Новая памятная зона з’явіцца ў Брэсцкай крэпасці

Фото: Deny Hill, Unsplash
Плануецца, што новая скульптурная кампазіцыя будзе ўрачыста адкрыта 21 чэрвеня.
Стварэнне новай памятнай зоны завяршаецца ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць – герой», паведаміў яго дырэктар Аляксандр Каркатадзэ.
Мемарыяльная зона з назвай «Смутак» знаходзіцца ў заходняй частцы цытадэлі.
«Там быў пасля вайны знойдзены знакаміты надпіс «20 ліпеня 1941 года. Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма», – цытуе БелТА словы Каркатадзэ.
Ён таксама ўдакладніў, што вобразам для скульптурнай кампазіцыі жанчыны ў смутку стаў здымак удавы лейтэнанта Барыса Кузняцова ў крэпасці, зроблены ў 1965 годзе.
Побач са скульптурай будзе знаходзіцца сцяна памяці з імёнамі абаронцаў крэпасці, якія трапілі ў палон і загінулі ў няволі, – больш за 50 чалавек, у тым ліку капітан Іван Зубачоў – адзін з кіраўнікоў абароны цытадэлі.
Стварэнне мемарыяльнай зоны зараз знаходзіцца на фінальным этапе, чакаецца, што яна будзе адкрыта 21 чэрвеня.

