Беларускія класікі загаварылі на мовах Садружнасці

Фото: Выдавецтва «Беларусь»
Выданне шматмоўных паэтычных зборнікаў стала традыцыяй для беларускіх кнігавыдаўцоў.
«Хто мы такія?/ Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс./ Нашто ж на зямлі/ Сваркі і звадкі, боль і горыч,/ Калі ўсе мы разам ляцім/ Да зор?» – гэтыя радкі Максіма Багдановіча даўно сталі любімымі для кожнага, хто шануе родную беларускую мову, хто атрымлівае асалоду ад чытання паэтычных твораў па-беларуску.
У кнігу «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў», акрамя неўміручых радкоў аўтара «Вянка», увайшлі і вершы народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы («Я люблю» з легендарнага цыкла «Санеты») і Якуба Коласа («Родныя вобразы»). Кожны з класічных твораў, акрамя як на роднай, пададзены на дзевяці мовах народаў СНД – азербайджанскай, армянскай, казахскай, кыргызскай, малдаўскай, рускай, таджыкскай, туркменскай, узбекскай.

Фото: Выдавецтва «Беларусь»
Тэкставую частку кнігі дапаўняюць рэпрадукцыі з карцін, партрэтаў, прысвечаных паэтам-класікам. Іх аўтары – народныя мастакі Беларусі Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі, жывапісцы Анатоль Наліваеў, Зянон Паўлоўскі, Юрый Хілько, Раіса Кудрэвіч, Уладзімір Кожух, народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі. Сустрэчы з вершамі класікаў і іх выявамі ствараюць эмацыянальнае яднанне, падштурхоўваюць да асэнсавання велічы творцаў і іх злучанасці з народам і падзеямі, якімі было напоўнена XX стагоддзе.
Сярод перакладчыкаў паэтычных радкоў Купалы, Коласа, Багдановіча – азербайджанская пісьменніца Флора Наджы, армянскі літаратар Сусана Казаран, казахскі мастак слова Саят Камшыгер, туркменскія рупліўцы Чэмен Анабердыева, Джумагельды Мулкіеў, рускія паэты Максім Замшаў, Юрый Шчарбакоў, Аляксей Арцёмаў.

Фото: Выдавецтва «Беларусь»
Раней беларускія кнігавыдаўцы падрыхтавалi да друку анталогіі «А хто там ідзе?» на мовах свету» Янкі Купалы, «Францыск Скарына на мовах народаў свету», а таксама кніга «Санетаў» Янкі Купалы ў пераўвасабленні на розныя мовы.

