Кітайскі перакладчык прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі

Славіст з Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў Хань Сяае прыкладае шмат намаганняў для прапаганды беларускай літаратуры ў Кітаі.
Дадаць у асноўныякрыніцы Google
У апошнія гады ў Пекіне пабачылі свет некалькі кніг з творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў, сярод iх – два калектыўныя зборнікі, асноўную працу па перакладах якіх выканаў Хань Сяае. Таксама ён пераўвасобіў на кітайскую мову «Шчарбаты талер» Андрэя Федарэнкі, «Паэзію і прозу» Алеся Бадака.
«У нашым універсітэце ўжо даўно працуе Цэнтр беларускіх даследаванняў, – расказаў карэспандэнту Times.by Хань Сяае. – За гады, дзякуючы пасольству Беларусі ў Кітаі і Саюзу пісьменнікаў Беларусі, сабралася ладная бібліятэка кніг на беларускай і рускай мовах».

Фото: Beijing International Studies University
Сярод твораў класікаў беларускай літаратуры – Якуба Коласа, Янкі Купалы, Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча – ёсць ва ўніверсітэце і сучасныя аўтары, тыя, хто сёння працуе ў беларускай паэзіі і прозе.
«Кнігі заўжды перад вачыма. Да іх звяртаюцца і тыя студэнты, магістранты, хто вывучае ў нашым універсітэце беларускую мову. А я звяртаюся да беларускай кніжніцы як перакладчык», – адзначыў Хань Сяае.
Асаблівую ўвагу кітайскага перакладчыка прыцягнуў 12-томны збор «Сучасная беларуская літаратура». Напрыклад, ён пераклаў зборнік апавяданняў «Іголка ў квадраце», дзе сабраны празаічныя творы пісьменнікаў, якія жывуць у Беларусі і пішуць на рускай мове. Пакуль што кніга чакае свайго выдаўца.

Фото: Beijing International Studies University
Рыхтуючыся да 145-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы, якое Беларусь і свет будуць адзначаць у 2027 годзе, Хань Сяае пераклаў вялікі том іх паэзіі і драматычных твораў.
Нашых класікаў выдавалi ў Кітаi i раней: у 1958 годзе ў Шанхаі выйшла аповесць Якуба Коласа «Дзед Талаш» (знаёмая нашаму чытачу як «Дрыгва»). А ў 1946, 1953 і 1958 гадах таксама ў Шанхаі выходзіла «Жалейка» Янкі Купалы. Перакладчык – Чжу Цзі. І вось зараз – новы зварот да творчасці народных песняроў Беларусі.
XXI стагоддзе адзначана ўвагай і іншых кітайскіх перакладчыкаў, літаратуразнаўцаў да беларускай літаратуры – Гаа Мана, Гу Юя, Чжан Хуэйцінь. Кожны з іх прыўнёс свой уклад у развіццё беларуска-кітайскіх літаратурных сувязяў.

Фото: Beijing International Studies University
А што да Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў, у якім працуе Хань Сяае, то ён па праве лічыцца сталай пляцоўкай па вывучэнні гісторыі, культуры і літаратуры Беларусі. Добры настрой дзеля гэтага задае і помнік народнаму паэту Беларусі Янку Купалу, які ўсталяваны на тэрыторыі ўніверсітэта.

