Модныя паказы, майстар-класы і музыка: у Мінску пройдзе вялікае свята льну

Фото: Павел Орловский, Times.by
Расліна натхняе на творчасць не толькі мадэльераў, але і жывапісцаў, якія прысвячаюць свае працы «льняным морам».
Беларускі лён – гэта не проста сельскагаспадарчая культура, а нацыянальны здабытак і брэнд краіны. Вырошчванне льну мае тысячагадовую гісторыю, якая адыходзіць каранямі ў старажытнасць Беларусі.
Сёння лён ніколькі не страціў сваёй актуальнасці, а таксама набыў новыя якасці: ён стаў сімвалам краіны, адзенне з гэтага матэрыялу хваляць па ўсім свеце, а яшчэ ў яго гонар праводзяцца фестывалі, адзін з якіх зусім хутка адбудзецца ў сталіцы.

Фото: Cathy Holewinski, Unsplash.com
З 27 па 28 чэрвеня ў Мінску пройдзе вялікае «Свята льну. Роднае моднае». Госці змогуць не толькі наведаць выстаўкі і розныя майстар-класы, але і набыць унікальныя рэчы з легендарнага матэрыялу і атрымаць асалоду ад музыкі.
На сцэне ў Верхнім горадзе выступяць ансамблі Беларусі, пройдзе адразу некалькі модных паказаў, у тым ліку калекцый знакамітых беларускіх дызайнераў, а яшчэ адбудзецца спектакль «Родныя ў модным». Вядучымі свята стануць Дзмітрый Карась, Тэа і Вольга Рыжыкава.
Выдатным дапаўненнем да маштабнага свята стане мастацкая выстаўка «ИзумЛЁНный край».
Экспазіцыя прысвечана прыгажосці беларускіх «ільняных мораў», зачараванню кветак у перыяд цвіцення, уражанням ад убачаных прыгажосцяў лакальных месцаў і тэхналогіі вырошчвання.
Выставачную калекцыю складаюць пейзажы Андрэя Белайчука, Антона Вырвы, Сяргея Ігнаценкі, Андрэя Карпянкова, Міхаіла Крата, Сяргея Лукашэвіча, Юліі Мацура, Дзмітрыя Мшара, Юрыя Платонава, Ягора Руткоўскага, а таксама сюжэтныя кампазіцыі Сяргея Акеньшына, Уладзіміра Гладкова.

