Нацбанк уводзіць змяненні па крэдытных гісторыях і справаздачах

Абноўлена:
Фото: Drazen Zigic, Freepik.com

Фото: Drazen Zigic, Freepik.com

Новыя ўмовы спросцяць беларусам доступ да крэдытаў, а таксама ўстановяць правілы для крыптабанкаў.

Нацыянальны банк Беларусі прыняў рашэнне ўнесці змяненні ў парадак фарміравання крэдытных гісторый і крэдытных справаздач, адпаведную пастанову прынялі 19 чэрвеня.

Адны змяненні ўступаюць у сілу з 18 ліпеня, а другія пачнуць дзейнічаць з 1 лютага 2027 года.

Ужо ў сярэдзіне другога месяца лета крыптабанкі стануць такімі ж удзельнікамі сістэмы крэдытных гісторый, як і звычайныя банкі. Яны будуць паведамляць звесткі аб выдадзеных крэдытах (акрамя крэдытаў, намінаваных у токенах). Пры гэтым у крэдытнай гісторыі будуць адлюстроўвацца звесткі, калі крэдыт забяспечаны лічбавымі актывамі (токенамі).

Акрамя таго, з 18 ліпеня крыптабанкі змогуць атрымліваць крэдытныя справаздачы па кліентах, што дазволіць такім арганізацыям ацэньваць рызыкі перад выдачай крэдыту.

Больш істотныя змяненні чакаюць беларусаў з 1 лютага 2027 года. Пачынаючы з гэтай даты арганізацыі павінны будуць адзначаць канкрэтныя прычыны запыту крэдытнай гісторыі і крэдытнай справаздачы: для выдачы новага крэдыту, гандлёвага фінансавання, іншых крэдытных здзелак, суправаджэння ўжо дзеючага дагавора і інш.

Як адзначылі ў Нацбанку, такі механізм уводзіцца для стрымання махлярскіх дзеянняў.

Акрамя таго, з 1 лютага беларусам спросцяць доступ да крэдытаў, калі ў іх ужо ёсць крэдыт з дзяржаўнай падтрымкай.

«Звесткі аб крэдытным дагаворы і дагаворы, які змяшчае ўмовы авердрафтнага крэдытавання, што ўключаюцца ў крэдытную гісторыю фізічных асоб, дапаўняюцца інфармацыяй аб прадастаўленні крэдыту з дзяржаўнай падтрымкай і яе памеры», – гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.