Пра зямное і ўзвышанае: пабачыў свет мастацкі альбом Валянціна Губарава

Валентин Губарев. Фото: Times.by
Альбомы па выяўленчым мастацтве на беларускім кніжным рынку – з’ява не такая ўжо і частая, асабліва ў апошні час.
У беларускім Саюзе мастакоў, а членства ў ім, пэўна, першая характарыстыка прафесійнасці, – крыху болей за тысячу чалавек. Жывапісцы, скульптары, графікі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мастакі кіно і тэатра... А колькі за апошнія пяць-шэсць гадоў выдадзена альбомаў, прысвечаных творчасці асобных мастакоў? Можа быць, з улікам таго, што пабачыла свет у дзяржаўных і прыватных выдавецтвах, 50–100. Будзьце ўпэўнены, што не набярэцца і дзясятак такіх выданняў, якія былі б прысвечаны не толькі сучаснікам, але і тым яркім мастакам, якія ўжо пайшлі ў іншы свет. І гэта прытым, што кожны год, як сведчыць Нацыянальная кніжная палата Беларусі, у краіне выходзіць ад 8 тысяч і болей назваў кніг і брашур.
Назаву найперш тых, каго ўжо няма на гэтым свеце, – не знайсці ў кнігарнях альбомаў, прысвечаных творчасці Міколы Селешчука, Уладзіміра Акулава, Анатоля Бараноўскага, Уладзіміра Шкарубы (можна хіба што згадаць альбом 2007 года), Пятра Явіча, Міхася Сеўрука, Барыса Аракчэева...
Аднаму мастаку, нашаму сучасніку, карціны якога купляюць ва ўсім свеце, найперш у Францыі, пашчасціла. Пабачыў свет мастацкі альбом «Валянцін Губараў». Тыраж – 3 тысячы экзэмпляраў.

Валентин Губарев. Фото: Times.by
У выданні на 224 старонках разам сабраны рэпрадукцыі каля 150 прац жывапісца. Невялікае мастацтвазнаўчае эсэ пра мастака і подпісы да карцін пададзены на рускай, англійскай і кітайскай мовах.
Валянцін Губараў ужо даўно заняў сваё трывалае месца ў шэрагу цікавейшых творцаў сучаснасці. Музеі, галерэі і прыватныя калекцыянеры лічаць за гонар мець у сваіх зборах працы яркага, таленавітага жывапісца.

Фото: Times.by
Нарыс да новага альбома «Валянцін Губараў» напiсала мастацтвазнаўца Наталля Шаранговiч.
Наталля Шаранговiч
Персанажы Губарава – простыя людзі, якія «не чыталі Гегеля і Канта»
Адкуль усё гэта прыходзіць: прыцягненне колеру, захопленасць сюжэтам, спроба зазірнуць у нейкую недамоўленасць на палатне? Як утвараецца нябачная, але трывалая вялікай сілы повязь гледача, таго, хто імкнецца «прачытаць» і мастака, аўтара карціны?

Валентин Губарев «Муза спит», 2024. Фото: Издательство «Беларусь»
Узіраюся ў карціны, разважаю над словамі пра «побытавую рамантыку» – і не пагаджаюся. Не веру, што гэтак усё проста.
Мастак успомніў пра дзіцячыя і юнацкія ўражанні ад даўно, здавалася б, забытага жыцця. І ўявіў сюжэты, знаёмыя і хлопчыку, які сядзіць ля акна ў гарадской кватэры («Снегапад»), і святару, які задумліва перабірае вёслы і імкнецца праз раку патрапіць у царкву на другім беразе («У святую мясціну») – і перадаў сваімі фарбамі ўсе гэтыя ўспаміны гледачу. Не, не так усё проста, а шмат, істотна складаней. Верагодна, за ўсімі гэтымі няхай сабе і прыцягальнымі выявамі з неверагоднай сілай ідзе праца думкі як руху з мінулага ў сапраўднае. І гэта дапаўняе нашы зрокавыя ўражанні, уцягвае ў вір думак і асацыяцый.
Вечная задача вялікага мастацтва: арганізаваць час і прастору, паказаць іх адзінства і наадварот – адлюстраваць іх неадпаведнасць. Так, без перажыванняў не абысціся. І «эпіграф» у мастака да «Снегападу» наступны: «Канцэптуальнае мастацтва выклікае здзіўленне, абстрактнае – падштурхоўвае да эстэтычных перажыванняў. А для мяне найважней – душэўныя».

Валентин Губарев «Жизнь в окне», 2023. Фото: Издательство «Беларусь»
Матэрыя, якую мастак выбірае для адлюстравання прасторы і часу, носіць універсальны характар. Сваё пасланне сучаснікам і, канешне ж, будучым будаўнікам нашага светаўладкавання мастак выпісвае на матэрыяле, сюжэтах зразумелага нам жыцця. Але зразумелага толькі ў частцы знешняй. Героі прац «На раёне», «І Вас таксама!», «Сад», «Сціплая прывабнасць неразвітога сацыялізму», «Усё будзе добра», «Пятровіч і Сусвет», «Вербніца» і іншых твораў Валянціна Губарава – гэта мы самі, нашы бацькі, нашы дзеці, нашы суседзі.
І справа тут не толькі ў тым, каб прыняць гэты свет і пагадзіцца з тым, што вось, маўляў, рэчаіснасць менавіта такая, якой бачыць яе мастак. Справа ў іншым – як прайсці праз іронію, як прасунуцца да новых вяршынь чалавечага пазнання і пры гэтым не разбурыць створаную аўтарам светабудову.

Валентин Губарев «За дам!», 2025. Фото: Издательство «Беларусь»
Пазнаёміўшыся з працамі Валянціна Губарава, перагарніце старонкі «Мёртвых душ» Мікалая Васільевіча Гогаля, а можаце зазірнуць у нягаснучы сваімі сэнсамі раман Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта»… Ці пачытайце раман Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя». Гогаль ставіўся да сваёй «паэмы» як да «святога запавету паэта», праз словы, дзе суседнічалі іронія і смех, жадаў адкрыць чытачу лёсы Расіі і ўсяго свету. Валянцін Губараў запрашае нас у «Сціплую зачараванасць правінцыі» ці ў «Салодкае жыццё» і «Адведкі» праз смех, праз гратэск, пераконвае ў неабходнасці прыўзняцца над недарэчнасцямі і неверагоднасцямі.

Валентин Губарев «Незнакомка», 2023. Фото: Издательство «Беларусь»
«У творчасці я абапіраюся на жыццё, якое вакол мяне, але сваю ўвагу канцэнтрую на яго светлых баках», – гаворыць сам мастак.
І яшчэ ад Валянціна Губарава: «Мне важна, каб, пазіраючы на мае карціны, глядач не проста фіксаваў, а з радасцю пазнаваў тое, што ён амаль забыў…»

Валентин Губарев «Один дома», 2007. Фото: Издательство «Беларусь»

Валентин Губарев «На районе», 2022. Фото: Издательство «Беларусь»
Відавочнае жаданне абхапіць шырокі свет («Пра зямное і ўзвышанае», «Толькі наперад!», «Ванільнае лета», «Чырвоная ружа – сімвал кахання», «Сцяна», «Піраміда», «Які прыгожы гэты свет!», «Старая Лошыца», «Усё магчыма!», «Арэлі») – гэта бясконцая дарога па жыцці. Без абмежаванняў і дарожных знакаў, якія даволі часта клапатліва спыняюць нашы крокі і нават нашы думкі.
Ёсць у творах Валянціна Губарава, які імкнецца падкрэсліваць і ўсяляк дэкларыраваць сваю повязь з паўсядзённай рэчаіснасцю, усё ж такі нешта фантастычнае, тое, што кліча ў іншы, не зразумелы і не раскрыты звычайным чалавекам свет.

Валентин Губарев «О земном и возвышенном», 2015. Фото: Издательство «Беларусь»
«Я пішу свае карціны зусім безадказна. Не думаючы пра гледача, выстаўкі і ганарары. Але менавіта гэты «метад» і аказваецца самым магутным звяном да прыняцця гледачом маіх твораў», – гаворыць Губараў.
«Безадказнасць» мастака нараджае свабоду, якая ўцягвае гледача ў варонку, напоўненую дзеяннем. І як вынік – карціны прымушаюць адпраўляцца ў пошук адказу на пытанні, якія не раскрые ніводзін мастацтвазнаўца. Відаць, і глядач самастойна наўрад ці паспее за сваё кароткае жыццё знайсці адказы на пытанні, якія трывожна пагрукваюць у нашай свядомасці. Ніхто не ведае… Але галоўнае мастаком, вялікім майстрам сучаснасці дасягнута – глядач ставіць перад сабою пытанні, глядач настойліва імкнецца знайсці адказы.

Валентин Губарев «Стена», 2011. Фото: Издательство «Беларусь»
Валянцін Губараў

Валентин Губарев «СССР», 2021. Фото: Издательство «Беларусь»
Выстаўкі Губарава праходзяць не толькі ў Беларусі, але і ў Францыі. Французская галерэя, назва якой па-беларуску гучыць як «Сланечнік» (Les Tournesols), болей як тры дзесяцігоддзі таму заключыла з беларускім мастаком эксклюзіўны кантракт.
Карціны беларускага мастака знаходзяцца ў музеях ЗША, Швейцарыі, Германіі, а таксама ў прыватных зборах калекцыянераў Расіі, Англіі, Ізраіля, Японіі, Іспаніі і іншых краін свету.

Мастерская Валентина Губарева. Фото: Издательство «Беларусь»
Можа быць, увага да альбома мастака Валянціна Губарава справакуе і шырэйшую цікавасць увогуле да творчасці беларускіх мастакоў-сучаснікаў? Будзем на гэта спадзявацца!

