Зазірнулі за кулісы Вялікага – бутафорская капуста, ліфт на сцэну і іншыя сакрэты тэатра

Фото: Times.by
Якія месцы ў Вялікім тэатры самыя лепшыя, хто стварае дэкарацыі і касцюмы і чаму сцэна размешчана пад вуглом.
Дадаць у асноўныякрыніцы Google
Кожны тыдзень у тэатры праходзяць аглядныя экскурсіі «Унікальны свет закулісся Вялікага тэатра Беларусі».
Times.by згубіўся сярод гасцей і даведаўся шмат цікавага. Дзелімся з вамі падрабязнасцямі, праўда, не ўсімі (частку пакідаем за кадрам, каб вам было цікава пабываць самім).
Лепшыя месцы ў Вялікім
Тэатр, як заўсёды, пачынаецца з вешалкі: там гасцей сустрэў экскурсавод – спецыяліст арганізацыйна-творчага ўпраўлення тэатра Максім Лунёў.
«Акрамя таго, што мы адзіны тэатр оперы і балета ў Беларусі, мы таксама адзін з самых старых тэатраў краіны. Вялікаму – 93 гады. Цяпер ідзе 94-ы тэатральны сезон», – пачаў экскурсію для публікі, што сабралася, Максім.
Доўгі час трупа Вялікага тэатра мясцілася на сцэне Купалаўскага. А ў 1939 годзе артысты размясціліся ў сценах сучаснага будынка, які быў спецыяльна спраектаваны як Вялікі тэатр оперы і балета.
«Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, трупа выехала ў эвакуацыю. У гэты час у сценах тэатра арганізавалі стайню і склад каштоўнасцей, якія канфікавалі ў вязняў мінскага гета. Увосень 1944 года артысты вярнуліся ў Мінск», – расказаў Максім Лунёў.
Пасля вайны будынак тэатра рэканструявалі. У савецкія гады было два касметычныя рамонты. Чарговая маштабная рэканструкцыя прайшла з 2006 па 2009 гады. Тэатр зрабілі максімальна сучасным – па тэхнічных магчымасцях такіх сцэн, як у Вялікім, у Беларусі няма, а ў Еўропе – лічаныя адзінкі.
«Аб сцэне яшчэ пагаворым, але крыху пазней. А пакуль адправімся на прыгожы паверх. Менавіта так перакладаецца на рускую мову «бельэтаж», – запрасіў наш экскурсавод.
У Вялікім назва сябе апраўдвае: бельэтаж – гэта вялікая і прасторная зала з хрустальнымі люстрамі, белымі калонамі, ляпнінай з пазалотай і медальёнамі вядомых кампазітараў пад столлю. Аднак у гэтай зале надоўга не затрымліваемся і ідзём далей.
«На сённяшні дзень у нас працуе амаль 800 чалавек. Крыху больш за 400 з іх – гэта артысты. Працуе некалькі труп: опера, балет, хор, аркестр, міманс і дзіцячы музычны тэатр-студыя», – расказвае спецыяліст арганізацыйна-творчага ўпраўлення тэатра.
На пытанне, што такое міманс, Максім адказаў, што гэта артысты, якія на сцэне не танцуюць і не спяваюць. Напрыклад, у музычным спектаклі «Казка пра цара Салтана» па матывах аднайменнай казкі Аляксандра Пушкіна і оперы Мікалая Рымскага-Корсакава аповед ідзе ад імя паэта і кампазітара. Яны размаўляюць, затым пачынаецца работа над творам – іх якраз і іграюць артысты міманса.
«Цяпер мы з вамі апынуліся ў цэнтральнай ложы. Купіць сюды білеты немагчыма, як і ў ложу №1 па правым баку бельэтажа. Гэтыя дзве ложы заўсёды гатовы прыняць высокапастаўленых гасцей, дэлегацыі і г.д. Часам аб візіце могуць паведаміць у апошні момант», – адзначыў Максім Лунёў.
Самыя дарагія месцы на абсалютна ўсе спектаклі знаходзяцца ў ложы №2 на ўзроўні левага бельэтажа. Там могуць размясціцца ўсяго пяць чалавек. Аднак яны не лічацца лепшымі.
Дзе ж лепшыя месцы? Калі хочацца ва ўсёй прыгажосці раскрыць гучанне спектакля, то лепш размясціцца на апошнім радзе балкона. Першыя рады партэра для гэтай мэты зусім не падыходзяць. Аптымальным выбарам лічацца другая палова партэра, першыя рады бенуара і бельэтажа.
Адпраўляемся ў закуліссе
Усяго ў будынку 18 паверхаў: 7 тэхнічных размешчаны пад зямлёй, яшчэ 11 – над узроўнем зямлі. Гардэроб, дарэчы, не падземны паверх, а першы.
На восьмым паверсе гасцям экскурсіі паказалі, як ствараюцца дэкарацыі для сцэны. Спачатку мастак-пастаноўшчык адмалёўвае эскізы. На іх аснове ствараецца макет спектакля маштабам 1:20, праводзяцца ўсе змены дэкарацый, і калі савет яго зацвярджае, то дэкарацыі ствараюць у поўным памеры.
«Толькі што завяршылі дэкарацыі да новага балета «Каханне на сцэне. Шагал». Цяпер ідзе падрыхтоўка да другой прэм'еры сезона – у сярэдзіне снежня запланавана опера «Італьянка ў Алжыры». Вы можаце разгледзець жоўта-аранжавую падлогу, якая будзе паказваць пяскі Алжыра», – растлумачыў Максім.
Паверхам ніжэй размясціліся швейныя майстэрні. Тут ствараюцца жаночыя касцюмы для спектакляў. Мужчынскія швейныя цэхі ў будынку не ўмясціліся. Яны вынесены ў асобныя будынкі, размешчаныя па суседстве з тэатрам.
На адзін спектакль часам трэба пашыць некалькі соцень касцюмаў – ад 200 да 400. Самая вялікая колькасць касцюмаў – каля 600 – стваралася для балета «Спячая прыгажуня», дзе пры гэтым удзельнічаюць 140 артыстаў.
У касцюмерных захоўваецца каля 30 тыс. касцюмаў, у тым ліку абутку і галаўных убораў. Усё ствараецца рукамі супрацоўнікаў Вялікага тэатра, але часам прадметы касцюма могуць купляць у звычайных магазінах. Напрыклад, у оперы «Арлеанская дзева» дзеянне адбываецца ў сучасным французскім горадзе, таму для артыстаў купілі ўжо гатовае адзенне ў магазіне.
Спускаемся яшчэ ніжэй, але не ў залу, а ў аркестравую яму. Тут адначасова могуць размяшчацца да 100 музыкантаў. Аднак не для ўсіх спектакляў іграе поўны склад аркестра. У некаторых пастаноўках удзельнічаюць 30 музыкантў, а гастрольныя пастаноўкі і ўвогуле могуць ісці пад фанаграму.
Праходзім праз кулісы налева ад сцэны. Тут адкрываецца від на ўсе 596 квадратных метраў сцэнічнай пляцоўкі.
«Сцэна ідзе пад вуглом у 4%. Гэты пакат, як у нас яго называюць, патрэбны для таго, каб скачкі і рухі артыстаў з залы здаваліся больш яркімі, эфектнымі і цікавымі. Але, калі трэба, мы можам яе выраўнаваць – зрабіць плоскай. Гэта патрэбна для некалькіх нашых спектакляў і для тэатраў, якія прыязджаюць на гастролі. Ва ўсіх астатніх выпадках сцэна будзе размешчана пад вуглом», – кажа экскурсавод.
У сцэнічнай пляцоўкі таксама ёсць зменныя платформы. Яны называюцца фуры. Напрыклад, балетная фура – з амартызуючым эфектам, змяншае нагрузку на суставы артыстаў.
Ёсць і пляцоўка з паваротным кругам і кольцам. І круг, і кольца могуць рухацца як разам, так і паасобку, у розныя бакі, нават з рознай хуткасцю. Так круцяць дэкарацыі і мяняюць месца дзеяння пастаноўкі.
«Калі падняць позірк уверх, можна ўбачыць верхнюю механіку сцэны. Там размяшчаюцца штанкеты для мацавання дэкарацый, а яшчэ святло. Усяго ў нас 10 сафітаў, 5 соцень светлавых прыбораў, 8 светлавых вежаў. Уверсе таксама размяшчаюцца механізмы палёту, якія імітуюць снег, дождж і многія іншыя спецэфекты. Кіраванне адбываецца з дапамогай пульта ў процілеглай кулісе. Літаральна 2–3 клікі па экране і вуаля. На сцэне адбываецца магія», – апісвае Максім Лунёў.
У левай кішэні сцэны размяшчаецца частка рэквізіту, далей доўгі калідор з пакоямі-грымёрнымі. Каля дзвярэй ёсць спецыяльныя канструкцыі, дзе касцюмеры пакідаюць падрыхтаваныя ўборы для артыстаў.
Наступны прыпынак – пакой бутафораў. Менавіта гэтыя спецыялісты ствараюць рэквізіты для пастановак. Напрыклад, квашаная капуста са спектакля «Царская нявеста» – гэта тонка нарэзаны паралон. З залы яго не адрозніш ад сапраўднай.
Рэальнай ежы на сцэне не бывае – за рэдкім выключэннем, як напрыклад, яблыкі ў пастаноўцы «Балеро», багет, паштэт і бананы ў «Багеме».
Сем паверхаў пад зямлёй
Пад канец экскурсавод накіроўвае групу пад сцэну на адзін з тэхнічных паверхаў.
«Тут размяшчаецца ніжняя механіка нашай сцэнічнай пляцоўкі: усталяваны платформы, якія знаходзяцца на сямі падземных тэхнічных паверхах. Іх выкапалі падчас апошняй рэканструкцыі», – расказаў Максім.
Такія ж сцэнічныя комплексы нямецкай вытворчасці ўстаноўлены ў Берлінскай оперы, Каралеўскім тэатры Ковент-Гардэн у Лондане, Марыінскім тэатры, «Астана Опера» і многіх іншых пляцоўках.
«Рухаецца канструкцыя абсалютна бясшумна, – пераканаўча адзначыў экскурсавод. – Плошча сцэны 15 на 16 метраў падзелена на пад'ёмна-апускныя пляцоўкі. 28 квадратных платформ, 3 на 3,2 метра кожная, і 21 платформа на ўсю шырыню сцэны. Кожная з гэтых пляцовак можа як падымацца на 4,5 метра над узроўнем сцэны, так і апускацца на 3,5 метра ніжэй за яе ўзровень. Дзякуючы гэтаму на сцэне ствараецца вельмі разнастайная архітэктура».
Пры гэтым у кожнай верхняй платформе ў цэнтры ёсць люкі правалаў, дзякуючы якім артысты нечакана на сцэне з'яўляюцца або знікаюць. Як гэта працуе? Спачатку ніжняя пляцоўка апускаецца да ўзроўню падлогі, на яе закочваецца спецыяльная кабінка. Яна фіксуецца, артыст заходзіць у яе, і драўляная платформа падымае яго наверх. Або наадварот, ён стаіць наверсе і платформа апускае яго ўніз.
Тэатр арганізаваны як маленькі горад – тут ёсць сталовая, бар, кругласутачна дзяжураць пажарныя, а яшчэ свой медпункт, траўматолаг і масажыст. Усё расказаць проста немагчыма – лепш убачыць уласнымі вачыма.
Аглядная экскурсія «Унікальны свет закулісся Вялікага тэатра Беларусі» праводзіцца з верасня да сярэдзіны ліпеня з аўторка па суботу. Працягласць – 1,5 гадзіны. Пазнаёміцца з актуальным раскладам можна на сайце тэатра.

































































































