Паэтэса, актрыса, канспіратар і сястра міласэрнасці: цікавыя факты пра Цётку

Абноўлена:
Цётка

Алаіза Пашкевіч. Калаж: Times.by

15 ліпеня спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння беларускай пісьменніцы і грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч, вядомай пад псеўданімам Цётка. Times.by дае жменьку цікавых звестак аб яе жыцці і творчасці.

Падобна яркай зорцы, Алаіза Пашкевіч высока ўзышла над небасхілам Беларусі – найперш у сваіх вершах і ўчынках. Яна пражыла няшмат, але паспела зразумець, відаць, самае галоўнае: як спалучаць у жыцці мужнасць, спагаду і творчасць і пра што неабходна дбаць найперш.

Пашкевіч сама абірала свой лёс, слухаючы голас уласнага сумлення і кіруючыся патрэбамі роднага народа. І ў выніку яе асабісты – ненапышлівы, але цвёрды – выбар, як жыць гэта жыццё, стаў узорным.

Пачынальніца літаратуры, аўтар падручнікаў

Няма звестак пра тое, калі менавіта Цётка пачала пісаць вершы і прозу. Але дакладна вядома, што яна выступіла ў друку раней за Янку Купалу і Якуба Коласа.

У альманахах «Калядная пісанка» (1903) і «Велікодная пісанка» (1904) паэтэса змясціла вершы «Мужыцкая доля», «Мужык не змяніўся», «Нямаш, але будзе» і «Музыкант беларускі».

Цётка

Караліна і Алаіза Пашкевіч (справа). Калаж: Times.by

У 1906 годзе, прачытаўшы зборнік вершаў Цёткі, Янка Купала з радасцю і захапленнем напісаў:

Чутка йграеш, гулка йграеш Ты на скрыпачцы сваёй, К небу з думкай падлятаеш, Шчасця зычыш для людзей... Гэй, песнярка, болей, болей Нам на скрыпцы сваёй грай! Прывітаем хлебам-соляй, Дзякуй скажа родны край...

Акрамя таго, Цётка адна з першых пачала складаць школьныя падручнікі і пісаць творы для дзяцей.

У 1906-м яна выдала «Першае чытанне для дзетак беларусаў» са сваімі вершамі і апавяданнямі, а таксама апрацоўкамі народных казак. Пазней у часопісе «Лучынка» выходзілі розныя матэрыялы Цёткі для юных чытачоў.

Цётка не малявала ружовымі фарбамі свет для дзяцей і вучыла іх найперш міласэрнасці. Так, у апавяданні «Міхаська» яна з асаблівым замілаваннем і смуткам паказала нялёгкую долю пастушка-сіраціны і яго хвалюючае сяброўства з жураўлём-калекам.

Жанчына-канспіратар і дзясятак псеўданімаў

У 1905–1907 гадах Алаіза Пашкевіч была адным з партыйных кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады. Яна вяла рэвалюцыйную дзейнасць, скіраваную супраць царызму: арганізоўвала рабочыя страйкі ў Гродне і Вільні, пісала і распаўсюджвала пракламацыі.

Каб пазбегнуць арышту і пераследу з боку таемнай паліцыі, ёй даводзілася няспынна мяняць не толькі дакументы, але і вобразы – Пашкевіч рабіла гэта віртуозна.

Таксама Алаіза выкарыстоўвала каля дзесяці літаратурных і канспіратыўных імёнаў. Самы вядомы, Цётка, з'явіўся ў 1906 годзе. Пад ім Пашкевіч надрукавала ў газеце «Наша доля» свой знакаміты верш «Хрэст на свабоду». Псеўданім Цётка быў узяты не са столі – Пашкевіч жадала быць блізкай да людзей, хацела даводзіцца ім сваячкай, якая прыходзіць у кожную хату з добрым словам.

Яна таксама падпісвалася як Мацей Крапіўка і Ня-доля, М. Мышка, Тымчасовы, Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка. У жандармскіх зводках Пашкевіч праходзіла пад мянушкай Пякучая з-за свайго тэмпераменту і ўплыву на людзей.

Цётка

Алаіза Пашкевіч. Калаж: Times.by

Хто любіць свой народ, хто ў кожным бачыць брата-чалавека, той не сагнецца перад крыўдай і перад здзекам: ён бачыць навакол сябе мільёны падобных сабе, і яго думкі, яго жаданні зліваюцца з думкамі і жаданнямі вялікай людской грамады. Такі чалавек ніколі не будзе адзін – самотны і пакінуты. «Шануйце роднае слова!», 1914 год.

Алаіза Пашкевіч

Фіктыўны шлюб і змена прозвішча

Пасля рэвалюцыі 1905 года Алаіза вымушана была эміграваць, бо ў Расійскай імперыі ёй пагражала турма. Яна жыла пераважна ў Галіцыі, якая тады ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі. Тут яна паступіла на філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта, вывучала беларускі народны тэатр і фальклор, рыхтавала з мэтай абароны навуковай ступені даследаванне «Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай».

Смелая маладая жанчына, яна некалькі разоў наведвала Расію з чужым пашпартам. Вярнуцца на радзіму і жыць там свабодна было немагчыма, пакуль у Пашкевіч не з’явіўся план з фіктыўным шлюбам.

У 1911 годзе Алаіза выйшла за Сцяпонаса Кайрыса (1879–1964), будучага інжынера-тэхнолага і вядомага палітыка, які стаў адным з падпісантаў Акта незалежнасці Літвы ў 1918 годзе.

Пасля шлюбу Пашкевіч афіцыйна ўзяла прозвішча мужа і стала Алаізай Кайрэне. Атрымаўшы новы пашпарт, яна змагла цалкам легальна выехаць у Расійскую імперыю і вярнуцца ў Вільню.

Веру, братцы, ў нашу сілу, Веру ў волі нашай гарт: Чую агонь ў нас – не брыну, Бачу, братцы, мы не з карт, Мы не з гіпсу, мы – з камення, Мы – з жалеза, мы – са сталі, Нас кавалі у пламенні, Каб мацнейшымі мы сталі. Цяпер, братцы, мы з граніту, Душа наша з дынаміту, Рука цвёрда, грудзь акута, Пара, братцы, парваць пута!

«Вера беларуса», 1905 год.

Першая актрыса і арганізатар тэатра

Цётка вельмі любіла тэатр і лічыла яго лепшым спосабам абудзіць нацыянальную свядомасць непісьменных сялян.

У 1910 годзе Пашкевіч далучылася да стварэння творчай групы Ігната Буйніцкага – першага прафесійнага беларускага тэатра.

Творчая група Ігната Буйніцкага, 1912 год

Творчая група Ігната Буйніцкага, 1912 год

Сама Алаіза валодала моцным акцёрскім талентам і выдатнай дэкламацыяй.

На знакамітых «Беларускіх вечарынах» у Вільні, а таксама падчас гастроляў па нашых мястэчках яна выконвала ролі ў пастаноўках, чытала свае вершы, у тым ліку «Суседзям у няволі» і «Вясковым кабетам».

Сучаснікі згадвалі, што, калі Цётка выходзіла на сцэну ў народным строі, зала пачынала плакаць, а потым апладзіравала стоячы.

Ой, сястронкі, ой, вясковы, Ой вы, кветкі прызавяты! Вашы твары, як васковы, Вашы шчокі слязьмі змяты...

Як каліну град страсае, Як пярун каменне крышыць, Так лёс рана вас ламае, Так жыццё красу вам нішчыць.

«Вясковым кабетам», 1908 год.

Прыроджаны медык і сапраўдны гуманіст

Алаіза сумяшчала літаратуру з навуковай і медыцынскай практыкай у трох краінах.

Так, спачатку яна два гады вучылася на прыватных медкурсах Пятра Лесгафта ў Пецярбургу, а падчас эміграцыі паступіла на прыродазнаўчы факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве як вольная слухачка і зноўку вывучала медыцынскія дысцыпліны.

Цётка

«Цётка». Ілюстрацыя да кнігі «Творы». Мастак – М.М. Купава, 1975 год

Пэўны час Алаіза працавала фельчарам у псіхіятрычных бальніцах у Нова-Вілейцы і Львове, што патрабавала ад яе каласальнай вытрымкі і мужнасці.

Яе смерць стала праявай найвышэйшай самаахвярнасці. Падчас Першай сусветнай вайны Цётка была сястрой міласэрнасці ў віленскім шпіталі Таварыства дапамогі ахвярам вайны. Яна днямі не выходзіла з баракаў, даглядаючы параненых салдат і хворых на халеру.

У канцы 1915 года Алаіза даведалася, што ў яе родных месцах пад Лідай лютуе эпідэмія сыпнога тыфу. Сяляне паміралі цэлымі сем’ямі. Алаіза паехала ў тыя мясціны, хадзіла па хатах, лячыла хворых і дапамагала хаваць памерлых. І ў выніку заразілася – невылечна – сама.

Цётка памерла ў ноч на 17 лютага 1916 года ва ўзросце 39 гадоў. Яе пахавалі на могілках у вёсцы Стары Двор, што на Шчучыншчыне. Мужная і таленавітая жанчына, яна аддала жыццё за свой народ у прамым, нелітаратурным, сэнсе.

Хацела б быць я рэчкай быстрай, Абегчы родны край! Дзе напаіць, а дзе скупаць, А дзе ўтуліцца ў гай, То зашумець, то зашаптаць, То спаць ў салодкім сне, То зноў сарвацца, зноў гуляць, Агнём кіпець у дне. Ды так разгрэцца і спяніцца, Каб ў неба хваляй здаць, Украсці сонца, зноў спусціцца Й больш света людзям даць.

«Мае думкі», 1905 год.