Дырыжор, якi выканаў сiмфонiю Шастаковiча ў блакадным Ленінградзе, нарадзіўся у Мінску

Карл Элиасберг и Большой симфонический оркестр Ленинградского радиокомитета во время репетиции Седьмой симфонии, август 1942 года. Фото: Музыкальная библиотека Санкт-Петербургской филармонии
Калі ў наступным годзе Санкт-Пецярбург будзе адзначаць 120-годдзе з дня нараджэння дырыжора Карла Эліясберга, згадаюць і тое, што нарадзіўся ён у Мінску.
Дадаць у асноўныякрыніцы Google
Што такога было ў лёсе савецкага музыканта, пра якога знятыя як мінімум два мастацкія фільмы – «Ленінградская сімфонія» (1957) Захара Аграненкі і «Сёмая сімфонія» (2021) Аляксандра Кота, дзе Эліясберга iграе Аляксей Гуськоў?
Ёсць яшчэ і цэлы раман пра нашага земляка: аб выкананні ў 1942 годзе аркестрам Ленінградскага радыё Сімфоніі №7 Дзмітрыя Шастаковіча расказваецца ў кнізе новазеландскай пісьменніцы Сары Куілі «Дырыжор». Раман надрукаваны ў 2011 годзе. Кніга на працягу 20 тыдняў была ў топе продажаў на першым месцы.
Сёмая сімфонія i незвычайны аркестр
Галоўным дырыжорам Вялікага сімфанічнага аркестра Ленінградскага радыёкамітэта Карл Эліясберг стаў у 1937 годзе. Гэта незвычайны аркестр. Сёння ён называецца Акадэмічны сімфанічны аркестр Санкт-Пецярбургскай філармоніі. У розныя гады яго галоўнымі дырыжорамі былі народны артыст СССР Арвід Янсанс, лаўрэат дзвюх Дзяржаўных прэмій СССР, народны артыст СССР Юрый Цемірканаў, народны артыст СССР Аляксандр Дзмітрыеў.
Менавіта гэтаму аркестру выпаў лёс выканаць вялікую Сёмую сімфонію Шастаковіча ў блакадным Ленінградзе.
Маштаб таленту асобы кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча ў гісторыі савецкай музычнай культуры велізарны. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны кампазітар быў ужо аўтарам шасці сімфоній і цэлага шэрага іншых музычных твораў.
Дарэчы, карэннямі сваімі кампазітар – наш зямляк: прадзед яго па бацькоўскай лініі нарадзіўся ў мястэчку Шэметава сучаснага Мядзельскага раёна i быў ветэрынарным ўрачом.
Увесь боль, усе перажыванні Дзмітрыя Шастаковіча, яго пакуты і яго развагі пра сутыкненні светлага жыцця, светлых чалавечых памкненняў са злом, з фашысцкай нечысцю – усё гэта адлюстравалася ў новым творы.

Дмитрий Шостакович. Фото: Л. Доренский, Главархив Москвы
Прэм’ера Сёмай сімфоніі, якую пазней Ганна Ахматава назаве Ленінградскай, адбылася 5 сакавіка 1942 года ў Куйбышаве (сённяшняя Самара). Выконваў яе аркестр Дзяржаўнага Акадэмічнага Вялікага тэатра СССР пад кіраўніцтвам дырыжора Самуіла Самасуда, трансліравалі праз радыёстанцыі не толькі на тэрыторыю Савецкага Саюза, але і за мяжу. 29 сакавіка сімфонію выканалі ў Маскве. Пасля ў Новасібірску – там у эвакуацыі знаходзіўся аркестр Ленінградскай філармоніі пад кіраўніцтвам Яўгена Мравінскага.
Партытуру твора, які ўжо станавіўся легендарным, сфатаграфавалі на мікраплёнку і растыражыравалі, перадалі ў краіны саюзнікаў. 22 чэрвеня 1942 года сімфонію выканаў Лонданскі сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам 83-гадовага Генры Вуда. У Нью-Ёрку разгарэлася спрэчка за права быць першым выканаўцам. Умяшаўся Шастаковіч – аддаў перавагу чалавеку, які пакінуў Iталію з-за нежадання супрацоўнічаць з фашыстамі яшчэ ў 1929 годзе. Артура Тасканіні, па перакананні Шастаковіча, здольны быў лепей зразумець аўтара музыкі.
Выкананне сімфоніі па радыё – маскоўскую прэм’еру – слухалі і ў блакадным Ленінградзе. Слухаў і калектыў аркестра Ленінградскага радыё. Усяго 15 чалавек, тыя музыканты, якія выжылі ў першую халодную і галодную зіму. Сімфонія дала штуршок да фактычнага адраджэння аркестра.

Па радыё далі абвестку: «Просьба да ўсіх музыкантаў Ленінграда з’явіцца ў радыёкамітэт». Пачаўся збор аркестра, што само па сабе, улічваючы стан, фізічную нямогласць людзей і тое, што шмат хто з вядомых музыкантаў знаходзіўся на фронце, з’яўляецца подзвігам. Усiх ўзвышала жаданне выканаць Сёмую сімфонію ў блакадным, акружаным ворагам горадзе.
Хто такi Карл Эліясберг
Будучы дырыжор нарадзіўся ў Мінску 28 мая (10 чэрвеня) 1907 года. Бацька працаваў бухгалтарам. Маці была хатняй гаспадыняй. У 1911 годзе сям’я пераехала ва Украіну, у Елісаветград (у савецкiя гады называўся Зіноўеўск, Кірава, Кіраваград; зараз – Крапіўніцкі).
У шэсць гадоў хлопчык пачаў навучанне музыцы. У 1916-м паступіў у гімназію. Звесткі пра юначыя гады і сям’ю Эліясбергаў крыху супярэчлівыя. У аўтабіяграфіі, складзенай у 1955 годзе, Карл Ільіч піша, што пасля смерці бацькі ён разам з маці пераехаў у Ленінград. У Анкеце студэнта ў 1924 годзе ён пісаў, што маці жыве ў Мінску, беспрацоўная. У «Кароткім летапісе жыцця і творчай дзейнасці К.І. Эліясберга» даследчык В. Казлоў піша, што маці пераехала да сына не раней за 1924 год.

Карл Элиасберг. Фото: Архив Санкт-Петербургской филармонии им. Д.Д. Шостаковича
Ленінградскую кансерваторыю Карл закончыў у 1929 годзе, аддаўшы вучобе сем гадоў. За гэты час музыкант прайшоў клас скрыпкі ў прафесара Сяргея Паўлавіча Каргуева. Паралельна займаўся і па класе дырыжыравання. Спецыяльнасць па выпуску – «скрыпач». З 1929 па 1931 год наш зямляк працуе ў Тэатры музычнай камедыі. Відаць, ужо ў тыя першыя гады творчай працы Эліясберг станавіўся тым, пра каго праз многія дзесяцігоддзі адзін з выдатных гісторыкаў музыкі, адзін з выдатных музычных дзеячаў скажа літаральна наступнае:
Сёмая сімфонія ў блакадным Ленінградзе
Жнiвень 1942 года. Аркестр сабраны і сыграны. У складзе калектыву: духавыя – 4 флейты, 3 габоі, 5 кларнетаў, 3 фаготы. Медныя духавыя: 8 валторн, 6 труб, 6 трамбонаў, туба. Ударныя інструменты – літаўры, трохкутнік, два малыя барабаны, талеркі, вялікі барабан, там-там, ксілафон. Струнныя – першыя скрыпкі, другія скрыпкі, альты, віяланчэлі, кантрабасы.
На пачатку лета 1942 года ў блакадны Ленінград спецсамалётам была дастаўлена партытура Сёмай сімфоніі. Праведзена мноства рэпетыцый. Звычайна рэпетыцыі доўжыліся па шэсць гадзін. Строгі і настойлівы Эліясберг патрабаваў у выкананні выключнай бездакорнасці. У 68 хвілін сімфоніі ўліваліся як адзінае цэлае чатыры часткі твора.
Амаль за месяц да прызначанай прэм’еры сімфоніі ў блакадным Ленінградзе камандуючы фронтам Леанід Говараў пачаў распрацоўваць аперацыю «Шквал». Сэнс яе быў у тым, каб папярэдне вывесці артылерыйскія часці за мяжу горада і пачаць шквальны агонь па праціўніку. Да часу выканання сімфоніі дадаваўся час тэатральнага раз’езду, калі публіка збіраецца ў філармоніі і калі яна пакідае філармонію. Савецкім артылерыстам патрабавалася адцягнуць увагу на працягу дзвюх з паловай гадзін, што і было зроблена.
Говараў папярэдне падлічыў, што запатрабуецца выпусціць за гэты час месячную норму снарадаў. Расказваюць, што пасля выканання сімфоніі камандуючы фронтам, які на час канцэрта знаходзіўся ў зале, як гарант бяспекі, падышоў да дырыжора і сказаў: «Нас таксама можна лічыць удзельнікамі выканання вашай сімфоніі…»

Ленинград, Невский проспект. Афиша исполнений Седьмой симфонии Дмитрия Шостаковича, август 1942 года. Фото: Архив Санкт-Петербургской филармонии
9 жніўня 1942 года ў Вялікай зале Ленінградскай філармоніі адбылася легендарная ленінградская прэм'ера.
Подзвіг музыкантаў, подзвіг Карла Эліясберга ўбачыў увесь свет. Па радыё ішла прамая трансляцыя канцэрта. І немцы, якія знаходзіліся на лініі фронту, паблізу Ленінграда, сумеліся, былі ашаломленыя ад пачутай музыкі. Яны ўжо лічылі, што горад памірае…
22 ліпеня 1945 года Карл Эліясберг быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі – баявым ордэнам.
Апошні Дон Кіхот
У Ленінградскім радыёкамітэце Карл Ільіч працаваў да 1950 года. Але гэта ўжо былі іншыя часіны. Так склалася, што яго выставілі з аркестра. Існуе шмат сведчанняў, што Эліясберга не мог цярпець іншы вялікі дырыжор, які і адсоўваў Карла Ільіча ад пашаны, славы, ад сапраўднай працы.
Але музыкант, дырыжор працягвае развівацца, расці, набываць новы творчы вопыт. Усяго дырыжор працаваў з 45 (!) калектывамі. У рэпертуары – каля тысячы твораў, дзве сотні аўтараў, трэцюю частку складала музыка савецкіх кампазітараў. Эліясберга лічылі вялікім спецыялістам па замежнай класіцы (Дворжак, Моцарт, Бетховен, Берліёз). Ён упершыню ў СССР выканаў Нямецкі рэквіем І. Брамса, «Жыццё героя» І. Штрауса і іншыя вялікія творы.

Карл Элиасберг. Фото: Архив Санкт-Петербургской филармонии им. Д.Д. Шостаковича
Расказваючы пра Карла Ільіча, яго сучаснікі падкрэслівалі прынцыповасць, сумленнасць дырыжора, адзначалі яго бескампраміснасць. Ён дамагаўся мінімалізацыі націску лідара на аркестрантаў. Гэта было супольнае музіцыраванне, якое заварожвала, уяўляла загадкавую дзейнасць аднадумцаў. Яго часта называлі апошнім Дон Кіхотам.
У 2007 годзе на сцяне дома па адрасе набярэжная Фантанкі, 50, у Санкт-Пецярбургу была ўсталявана мемарыяльная дошка з надпісам: «У гэтым доме з 1975 па 1978 гады жыў дырыжор Карл Ільіч Эліясберг».
5 мая 2022 года (у год 80-годдзя першых ваенных выкананняў твора) у Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску Сёмая сімфонія Дзмітрыя Шастаковіча прагучала ў выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. Галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў.
Жыццё неўміручага сваімі музычнымі фарбамі твора Дзмітрыя Шастаковіча прадаўжаецца. І памяць пра тых вялікіх музыкантаў на чале з Карлам Эліясбергам не можа не трывожыць сэрцы захопленых музыкай людзей розных пакаленняў.

