Мінск на фота 1950-х: прагулка па сталіцы са старым фотаальбомам

Абноўлена:
Башни Ворота Минска

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

Як выглядалі «Вароты Мінска» 70 гадоў таму, дзе знаходзіўся кінатэатр «Зорка» і як знакамітыя мінскія вазы апынуліся на стадыёне «Дынама» – аб гэтым у фотарэпартажы Times.by.

Дадаць у асноўныя
крыніцы Google

Фотакарэспандэнт Times.by знайшоў у сямейным архіве старыя фота Мінска і вырашыў абысці месцы здымкі з фотаапаратам, каб параўнаць, як змянілася сталіца.

«Вароты Мінска»

Першы прыпынак – на скрыжаванні вуліц Свярдлова і Кірава, адкуль адкрываецца від на чыгуначны вакзал у абрамленні комплексу «Вароты горада». Гэты архітэктурны ансамбль у стылі сталінскага ампіру аўтарства архітэктара Барыса Рубаненкі пабудавалі ў канцы 1940-х – пачатку 1950-х, і ён практычна імгненна стаў адным з сімвалаў беларускай сталіцы.

Эклектычны будынак справа – былы даходны дом Алены Козінай, пабудаваны ў 1890-я гады. З 1913-га тут суседнічалі прыватная жаночая гімназія і паліцэйскае ўпраўленне, з 1923-га педагагічны напрамак узяў верх: у будынку па чарзе размяшчаліся сярэдняя школа, музычная школа, педвучылішча, камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Цяпер тут размяшчаецца Суд Еўразійскага эканамічнага саюза.

Будынак чыгуначнага вакзала ў гады вайны ўцалеў, аднак быў моцна пашкоджаны летам 1944-га падчас вызвалення Мінска. За яго рэканструкцыю ўзяліся ў першую чаргу – у 1946-м адноўлены ў даваенным выглядзе вакзал зноў прымаў пасажыраў і працягваў рабіць гэта да 1991 года, калі яго знеслі.

Узвядзенне новага будынка расцягнулася амаль на 10 гадоў, яго ўрачыста адкрылі ў перадапошні дзень XX стагоддзя – 30 снежня 2000 года.

Самае яркае змяненне за мінулыя гады на вуліцы Кірава: дрэў стала менш, а машын – больш.

Улица Свердлова и Кирова и Ворота Минска
Старая открытка
Улица Кирова и вокзал Минска
Старая открытка
Башни Ворота Минска

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

1/5

Праходзім наперад і вывучаем легендарныя 11-павярховыя вежы з іншага ракурсу. Кожную з іх упрыгожвае па чатыры скульптуры – першапачаткова выкананыя ў бетоне, у 1970-я яны разбурыліся, сёння іх замяняюць дакладныя копіі з сілуміну – матэрыялу больш лёгкага і трывалага – і барэльефы з беларускімі кветкамі, слуцкімі паясамі і зубрамі.

У левай вежы (яе пабудавалі першай) – самы вялікі гадзіннік у Беларусі з дыяметрам цыферблата 3,5 м – ваенны трафей, прывезены з Кёнігсберга. Адзінае, што змянілася, – замест механічнага механізму цяпер электронны.

А ў правай вежы на старым фота – пустая вачніца. Герб БССР на ёй з'явіўся толькі ў 1960-я: спачатку гэта быў шчыт з каляровай выявай, а потым – літы маналітны герб, які мы бачым і сёння.

Менавіта «Вароты Мінска» сталі першым архітэктурным помнікам, які з'явіўся на беларускіх грошах. Купюра вартасцю 200 рублёў была ў абарачэнні з 8 снежня 1992-га па 1 студзеня 2001-га. Пры дапамозе лупы на ёй можна разгледзець назву магазіна, які размяшчаўся ў далёкай вежы («Хлеб»).

Галоўпаштамт

Наступны пункт маршруту – праспект Незалежнасці, 10, дзе знаходзіцца Мінскі паштамт. Яго будавалі з 1949 па 1953 год, але толькі да вясны 1955-га ўсе службы і аддзелы канчаткова пераехалі ў новы будынак.

Праект распрацавалі Уладзімір Кароль (Мінск яму абавязаны многімі знакавымі збудаваннямі, вуліца Караля ў беларускай сталіцы атрымала назву менавіта ў яго гонар) і Абрам Духан (у ліку яго яркіх работ назавём галоўны вучэбны корпус БДУ, дамы №7 і №48 на праспекце Незалежнасці, а таксама комплекс будынкаў у галоўнай частцы праспекта Пераможцаў, над якім ён працаваў з архітэктарамі А. Красоўскім і В. Кісялём).

Манументальны будынак цалкам узведзены ўручную, выкарыстоўвалі цэглу з пабудоў, разбураных у ваенныя гады. У 2022–2024 гадах быў капітальна адрэстаўраваны, адноўлены ляпны дэкор, капітэлі і барэльефы.

Старая открытка
Главпочтамт
Главпочтамт
Главпочтамт
Старая открытка
Главпочтамт

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

1/6

На старым фота галоўны ўваход літаральна патанае ў лісці, і з іншага ракурсу таксама відаць: дрэў на праспекце (у тыя гады імя Сталіна, Ленінскім ён стане ў 1961-м, 30 праз гадоў яго пераймянуюць у гонар Францыска Скарыны, а цяперашнюю назву цэнтральная гарадская магістраль атрымае ў 2005-м) было шмат.

Яшчэ адно адрозненне – на фасадзе няма гадзінніка, яго ўстанавілі ў маі 1962 года. Хранометр на Паштамце цікавы: акрамя мінскага часу, які відаць на асноўным цыферблаце, ён паказвае час яшчэ 36 населеных пунктаў планеты – ад Анкорыджа да Рыа-дэ-Жанейра. Для гэтага ёсць спецыяльны ўнутраны цыферблат з белым і чорным фонам – для абазначэння дня і ночы, – які круціцца ў адваротны бок.

Некалі менавіта каля Паштамта размяшчаўся «нулявы кіламетр», але з 1998 года адпаведны знак стаіць на Кастрычніцкай плошчы. Зрэшты, у цэнтральнай зале (вартай асобнай гісторыі) – пункт адліку адлегласцей да розных гарадоў Беларусі і Еўропы.

Палац прафсаюзаў і плошча Перамогі

Будынак №25 на праспекце Незалежнасці пабудаваны ў 1954-м, а ўрачыста адкрыты быў 70 гадоў таму – 3 ліпеня 1956 года. Палац прафсаюзаў стаў апошняй буйной работай архітэктара Уладзіміра Яршова, які да вайны праектаваў аб'екты Маскоўскага метрапалітэна. Пасля заканчэння будаўніцтва на яго навалілася хваля крытыкі за гэты праект, якую ён цяжка перажываў – дайшло да інсультаў, – і ў выніку быў вымушаны пайсці на пенсію па стане здароўя.

Характэрна, што Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны няма ні на старым, ні на сучасным здымках. Пабудова, у спешным парадку ўзведзеная па праекце архітэктараў Георгія Бенядзіктава і Георгія Заборскага, адкрыюць толькі ў 1966 годзе, а ў 2014-м знясуць – пасля пераезду экспазіцыі ў новы будынак на праспекце Пераможцаў. Бізнес-цэнтр, краёк якога праглядаецца на здымку, выклікаў у Мінску не менш крытыкі, чым у свой час Палац прафсаюзаў.

Дворец Профсоюзов
Старая открытка
Дворец Профсоюзов
Вечный огонь на площади Победы
Старая открытка

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

1/5

Помнік на плошчы Перамогі быў пабудаваны ў 1954 годзе, а Вечны агонь запалілі 3 ліпеня 1961 года – зрабіў гэта ганаровы грамадзянін горада Мінска, Герой Савецкага Саюза генерал-палкоўнік Аляксей Бурдзейны. У нязменным выглядзе плошча праіснавала да 1984 года, калі з-за будаўніцтва сталічнай падземкі правялі рэканструкцыю – тады ж на ніжнім узроўні зрабілі кольцавую галерэю, якая ўключае мемарыяльную залу.

А зусім нядаўна, у 2019–2020 гадах, плошча перажыла маштабную рэканструкцыю – быў заменены стылабат манумента, рэканструяваны абеліск, зроблены электрападагрэў гранітнага пакрыцця памятнага месца.

Дом з гадзіннікам і стадыён «Дынама»

Будынак №16 на праспекце Незалежнасці сваёй народнай назвай «Дом з гадзіннікам» абавязаны яшчэ аднаму ваеннаму трафею. Гэтаму гадзінніку каля 200 гадоў, прывезлі яго, хутчэй за ўсё, з Кёнігсберга. Будавалі дом з 1947-га па 1949-й палонныя немцы, хранометр устанавілі адразу пасля заканчэння будаўніцтва. І спачатку гадзіннік біў кожныя 15 хвілін, аднак з-за скаргаў на шум куранты неўзабаве адключылі.

Гарадская легенда гаворыць, што ідэя ўстанавіць на вежцы гадзіннік належала міністру дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцію Цанаве: быццам ён хацеў звяраць час непасрэдна са свайго кабінета ў будынку насупраць.

Дом с часами на проспекте Независимости
Старая открытка
Дом с часами на проспекте Независимости
Стадион Динамо в Минске
Старая открытка
Стадион Динамо в Минске

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

1/6

Ад Дома з гадзіннікам пройдзем па вуліцы Камсамольскай да стадыёна «Дынама», які з'явіўся ў Мінску ў 1934 годзе. Праўда, тады на месцы знакамітай аркі па вуліцы Кірава размяшчалася цэнтральная трыбуна, а гледачы сядзелі пад адкрытым небам на драўляных лаўках.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны стадыён быў разбураны, аднаўленне пачалося ў 1946-м і расцягнулася на 8 гадоў. Па праекце Мікалая Колі цэнтральную трыбуну размясцілі на натуральным схіле, а поле – у нізіне. Стадыён акружылі вонкавай аркадай у стылі савецкага неакласіцызму, упрыгожылі вазамі (відаць на архіўным фота), ляпнінай і барэльефамі. Была ўзведзена ўваходная арка і скульптурная кампазіцыя «Бег».

Да Алімпіяды-80 прайшла рэканструкцыя: устанавілі гіганцкія мачты асвятлення, новае табло, надбудавалі другі ярус трыбун (цяпер на іх змяшчалася да 50 тысяч гледачоў), абсталявалі пакоі для прэсы.

Яшчэ адно капітальнае абнаўленне стадыёна «Дынама» прайшло ў 2012–2018 гадах, у выніку якога ён стаў лёгкаатлетычнай арэнай, якая змяшчае крыху больш за 22 тысячы гледачоў. Архітэктарам удалося захаваць гістарычны фасад, пры гэтым цалкам абнавіўшы «начынку» і ўзвёўшы ахоўныя казыркі над часткай трыбун.

Парк Горкага і Свіслач

Мост праз Свіслач у раёне парка імя М. Горкага існаваў з канца ХVIII стагоддзя. Яго рамантавалі, перабудоўвалі. Пасля таго як ён быў узорваны ў 1944 годзе, на захаваных опорах пабудавалі часовы драўляны мост з асфальтавым пакрыццём. Ён прастаяў дзесяць гадоў.

Новы мост узвялі ў 1951–1952 гадах, і з таго часу аблічча яго не мянялася. Сёння балюстрада і агароджа моста прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Толькі-толькі завяршылася яго рэканструкцыя: балюстрадзе вярнулі гістарычны выгляд і аднавілі рэльеф, абнавілі поручневыя агароджы і асвятленне.

Свислочь: мост и набережная
Старая открытка
Свислочь: мост и набережная
Парк Горького
Старая открытка
Парк Горького

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

1/6

Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага ў г. Мінску з'яўляецца помнікам гісторыі, архітэктуры і садова-паркавага мастацтва. Быў адкрыты ў 1805 годзе першым мінскім губернатарам Захарыем Карнеевым. Губернатарскі сад стаў любімым месцам адпачынку гараджан, тут іграў духавы аркестр і працавалі пункты для прагулак.

У 1920 годзе быў перайменаваны ў сад «Прафінтэрн», а ў 1936-м яму прысвоілі імя Максіма Горкага. Ён набыў статус гарадскога парку культуры і адпачынку, тут праводзілі фізкультурныя і масавыя мерапрыемствы.

Парадны ўваход у Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. Праект быў распрацаваны ў 1952 годзе архітэктарам Георгіем Заборскім. Уваходная арка – 12-калонны порцік іанічнага ордара, упрыгожаны ляпным дэкорам.

Балюстрады з дэкаратыўнымі вазамі на фота 50-х гадоў яшчэ няма – яна з'явіцца пазней. Затое можна ўбачыць гіпсавыя скульптуры львоў, якія не захаваліся да нашых дзён.

Цырк, кінатэатр «Зорка» і сквер каля Вялікага тэатра

Кінатэатр «Зорка» ў Мінску быў пабудаваны насупраць Акадэміі навук у 1954 годзе. Драўляны міні-кінематограф быў тыпавым праектам тых гадоў – падобныя кіназалы былі і ў іншых раёнах горада («Спартак» на Старажоўцы, «Авангард» на Грушаўцы).

Мяркуючы па афішы, на фота кінатэатр зусім новенькі – венгерскі мастацкі фільм «Лёс клоўна» выйшаў на экраны таксама ў 1954 годзе.

Горад рос, і ў 1975-м на месцы «Зоркі» ўзвялі новы шырокафарматны кінатэатр «Кастрычнік». Цікава, што архітэктар Валянцін Малышаў спраектаваў кінатэатр на аснове дыпломнага праекта знакамітага ў будучым саліста ВІА «Песняры» Леаніда Барткевіча. У прасторным фае новага кіно (пазней яго перагарадзілі) з буфетам і мноствам столікаў можна было пачаставацца марожаным і кавай глясэ.

Старая открытка
Кинотеатр Октябрь
Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Старая открытка
Цирк
Сквер у Большого театра
Старая открытка
Сквер у Большого театра

Фото: Алексей Матюшков, Times.by

1/8

Сучасны будынак Белдзяржцырка будаваўся на праспекце Незалежнасці з 1954 па 1959 год па праекце архітэктара Уладзіміра Жукава. На момант заканчэння будоўлі па агульным прызнанні беларускі цырк быў самым прыгожым у СССР: з купалам асаблівай канструкцыі, прыстасаваны для паказу ўсіх жанраў – ад водных феерый да грандыёзных паветраных нумароў.

У 2008–2010 гадах была праведзена рэканструкцыя: пабудаваны рэпетыцыйны манеж у шэсць паверхаў, які дазваляе большай колькасці артыстаў рэпеціраваць адначасова, з'явіліся новыя залы і пашывачны цэх. Пры гэтым будынак захаваў класічныя элементы архітэктуры. Гэта відаць і на фота – змяненне зведалі толькі некаторыя элементы. А вось зелені і дрэў перад цыркам не засталося.

Праз парк Янкі Купалы, адкуль мы фатаграфавалі цырк, пройдзем да Вялікага тэатра і параўнаем, як змяніўся сквер перад геніяльным тварэннем Іосіфа Лангбарда.

Адзін з выдатных архітэктараў Еўропы ХХ стагоддзя ўзвёў гэты будынак у стылі канструктывізму ў 1939 годзе на Троіцкай гары – самым высокім пункце Мінска. Пры будаўніцтве тэатра першапачатковы праект перагледзелі, зменшыўшы памеры ўдвая.

Эскіз паркавага ансамбля таксама падгатаваў Лангбард, пазней яго ўвасаблялі ў жыццё архітэктары Леанід Мацкевіч і Алена Казакова. На нашым фота з архіва перад тэатрам толькі падрастаюць маладыя дрэвы. Сёння тут – цяністая Оперная алея, у цэнтры якой красуецца скульптура «Муза оперы» Канстанціна Селіханава.