Мамант ці бізон? Вадалаз АСВОД знайшоў у Сожы косці старажытных жывёл

Абноўлена:
Фото: Times.by

Фото: Times.by

За дапамогай ва ўстанаўленні знойдзенага гомельскія ратавальнікі АСВОД звярнуліся да археолагаў палацава-паркавага ансамбля.

Чарговы дагістарычны ўлоў здарыўся на Сожы ва ўрочышчы Шведская Горка: у ходзе трэніровачнага апускання вадалаз Заходняй выратавальнай станцыі Сцяпан Жукавец у 50 метрах ад берага натрапіў на прадметы, падобныя на косці старажытных жывёл.

«Не скажу, каб здзівіўся. Пару гадоў таму прыблізна ў гэтым месцы мы з калегам паднялі чэрап бізона, а год таму я дастаў са дна Сожа частку пазваночніка маманта», – расказаў ратавальнік.

Фото: Times.by

Фото: Times.by

Паводле папярэдняй ацэнкі экспертаў, знойдзеныя цяпер косці належаць маманту і бізону, якія маглі тут жыць дзясяткі тысяч гадоў таму.

«На фота я бачу паяснічны пазванок і рабро маманта, а таксама перадплечча бізона. Абломак справа падобны на фрагмент сківіцы маманта», – адрэагаваў на дасланае ратавальнікамі фота загадчык аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Юрый Панкоў і паабяцаў у бліжэйшы час пад'ехаць на станцыю.

Дарэчы, самы вялікі з шасці паднятых прадметаў – рабро – важыць каля 3 кг. Паводле слоў Жукаўца, ён старанна абследаваў 100 «квадратаў» дна на глыбіні 10–12 метраў і «падабраў усё да апошняй костачкі».

Пакуль ратавальнікі чакаюць Юрыя Панкова, фатаграфуюцца каля знаходак і жартуюць, што хутка збяруць шкілеты дагістарычных жывёл цалкам.

Фото: ОСВОД

Фото: ОСВОД

Але гэту верагоднасць эксперт выключыў адразу.

«Знойдзеныя фрагменты маманта і бізона не ўнікальныя знаходкі. Цячэнне ракі разносіць астанкі на тысячы кіламетраў, так што развіваць тэорыю, што знойдзеныя сёння і ў мінулыя гады косці належаць адной асобіне, няма сэнсу», – растлумачыў у тэлефоннай размове Times.by Юрый Панкоў.

Эксперт нагадаў, што ў ледніковы перыяд бізоны разам з мамантамі былі ледзь не самымі распаўсюджанымі жывёламі ў гэтых краях. Месца, дзе ратавальнікі перыядычна падымаюць са дна ракі косці, мяжуе з урочышчам Шведская Горка, і яно багатае такімі знаходкамі. Раней тут ужо знаходзілі косці ляснога слана, шарсцістых мамантаў, насарогаў, паўночных аленяў і нават пячорнага льва.

Няхай і не ўнікальныя, але цікавыя, на думку Панкова, дагістарычныя косці папоўняць фонды музея. Фрагменты шкілетаў ачысцяць, закансервуюць і ў пачатку наступнага года пакажуць на традыцыйнай выставе знаходак «Музейны экспанат».