалавека Ян Чачот – Times.by прыводзіць некалькі цікавых звестак аб паэце, яго жыцці і творчасці.
Нарадзіўся на Купалле, рос сярод сялян
Ян Чачот прыйшоў на свет 7 ліпеня (па іншых звестках 17) 1796 года ў Малюшычах – цяпер гэта аграгарадок Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.
Дзень народзінаў хлопчыка супаў з Купаллем, і таму яго назвалі Янам. Дарэчы, праз 86 гадоў у гэткі ж агніста-язычніцкі дзень народзіцца яшчэ адзін славуты беларускі паэт – Янка Купала.
Тадэвуш Чачот і Клара Гасіцкая, бацькі Яна, паходзілі з незаможнай шляхты, сваёй маёмасці не мелі. Тадэвуш арандаваў зямлю ў розных мясцінах і да таго ж працаваў эканомам.
Пасля нараджэння сына-першынца Чачоты перабраліся пад Баранавічы ў вёску Новая Мыш на рацэ Мышанцы.

Фото: ТАСС
Тут, каля ціхаплыннай рачной вады, прайшлі дзіцячыя гады «Яна з Мышы». Гэта ўадначас прозвішча, творчы псеўданім і даніна памяці дарагім і любімым мясцінам.
«О мілы ўспамін! Дарагая Мышанка! Зноў снішся ты ў барве заранак, Найпершая ў свеце мая ты каханка, Мінуў тут жыцця майго ранак. Мае ўсе тут гульні; блуканні, забавы, Высочваў я рыбку тут днямі, Траву нёс кароўкам, рваў кветкі, рухавы, Тут «біўся» не раз з «казакамі».
Кажуць, што варункі дзяцінства здольныя вызначыць лёс чалавека.
Маленькі Ян бавіў час сярод сялян, ён добра, на свае вочы, спазнаў іх жыццё і звычаі, запомніў і палюбіў народны фальклор. Беларускія песні, легенды, казкі і паданні натхнілі Яна да ўсебаковага духоўнага і творчага развіцця, далі яму невычэрпную – большую за Мышанку – крыніцу для паэтычных тэм і вобразаў.
А галоўнае – Чачот дасканала вывучыў беларускую мову і адчуў сябе тоесным людзям гэтай зямлі, зліўся з імі ў думках і вершах.
Толькі тут, на Беларусі, можна кахаць і быць каханым, сцвердзіць аднойчы яго літаратурны герой:
«Пташка, пташка, Скуль ляціш ты – Ці не з нашых Ніў?
Каб пачуць мне Што ад мілай, Я б шчаслівы Быў».

Фото: Павел Орловский, Times.by
Быў таварышам Адама Міцкевіча, клапаціўся пра сяброў
У 1809 годзе бацькі аддалі сына ў Навагрудскую павятовую дамініканскую школу.
Ёсць класы таварыскія, а ёсць – абыякавыя, халодныя, як склеп з бульбай. У Чачота былі выдатныя аднакласнікі, з якімі ён пасябраваў на ўсё жыццё, у тым ліку з Адамам Міцкевічам, паэтам сусветнай велічыні.
Тыя залатыя гады Міцкевіч згадае ў вершы, напісаным 24 чэрвеня 1819 года на імяніны Чачота:
«Яне! Музы наперабой бляск твайго верша ўслаўляюць, Мне ж памагчы не хочуць – я сам заспяваю. Са мной ты заўсёды – дома я ці ў прыволлі: Кога ж больш люблю я, хто ж мілейшы мне болей? Яшчэ на парозе жыццёвым, у галасе вуліц, Адны ў нас навукі былі, перапалкі і гулі. Хто ж, апроч нас з табой, Яне, сваволіў, Што аж трэсліся сцены, бывала, у школе?..»
Ян і Адам сапраўды паўсюль былі разам, і не толькі ў школе. Іх агульны сябрук, будучы навуковец Ігнат Дамейка, згадваў аб гэтым пазней.

Ігнат Дамейка
Па сведчаннях, Ян быў вельмі патрабавальны і да сябе, і да сяброў: «Заўсёды гатовы быў служыць нам, але часта і бурчаў, не змоўчваў, калі бачыў у нас нешта кепскае, бо хацеў, каб яго сябры, і перш за ўсё Адам, былі бездакорныя ва ўсім».
Дзеля сваіх сяброў Чачот быў гатовы пайсці і ў агонь, і ў ваду – без паэтычных метафараў і стылістычных гульняў, у прамым сэнсе.

Public Domain
Так, каб адвесці пагрозу ад таварышаў, якіх царскі ўрад арыштаваў разам з ім у 1823-м па справе таемных студэнцкіх згуртаванняў, Чачот браў на допытах віну выключна на сябе і ў выніку атрымаў 10 гадоў высылкі на Урал.
Пісаў на беларускай мове, збіраў фальклор
Чачот пачаў сваю літаратурную дзейнасць з песняў і вершаў да студэнцкіх урачыстасцяў і сяброўскіх імянінаў.
Гісторыя захавала дату, калі вялікая віленская публіка, па-добраму шакаваная і ўзрушаная гэтай падзеяй, упершыню – у сваім жыцці і сваім стагоддзі – пачула твор, напісаны Чачотам на «мове мужыкоў», то бок па-беларуску: 7 сакавіка 1819 года.
Тое была песня «Што ж мы вашэсці скажам» на імяніны сябра Чачота Юзафа Яжоўскага. Што важна, усе прысутныя цудоўна зразумелі словы песні, бо насамрэч ведалі родную мову – проста не думалі і не размаўлялі на ёй. O tempora, o mores!
Міцкевіч таксама быў у захапленні. А сама тая песня так урэзалася сведкам у памяць, што многія цытавалі яе і праз паўстагоддзя, у далёкай эміграцыі.
Творчасць Чачота развівалася жанрава і тэматычна. Паралельна ён ствараў песні на матывы народных.
«Каб цябе спаліла маланка, Чаму не хочаш Сцяпанка? Ці ён цябе не кахае, Ці ён розуму не мае?
Дык што ж, што ён мяне кахае, Калі ён грошы не мае? Калі ён не мае грошы І сам не вельмі харошы?
Каб цябе спаліла маланка, Што грошы любіш, не Сцяпанка! Недарма дворскі хлеб ела, Паняю быць захацела!»
Тыя песні былі вынікам вялікага кахання Чачота да Зосі Малеўскай, дачкі рэктара Віленскага ўніверсітэта. Зося, прыгажуня і таленавітая піяністка, выконвала іх пад фартэпіяна. Невыпадкова першы зборнік твораў называўся «Песні Яся для Зосі».

Times.by
Напеўныя творы Чачота сапраўды лёгка клаліся на музыку. Вядомы беларускі кампазітар Станіслаў Манюшка, сучаснік Чачота, напісаў 22 песні на яго арыгінальныя тэксты – болей, чым на словы любога іншага аўтара, у тым ліку Міцкевіча.
Адной з галоўных мэтаў жыцця Чачота стала фалькларыстыка.
Ён сабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў шэсць зборнікаў з імі ў 1837–1846 гадах.
Таксама Чачот марыў аб фундаментальным слоўніку беларускай мовы і нават пачаў сам складаць яго.
І вішанка на торце: як адзначае Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, менавіта дзякуючы Яну Чачоту ў беларускім правапісе з’явілася літара «Ў».

