Кнігу пра абаронцу Брэсцкай крэпасці піша татарская пісьменніца

Мікола Прымака
Абноўлена:
Луиза Янсуар. Фото: Салават Камалетдинов / «Татар-информ»

Луиза Янсуар. Фото: Салават Камалетдинов / «Татар-информ»

Луіза Янсуар наведала Беларусь – акрамя Мінска пабывала ў Брэсце i Брэсцкай крэпасцi.

Дадаць у асноўныя
крыніцы Google

Татарская журналістка, паэт, перакладчыца Луіза Янсуар працуе над кнігай пра Героя Савецкага Саюза легендарнага камандзіра палка Пятра Гаўрылава.

Пісьменніца закончыла факультэт татарскай філалогіі, гісторыі і ўсходніх моў Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук. Працуе ў часопісе «Ялкын».

Яна – аўтар кніг «Прачынаюцца пралескі», «Прарадзіма», «Вогнішчы, абуджаныя намі». Лаўрэат расійска-італьянскай прэміі імя Бэлы Ахмадулінай «Bella», лаўрэат рэспубліканскай прэміі імя Мусы Джаліля.

Вось што пісаў пра ўдзельніка абароны Брэсцкай крэпасці Пятра Гаўрылава савецкі пісьменнік Сяргей Смірноў (1915–1976).

”

Застаўся адзін і, будучы цяжка параненым, 23 ліпеня патрапіў у палон. Паводле апісання доктара Варановіча, які лячыў яго у шпіталі: «…маёр быў у поўнай камандзірскай форме, але ўся вопратка пераўтварылася ў лахманы, твар быў пакрыты парахавой копаццю і пылам і аброс барадою. Ён быў паранены, знаходзіўся без свядомасці і выглядаў зусім зняможаным. Гэта быў у поўным сэнсе слова шкілет, абцягнуты скурай. <…> нямецкія салдаты, якія ўзялі яго ў палон і прывезлі ў лагер, расказалі дактарам, што гэты чалавек, у якім ледзьве цяплілася жыццё, усяго гадзіну назад, калі яны яго заспелі ў адным з казематаў крэпасці, адзін прыняў з імі бой, кідаў гранаты, страляў з пісталета і забіў і параніў некалькі гітлераўцаў».

Сяргей Смірноў

Паводле інфармацыі Луізы Янсуар, Гаўрылаў служыў у Брэсце камандзірам 44-га стралковага палка, які быў пераведзены ў Беларусь пасля савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гадоў. Ураджэнец Казанскай губерні, Пётр Міхайлавіч у радах Чырвонай Арміі знаходзіўся з 1918 года. Незадоўга перад вайною закончыў Ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзэ. У час абароны Брэсцкай крэпасці ўзначаліў абарону Усходняга форта. Напачатку ў Гаўрылава налічвалася каля 400 чырвонаармейцаў і камандзіраў.

Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў. Фота: Wikimedia Commons

Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў. Фота: Wikimedia Commons

Фрагмент карціны мастака П. А. Крываногава «Абаронцы Брэсцкай крэпасці»

Фрагмент карціны мастака П. А. Крываногава «Абаронцы Брэсцкай крэпасці»

«Да 1945 года Гаўрылаў знаходзіўся ў лагерах Хамельбург і Равенсбрук. Пасля вызвалення прайшоў праз фільтрацыйны лагер на Далёкім Усходзе. Вярнуўшыся дахаты, у Татарскую АССР, не мог уладкавацца нават у калгас. Аднавяскоўцы лічылі героя здраднікам… Гаўрылаў пераехаў у Краснадарскі край, уладкаваўся на працу. І толькі ў сярэдзіне 1950-х, калі пісьменнік Сяргей Смірноў пачаў узнаўляць праўду пра абарону Брэсцкай крэпасці, Гаўрылава аднавілі ў партыі, яму вярнулі афіцэрскае званне», – расказвае Луіза Янсуар.

У 1957 годзе ўраджэнцу Татарстана прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.

Памёр гераічны абаронца Брэсцкай крэпасці 26 студзеня 1979 года. Пахаваны згодна запавету на гарнізонных мемарыяльных могілках Брэста. Імя Гаўрылава носяць вуліцы ў Казані, Брэсце, Краснадары, Іркуцку, у татарскай вёсцы Пестрацы.