IIHF зняла санкцыі з беларускай юніёрскай зборнай

Юниорская сборная Беларуси. Фото: Хоккей Беларуси | Hockey.by, ВКонтакте

Юниорская сборная Беларуси. Фото: Хоккей Беларуси | Hockey.by, ВКонтакте

Беларускія юніёры змогуць выступіць на чэмпіянаце свету, які пройдзе праз год у ЗША.

Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) зняла санкцыі з беларускай юніёрскай зборнай, паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі хакея Беларусі (ФХБ).

«IIHF прыняла рашэнне аб допуску беларускіх зборных да ўдзелу ў чэмпіянатах свету ў сезоне-2026/2027», – гаворыцца ў паведамленні.

Згодна з рашэннем IIHF мужчынская юніёрская зборная Беларусі (да 18 гадоў) прыме ўдзел у чэмпіянаце свету, які пройдзе ў ЗША з 22 красавіка па 2 мая 2027 года.

Акрамя таго, у праграму сусветных першынстваў уключаны жаночая юніёрская і жаночая нацыянальная зборныя краіны.

«Федэрацыя хакея Беларусі прадоўжыць актыўную работу па хутчэйшым вяртанні нацыянальнай і маладзёжнай мужчынскіх зборных да ўдзелу ў афіцыйных міжнародных спаборніцтвах пад эгідай IIHF», – заявілі ў ФХБ.

Кіраўнік федэрацыі Аляксандр Багдановіч падкрэсліў, што ў Мінску рашэнне IIHF успрынялі як важны і пазітыўны крок для айчыннага хакея.

«Мы зробім усё магчымае, каб як мага хутчэй вярнуць на міжнародную арэну ўсе беларускія зборныя», – запэўніў Аляксандр Багдановіч.