З беларускіх шахматыстаў знялі ўсе санкцыі

Фото: Pavel Danilyuk, Pexels.com
Беларускія шахматысты і каманды змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах FIDE з нацыянальнай сімволікай, першыя буйныя турніры адбудуцца ў верасні.
Савет Міжнароднай федэрацыі шахмат (FIDE) зняў усе абмежаванні, накладзеныя на Беларускую федэрацыю шахмат.
«Савет FIDE прыняў рашэнне неадкладна адмяніць усе раней накладзеныя на Беларускую федэрацыю шахмат абмежаванні», – гаворыцца на сайце арганізацыі.
Нагадаем, у маі Міжнародны алімпійскі камітэт адмяніў рэкамендацыі аб абмежаванні ўдзелу беларускіх спартсменаў і каманд у міжнародных спаборніцтвах. Пасля гэтага рашэння шэраг міжнародных спартыўных федэрацый аб'явілі аб зняцці санкцый з беларусаў.
Цяпер і беларускія шахматысты і каманды будуць удзельнічаць у спаборніцтвах FIDE пад нацыянальным сцягам і з гімнам.
Першымі буйнымі турнірамі, на якіх змогуць выступіць беларусы, стануць шахматная Алімпіяда і шахматная Алімпіяда для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Спаборніцтвы пройдуць у верасні гэтага года ў Самаркандзе (Узбекістан).

