Мінскае «Дынама» і барысаўскі БАТЭ выйшлі ў наступны раўнд Лігі канферэнцый

Фото: Times.by
Абодва беларускія клубы дакладней, чым сапернікі, выканалі серыю пасляматчавых пенальці.
БАТЭ ў гульні ў адказ першага кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый перамог «Эльбасані» з Албаніі. Асноўны і дадатковы час скончыліся з лікам 0:0. У серыі пенальці барысаўчане аказаліся больш дакладнымі – 5:4. У другім раўндзе БАТЭ згуляе са «Сьёнам» са Швейцарыі.
Мінскае «Дынама» ў гасцях абгуляла «Сілекс» з Паўночнай Македоніі – 1:0. Адзіны гол забіў Яўген Малашэвіч. Так лік па суме двух матчаў стаў роўным (1:1), і гульня прадоўжылася ў экстра-таймах. А ў серыі пенальці дынамаўцы не памыліліся – 6:5.
У другім кваліфікацыйным раўндзе «Дынама» згуляе з «Нефтчы» з Азербайджана.
«МЛ Віцебск», які вылецеў з Лігі чэмпіёнаў, таксама згуляе ў Лізе канферэнцый, сустрэўшыся з «Суцьескай» з Чарнагорыі.

