ЖКГ: кветкі каля пад’езда саджаць можна, бульбу – не

Фото: Stacy, Unsplash
Камунальнікі заявілі, што проста так за кветкі каля пад’езда ніхто нікога штрафаваць не будзе.
Грамадзянам, якія жадаюць упарадкаваць тэрыторыю каля пад’езда і пасадзіць, напрыклад, кветкі, лепш узгадніць работы з камунальнікамі, паведамілі ў аб’яднанні «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка».
У арганізацыі пракаментавалі інфармацыю, якая распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках, пра тое, што жыхары шматкватэрных дамоў могуць атрымаць штраф за ўладкаванне клумбы пад вокнамі.
«Уладкаваныя палісаднікі сапраўды ствараюць дадатковую ўтульнасць у двары. І камунальныя службы падтрымліваюць жаданне жыхароў зрабіць прыдамавую тэрыторыю дагледжанай і камфортнай. Але для таго, каб ініцыятыва не абярнулася непрыемнасцямі, лепш дзейнічаць па правілах», – сказалі ў аб’яднанні.
Там таксама ўдакладнілі, што пад газонам нярэдка праходзяць інжынерныя сеткі, і калі іх трэба будзе рамантаваць, камунальным службам давядзецца раскапаць зямлю, а значыць, клумба пацерпіць. Таму спецыялісты ЖКГ могуць падказаць, дзе саджаць кветкі можна, а дзе не варта.
Што са штрафам?
У арганізацыі адзначылі, што тэрыторыі пад вокнамі шматкватэрных дамоў прызначаны для эксплуатацыі жыллёвага фонду, але камунальнікі не супраць ініцыятыў жыхароў па іх упарадкаванні.
«У кожным канкрэтным выпадку можна знайсці кампраміс. Паўтараем: проста так за клумбу ніхто не пакарае», – удакладнілі ў аб’яднанні.
Калі вы вырашылі ўладкаваць клумбу, трэба звярнуцца ў арганізацыю ЖКГ па месцы жыхарства. Лепш узяць з сабой прыблізную схему пасадкі. Спецыялісты агледзяць участак, правераць наяўнасць камунікацый і ўзгодняць работы.
Пры гэтым ёсць некаторыя нюансы. Даглядаць расліны давядзецца таму, хто іх пасадзіў. Акрамя таго, не дапускаецца размяшчаць на клумбах «арт-аб’екты» з шын або пластыкавых бутэлек, а таксама высаджваць інвазіўныя расліны і агародніну.

