Аповесці Васіля Быкава перавыдадуць на в’етнамскай мове

Фото: Hộp sách
Новы творчы праект ужо анансавала Пасольства Рэспублікі Беларусь у Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам.
Новае выданне аповесцяў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў бліжэйшы час пабачыць свет у В’етнаме. Пад адной вокладкай да чытача прыйдуць дзве аповесці класіка беларускай літаратуры – «Альпійская балада» і «Дажыць да світання». Гэта другое в’етнамскае выданне зборніка.
Упершыню кніга пабачыла свет у Ханоі ў 1983 годзе. Наклад яе склаў 10 тысяч 200 экзэмпляраў.
Мяркуецца, што кніга выйдзе ў маі – чэрвені – якраз напярэдадні дня нараджэння Васіля Уладзіміравіча Быкава. 19 чэрвеня пісьменніку споўнілася б 92 гады.
«Мы ўдзячны в’етнамскім літаратарам за развіццё, пашырэнне стасункаў з Беларуссю літаратурнай, – каменціруе падзею саветнік-пасланнік беларускай дыпламатычнай місіі ў В’етнаме Алег Шлома. – Я нядаўна сустракаўся з перакладчыкам Васіля Быкава паважаным Ву Тхе Кхоем. Ён – заслужаны настаўнік Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам, член Саюза пісьменнікаў В’етнама і Саюза перакладчыкаў В’етнама, адзін са старэйшых в’етнамскіх русістаў. Спадзяюся, што ў гэтага творчага і выдавецкага праекта будзе працяг».

