Арт-прастора «Музей імя Ван Гога» адкрылася ў Мінску

Фото: Павел Орловский, Times.by
Ці ёсць тут арыгіналы работ знакамітага мастака і што можна паглядзець, разбіраўся карэспандэнт Times.by.
Арт-прастора «Музей імя Ван Гога» адкрылася ў Мінску. Нестандартная пляцоўка абяцае стаць галоўным месцам прыцяжэння аматараў мастацтва.
Times.by не змог прайсці міма, разгледзеў экспазіцыю з усіх бакоў і адказвае на самыя частыя пытанні, якія задаюць арганізатарам.
А гэта праўда музей?
У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры няма канкрэтнай лічбы экспанатаў, якая патрабуецца для адкрыцця музея. Але, напрыклад, каб атрымаць афіцыйны статус музея школы або ВНУ, неабходна мець не менш за 100 прадметаў асноўнага фонду. У адваротным выпадку гэта будзе толькі толькі «музейны пакой».
Дакладная колькасць экспанатаў у арт-прасторы невядомая: акрамя карцін на стэндах тут размясціліся дзясяткі кніжных выданняў, палічыць якія нам не хапіла цярпення.
Але ўсё ж такі робім выснову, што гэта не музей, а аматарская версія, якую можна назваць домам у стылі работ сусветна вядомага мастака або творчай прасторай.
Ці ёсць тут арыгінальныя палотны?
Не. Аднак на сценах сярод аблічбаваных карцін (фота арыгіналаў, надрукаваных на палатне) і аматарскіх копій ёсць рэплікі. На карцінах паўтараюцца не толькі фарбы і мазкі, але і подпіс мастака, як у арыгінале.
Астатнія – гэта палотны, натхнёныя творчасцю мастака. Пры гэтым на карцінах няма імёнаў рэальных аўтараў работ.
Вінсент Ван Гог пачаў маляваць у 27 гадоў і за 10 гадоў напісаў каля 900 карцін і больш за 1000 малюнкаў і эскізаў. У арт-прасторы размясціліся яго найбольш вядомыя палотны: аўтапартрэты, зорныя ночы, касачы, сланечнікі.
Чаму менавіта Ван Гог?
У ідэйнага натхняльніка прасторы, мастака Юрыя Космаса, ёсць 64 варыянты адказу на гэта пытанне. Самы відавочны: вельмі імпануе творчасць імпрэсіяніста. Яго калекцыю рэдкіх мастацкіх выданняў, прысвечаных пераважна Ван Гогу, можна паглядзець у прасторы і пачытаць за кубкам кавы.
Наогул, у арт-хабе можна не толькі пазнаёміцца з карцінамі мастака, але і даведацца гісторыю яго жыцця. У гэтым дапамогуць куратарскія экскурсіі, якія з'явяцца ў прасторы з 19 ліпеня.
Дзе гэта знаходзіцца?
Арт-прастора «Музей імя Ван Гога» размясцілася на вул. Куйбышава, 45, – калісьці тут была звычайная пральня. Цяпер гэта месца не пазнаць: ад былога інтэр'ера засталася толькі арыгінальная цэгла.

























































