Міліцыя стварыла чат-бот для праверкі старонак у сацсетках на махлярства

Фото: Unsplash, Christian Wiediger
З дапамогай чат-бота можна даведацца, ці не з’яўляецца рэсурс фішынгавым, і захаваць свае грошы.
Праваахоўнікі стварылі ў мэсэнджары Telegram чат-бота, з дапамогай якога грамадзяне змогуць правяраць акаўнты ў сацыяльных сетках на махлярства, паведамілі ў пятніцу ў ГУУС Мінгарвыканкама.
У мінскай міліцыі расказалі, што цяпер, перш чым зрабіць пакупку ў інтэрнэт-магазіне ці праз сацыяльную сетку, укласці грошы ў крыптавалюту або акцыі кампаній, можна зайсці ў бот @ScamBY_bot і адправіць спасылку, імя акаўнта або дамен.
«Чат-бот праверыць, ці трапляў рэсурс, які запытваецца, у поле зроку праваахоўнікаў як махлярскі», – сказалі ў ГУУС.
Ва ўпраўленні таксама ўдакладнілі, што гэты бот правярае акаўнты ў Instagram, TikTok, групы ў Telegram і інтэрнэт-сайты на фішынг.
Паводле даных міліцыі, база махлярскіх акаўнтаў і фішынгавых сайтаў пастаянна папаўняецца. Калі шуканы рэсурс не знойдзены, але карыстальнік упэўнены, што ён махлярскі, можна адправіць яго ў чат-бот, каб па ім была праведзена праверка.
У ГУУС адзначылі, што новы інструмент з’яўляецца чарговым крокам да павышэння бяспекі карыстальнікаў у інтэрнэце, каб яны не патрапілі на вуду махляроў.
