Палац «Вялікі Свяцк Валовічаў» адкрыў для турыстаў рэканструяваныя залы

Фото: Алексей Матюшков, Times.by
Аб’ект культурнай спадчыны Беларусі, размешчаны ў Свяцку недалёка ад Гродна, заззяў новымі фарбамі.
Старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Раман Галоўчанка і кіраўнік Цэнтрабанка Расіі Эльвіра Набіуліна ўрачыста адкрылі для наведвальнікаў рэканструяваныя залы ў Палацава-паркавым комплексе «Вялікі Свяцк Валовічаў». Афіцыйная дэлегацыя Цэнтрабанка РФ сёння прыбыла ў Гродна для ўдзелу ў пасяджэнні Міжбанкаўскага валютнага савета.
Праект рэканструкцыі з рэстаўрацыяй і аднаўленнем Палацава-паркавага комплексу – помніка архітэктуры і садова-паркавага мастацтва другой паловы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў – рэалізуецца пры непасрэдным удзеле і фінансаванні Нацбанка.
У рэстаўрацыі манументальнага жывапісу палаца ўдзельнічалі студэнты БДАМ. Пад кіраўніцтвам вопытных рэстаўратараў яны аднавілі тэмперны жывапіс і арнаментальныя роспісы на сценах і столях.
Палацава-паркавы комплекс ужо называюць яркім турыстычным брэндам Гродзеншчыны – раней тут пачалі працаваць атэль, рэстаран і піваварня.
Плануецца адкрыццё музея, аднаўленне інтэр’ераў, напаўненне рарытэтнымі рэчамі і мэбляй. Таксама ў планах – развіццё спа-комплексу.
«Вялікі Свяцк Валовічаў»
Пачаткам будаўніцтва Палацава-паркавага комплексу лічыцца 1779 год. Гродзенскі маршалак Юзаф Валовіч прыцягнуў да працы італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака. Палац аб’яднаў у сабе найбольш характэрныя рысы адразу трох стыляў: барока, класіцызму, а ва ўнутраным убранні – рамантызму.
Пасля смерці ў 1779 годзе Юзафа Валовіча справу бацькі па ўзвядзенні Палацава-паркавага комплексу працягнуў яго сын Антоній. Да працы былі прыцягнуты мастакі Смуглевіч і Манькоўскі, італьянскі жывапісец Тамбары. Палац стаў не проста рэзідэнцыяй выхаднога дня, а сапраўдным радавым маёнткам вядомага беларускага роду Валовічаў.

Дворцово-парковый комплекс «Вялікі Свяцк Валовічаў». Фото: Алексей Матюшков, Times.by





























