Двухсотгадовы слуцкі пояс з’явіўся ў Нацыянальным мастацкім музеі

Слуцкий пояс. Скриншот видео ОНТ
Артэфакт даўжынёй больш за чатыры метры куплены ў прыватнай асобы за кругленькую суму.
Нацыянальны мастацкі музей набыў цэлы слуцкі пояс, паведамілі ў эфіры тэлеканала АНТ.
Даўжыня рэліквіі складае 4 м 60 см. Хто быў уладальнікам рарытэта, не афішыруецца, аднак вядома, што ў здзелцы фігуравала пяць нулёў.
Пояс быў сатканы ў 1807 годзе ў Слуцкай мануфактуры. Як расказалі ў музеі, ён уяўляе сабой адзін з лепшых узораў свайго часу.
«Цэлы чатырохбаковы слуцкі пояс з такім інтэнсіўным, актыўным дабаўленнем залатных нітак. Ён увесь ззяе, пераліваецца пры патрэбным асвятленні. У яго ёсць свае сапраўдныя, аўтэнтычныя махры, што вялікая рэдкасць, таму што ў цэлага пояса, які ў нас ёсць перыяду Яна Маджарскага [майстар, які стаяў ля вытокаў стварэння фабрыкі па вытворчасці слуцкіх паясоў. – Times.by], гэтых махроў няма, у яго познія прышытыя шаўковыя махры», – растлумачыла загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алена Карпенка.
У бліжэйшы час скарб нацыі будзе выстаўлены напаказ для шырокай аўдыторыі.
Паводле слоў гендырэктара галоўнай арт-прасторы краіны Ірыны Мацяс, у перспектыве музей прадставіць і іншыя ўнікальныя экспанаты. Адзін з такіх – урэцкае люстэрка.
«Набываюцца [экспанаты] і за кошт уласных сродкаў Нацыянальнага мастацкага музея, камерцыйныя структуры часам дапамагаюць набыць. Часам дораць музею і мастакі самі, і наведвальнікі, якія хочуць пакінуць памяць пра сябе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Але вялікую ролю ў гэтым адыгрывае дзяржава, таму што пры яе падтрымцы мы можам набыць менавіта буйнога маштабу, нацыянальнага значэння прадметы», – паведаміла яна.
Таксама чытайце на Times.by аб унікальнай тэхніцы ткацтва XVII стагоддзя, якую адрадзілі ў Гарадку.

