Чырвоную кнігу абнавілі ў Беларусі – новае выданне папоўнілася 55 відамі жывёл і раслін

Обыкновенная горлица. © HeungSoon, Pixabay.com

Обыкновенная горлица. © HeungSoon, Pixabay.com

У новай рэдакцыі Чырвонай кнігі – больш за 500 прадстаўнікоў флоры і фаўны, з 1981 года іх колькасць вырасла амаль у тры разы.

Абноўленае выданне Чырвонай кнігі прадставілі ў Беларусі, паведамілі ў эфіры тэлеканала СТБ.

Першае выданне Чырвонай кнігі Беларусі выйшла ў 1981 годзе і ўключала 85 відаў дзікіх раслін і 80 відаў дзікіх жывёл. Цяперашняе выданне – пятае. Новая рэдакцыя папоўнілася 23 відамі дзікіх жывёл і 32 відамі раслін, выключана 38 (13 відаў жывёл і 25 відаў раслін). У краіне пад аховай, такім чынам, знаходзіцца 213 прадстаўнікоў фаўны і 310 – флоры.

Загадчык сектара маніторынгу і кадастру жывёльнага свету Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Дзмітрый Жураўлёў расказаў, што ў новай рэдакцыі выдання, у прыватнасці, пашыраны пералік рэдкіх відаў птушак.

«Трапілі два віды – звычайная туркаўка і касманогі сыч», – адзначыў Дзмітрый Жураўлёў.

Ён дадаў, што сыч ужо быў у Чырвонай кнізе, але потым яго выключылі. «Быў перыяд да вялікіх бураломаў і караеда, які захліснуў Беларусь апошняе дзесяцігоддзе. Гэты від практычна знік, не адзначаўся на ўліках, і яго ўнеслі ў Чырвоную кнігу», – удакладніў ён.

У эфіры тэлеканала асабліва адзначылі, што крытэрыі, па якіх від трапляе ў Чырвоную кнігу, строгія:

• першае – гэта змяншэнне колькасці; • другое – міжнародная ахова, калі від становіцца рэдкасцю ў бліжэйшых суседзяў; • трэцяе – уразлівасць біятопу, калі пад пагрозай не сам від, а месца яго пражывання.

Раней Times.by пісаў пра Чорную кнігу Беларусі: вучоныя расказалі, якія дзікія жывёлы ўнесены туды і чаму іх колькасць трэба рэгуляваць.