Адсвяткаваць – справа простая, хлопцы дарослыя: трэнеры БАТЭ і «Дынама» падвялі вынікі фіналу

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Аляксандр Шагойка панаракаў на тое, што яго каманда перастала гуляць у свой футбол, Уладзімір Нявінскі адзначыў камандны дух і цярпенне.

Барысаўскі БАТЭ ў фінале Кубка Беларусі абгуляў мінскае «Дынама». Асноўны і дадатковы час скончыўся з лікам 1:1, у серыі пасляматчавых 11-метровых удараў больш дакладнымі былі барысаўчане – 8:7.

Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Аляксандр Шагойка сказаў, што яго каманда магла не забяспечыць патрэбны вынік у асноўны час: «На жаль, прайгралі ў серыі пенальці, але маглі не даводзіць да гэтага. Дрэнна або добра мы гулялі – гэта рытарычнае пытанне. Цяпер абмяркоўваць не бачу сэнсу. Мы мелі дастаткова магчымасцей забіць другі мяч. Але прапусцілі».

Пасля трайной замены БАТЭ прыбавіў і як быццам перахапіў ініцыятыву. Але Шагойка акцэнтаваў увагу на іншым: «Ініцыятыва – паняцце ўмоўнае. Сапернікі аказвалі націск на нашу лінію абароны пры пачатку і развіцці нашай атакі. Крыху больш свежыя ігракі адкрываліся больш за спіну. Гэта стварыла некаторыя праблемы. Але не сказаў бы, што сапернік перахапіў ініцыятыву. Згодны, што сталі крыху больш ціснуць. Але гэта быў нядоўгі час. Мяне больш хвалюе той момант, што мы перасталі гуляць з мячом, гэта значыць зваліліся на сустрэчную гульню».

Пасля матчу на прэс-канферэнцыі ў БАТЭ прамову гаварыў трэнер Уладзімір Нявінскі.

«Кубак – наш. Думаю, што прынеслі вялікую радасць усім заўзятарам, якія прыехалі за нас пабалець. Вялікі ім дзякуй», – лаканічна пачаў Нявінскі.

Заўсёды цікава, як каманда будзе святкаваць выйграны трафей.

«Адсвяткуем. Гэта справа простая. Хлопцы дарослыя, разбяромся. Самае галоўнае, што выйгралі», – усміхнуўся трэнер.

Нявінскі таксама назваў галоўныя фактары, якія дапамаглі БАТЭ выйграць: «Характар, цярпенне, жаданне перамагчы, камандны дух. Калі цяжка, можаш адпрацаваць за сябе, за партнёра».

Разам з Кубкам БАТЭ атрымаў права згуляць у еўракубку. Ці гатова каманда да старту ў кваліфікацыйных раўндах Лігі канферэнцый?

«Паглядзім. Кваліфікацыя будзе пазней. Пакуль нам трэба паправіць справы ў чэмпіянаце», – адказаў Нявінскі.