«Вішнёвы фестываль» у Глыбокім пройдзе 24–25 ліпеня: поўная праграма

Абноўлена:
Международный праздник «Вишневый фестиваль». Фото: Минкульт

Международный праздник «Вишневый фестиваль». Фото: Минкульт

Гасцей чакае забег смаўжоў, конкурс вішнёвых пірагоў, этнавечарынка, «Міс Глыбокае», дэгустацыі і шмат іншага.

Міжнароднае свята «Вішнёвы фестываль» у 14-ы раз адзначаюць у Глыбокім. У гэтым годзе ён пройдзе 24–25 ліпеня. Уваход свабодны.

На фестываль вішні традыцыйна прыязджаюць госці не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з Расіі. На гэты раз геаграфія свята стане больш шырокай: выступяць калектывы з Казахстана і М'янмы.

Яшчэ адно новаўвядзенне гэтага года – шоу-праграма «Міс Глыбокае». На кастынгу ўжо выбралі лепшых. Іх публіка ўбачыць на святочным подыуме і даведаецца імя пераможцы.

Госці фестывалю 24 ліпеня змогуць наведаць выставу «Лялькі», прымеркаваную да 40-годдзя заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускага тэатра «Лялька», а таксама фотавыставу «Жанчына. Вішнёвая краса Беларусі» ў рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы.

Шэсце творчых калектываў пачнецца ў 18:00. Удзельнікі пройдуць ад скульптуры «Глыбоцкая вішня» да цэнтральнай плошчы, дзе будзе арганізавана этнавечарынка.

А з 21:00 да 23:00 на пляцоўцы будзе гучаць электронная танцавальная музыка.

У асноўны дзень – 25 ліпеня – Вішнёвая каралева ўрачыста адкрые фестываль на беразе возера Кагальнае. Тут жа пройдуць гала-канцэрт, выстава-гасцінец, адкрыты конкурс баяністаў і акардэаністаў.

У скверы маладыx запланавана «Вішнёвае вяселле», а на цэнтральнай плошчы размесціцца гастранамічная выстава-конкурс, дзе жыхары горада прадставяць пірагі з вішняй. Тут жа будуць дзейнічаць экспазіцыя размаляваных дываноў і выстава-кірмаш работ народных майстроў «Вішнёвы базар».

У гэты ж дзень запланаваны разнастайныя квест-праграмы, забег смаўжоў, турніры па пляжным валейболе. Яшчэ можна будзе наведаць рамесны дворык, школу будучага фармацэўта, майстэрню «Малюем шэдэўры з вішнёвай ноткай» і шмат іншага.

Яркай кульмінацыяй фестывалю стане аўкцыён, на якім можна будзе купіць кавалачак ад пірага «Вішнёвай сталіцы». Ён пройдзе ў 21:00 на беразе возера Кагальнае. Завершаць свята выступленне кавер-групы, салют і дыскатэка.