«Белавія» аднаўляе рэгулярныя рэйсы з Мінска на Пхукет

Абноўлена:
Пхукет

Фото: Sumit Chinchane, Unsplash

Першыя вылеты на папулярны курортны востраў у Андаманскім моры запланаваны на канец кастрычніка.

Беларуская авіякампанія «Белавія» з кастрычніка аднаўляе рэгулярныя авіязносіны паміж Мінскам і тайскім курортам Пхукет, паведамілі ў прэс-службе перавозчыка.

Першыя рэйсы запланаваны на 21 і 23 кастрычніка (Мінск – Пхукет), адваротныя – з 30 кастрычніка.

З 29 кастрычніка яны будуць выконвацца два разы ў тыдзень: туды – па чацвяргах і нядзелях, назад – па пятніцах і панядзелках.

Цана пералёту стартуе ад BYN 1731 у адзін бок, туды-назад – ад BYN 3057 па тарыфе «Лайт». Білеты можна набыць на сайце авіякампаніі, у офісах продажаў і ў агентаў.

Раней Times.by пісаў, што рэйсы з Мінска на Шры-Ланку перанясуць у Каломба. З кастрычніка палёты на востраў у Індыйскім акіяне будуць выконвацца ў рэгулярным фармаце.