«Краснасельскія Мальдывы» прызналі помнікам прыроды мясцовага значэння

Улетку на крэйдавыя кар’еры пад Ваўкавыскам нязменна з’язджаюцца турысты, у 2023 годзе каля аднаго з іх была абсталявана аглядная пляцоўка.

«Краснасельскія Мальдывы» абвешчаны геалагічным помнікам прыроды мясцовага значэння, вынікае з апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале рашэння Ваўкавыскага райвыканкама.

У дакуменце зафіксаваны межы двух участкаў помніка прыроды, устаноўлена, што яго плошча складае 356,83 га. Таксама вызначаны рэжым аховы і выкарыстання гэтай тэрыторыі.

Кіраванне помнікам прыроды замацавана за Ваўкавыскім раённым турыстычным інфармацыйным цэнтрам і ААТ «Краснасельскбудматэрыялы».

Рашэнне ўступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Крэйдавыя кар’еры пад Ваўкавыскам пачалі распрацоўваць у 1914 годзе, цяпер большая частка з іх не выкарыстоўваецца. З часам некаторыя кар’еры былі затоплены, а дзякуючы солі калію вада ў іх мае бірузовае адценне. Месца вельмі папулярнае ў турыстаў, якіх прыцягвае ўнікальны ландшафт.