«Гэта і ёсць наша жыццё»: творчы подзвіг Барыса Сачанкі

Фото: Государственное учреждение «Президентская библиотека Республики Беларусь»
15 мая спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка і выдаўца Барыса Сачанкі. Times.by прыгадвае асноўныя вехі жыцця і дзейнасці літаратара.
Барыс Сачанка (1936–1995) прапусціў праз сваё сэрца боль беларускага народа, наканаваны яму ў XX стагоддзі. Вайна і Чарнобыль – Сачанка з веданнем справы зрабіўся іх летапісцам як пісьменнік і публіцыст.
Вялікія трагедыі, якія пагражалі беларусам татальным знішчэннем, прывялі Сачанку да высновы, што дбаць трэба не толькі пра людзей, але і пра кнігі. Найперш пра энцыклапедыі, што распавядаюць пра мову, гісторыю і культуру беларусаў. Таму ён энергічна займаўся і выдавецкай справай.
Дзіця, якое зазірнула ў бездань
Дзяцінства Сачанкі было падобнае на аповесць у традыцыях суровай ваеннай прозы. Уявіце сямігадовага хлопчыка з вёскі Вялікі Бор на Хойнікшчыне, якога ў 1943 годзе разам з бацькамі запіхваюць у таварны вагон пад дуламі аўтаматаў і лай аўчарак. А потым вязуць у невядомасць – у Нямеччыну.
Там палонных прымушаюць працаваць на ферме ажно да мая 1945 года. Пасля Сачанкі трапляюць у лагер для перамешчаных асоб, якіх амерыканцы агітавалі ехаць у ЗША. Але для бацькоў хлопца і яго самога адзіны магчымы выбар – роднае Палессе. Туды яны нарэшце і вярнуліся.
Для Сачанкі вайна – не сухі тэкст з падручніка ці каляровая паштоўка да свята Перамогі. А зведаныя асабіста холад, голад, страх, роспач.
І шчымлівая пустэча ў грудзях. Пасля вяртання дадому Барыс убачыў на месцы роднай вёскі спрэс адно папялішча. Фашысты спалілі Вялікі Бор разам з 265 аднавяскоўцамі Сачанкаў. Яшчэ 118 жыхароў вёскі загінулі на франтах.
Барыс Сачанка «Апошнія і першыя»
«Хросны бацька» беларускіх кніг
Творчы дэбют Сачанкі адбыўся ў 1960 годзе, калі ў часопісе «Маладосць» выйшла апавяданне «Плынь». За першы ганарар ён набыў прыгожую шарсцяную тканіну – матулі на сукенку.
З таго часу Сачанка стварыў звыш 40 кніг – па адной кнізе на кожны год дарослага жыцця. Пісьменнік даражыў кожнай хвілінай, і таму ўставаў у шэсць гадзін раніцы і працаваў да ночы.
Калі б Сачанка проста пісаў кнігі, ён ужо б застаўся ў гісторыі літаратуры. Але ён яшчэ «будаваў» нашу кніжную цывілізацыю як рэдактар і выдавец.
У выдавецтве «Мастацкая літаратура» Сачанка ініцыяваў выданне 100-томнай бібліятэкі «Скарбы сусветнай літаратуры». Дзякуючы найперш яго намаганням выйшла каля двух дзясяткаў тамоў.
Пасля, у 1993-м, Сачанка ўзначаліў «Беларускую энцыклапедыю». Выданне новай універсальнай 18-томнай энцыклапедыі ён лічыў найважнейшай дзяржаўнай справай.
Янка Сіпакоў «Асоба»
Надзейны сябра з чулай душой
Нягледзячы на высокія пасады і ўзнагароды (Сачанка меў у тым ліку два ордэны «Знак Пашаны»), ён быў вельмі прыязным, гасцінным чалавекам.
Сачанка сябраваў з самымі рознымі людзьмі. У адносінах для яго галоўным было, каб чалавек быў шчыры, сумленны, разумны, любіў Беларусь і рабіў усё для яе будучыні.
Аб сваіх сябрах Сачанка часам клапаціўся, як аб родных. Да прыкладу, калі ўся сям’я сябрука, цяжка грыпуючы, ляжала з высокай тэмпературай, ён мог нечакана завітаць да іх з лекамі і поўнай авоськаю прадуктаў.
Кожны год на 15 мая – на Барысоўе, як сябры пісьменніка звалі між сабою ягоны дзень нараджэння, – у шчодрай і гасціннай хаце Сачанкаў збіралася шмат людзей. Але і ў іншыя дні яго дзверы былі шырока адчыненыя.
Святлана Явар «Я любіла яго...»
Найперш застанецца памяць
«Нельга так жыць, каб не пакінуць аб сабе ніякай памяці», – прамаўляе адзін з кніжных герояў Барыса Сачанкі. А сам пісьменнік аднойчы занатоўвае ў дзённіку: «Я ўжо дні чатыры нічога не пішу. А гэта – дрэнна. У галаву тады лезе абы-што. Трэба пісаць, пісаць, нягледзячы ні на што...».
Для Сачанкі гэта сапраўды было галоўным. Здаецца, ён паспяваў рабіць усё. Не толькі пісаць кнігі і артыкулы (і фельетоны для сатырычнага часопіса «Вожык»), але і збіраць беларускія старадрукі, знаходзіць у архівах невядомыя рукапісы і факты пра нашых пісьменнікаў, удзельнічаць у рабоце Генеральнай Асамблеі ААН, займацца мастацкімі перакладамі (з сербскай, славацкай, польскай моў), складаць энцыклапедыі…

Белорусские писатели Николай Гамолко, Максим Танк, Иван Шамякин, Борис Саченко и Анатолий Вертинский. Фото: Витченко Владимир / Фотохроника ТАСС
Напружаны, знясільваючы рытм жыцця прывядзе Сачанку да раптоўнай смерці. Народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін адзначыць, што «памёр Барыс Іванавіч як салдат, на баявым пасту ў сваім рабочым кабінеце».
Поруч з кутком любімых кніг, якім ён цалкам прысвяціў сваё жыццё.

