Памёр народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец

Абноўлена:

Аўтар некалькіх дзясяткаў кніг, сцэнарыяў да кінафільмаў і тэатральных пастановак памёр ва ўзросце 88 гадоў.

Пайшоў з жыцця народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец, паведамілі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі.

Мікалай Чаргінец нарадзіўся ў 1937 годзе. У маладосці прафесійна займаўся футболам, выступаючы за каманды Мінска, Вінніцы і Кішынёва. Пасля заканчэння Вышэйшай школы трэнераў вучыўся на юрыдычным факультэце БДУ, а затым прысвяціў сваё жыццё службе ў органах унутраных спраў.

Ён прайшоў шлях ад радавога супрацоўніка да начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Беларусі, удзельнічаў у вайне ў Афганістане, узначальваў упраўленне ўнутраных спраў на транспарце, а пазней займаў кіруючыя пасады ў дзяржаўных органах. З 1997 па 2008 год быў старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, а таксама прадстаўляў Беларусь у ААН.

Шырокую вядомасць Мікалай Чаргінец атрымаў як пісьменнік. Літаратурнай дзейнасцю ён пачаў займацца ў 1970 годзе. Яго першай кнігай стаў дэтэктыў «Чацвёрты след», апублікаваны ў 1973 годзе. Пазней выйшлі дзясяткі твораў, сярод якіх «За секунду да выстралу», «Тайна чорных гор», «Чорны сабака», «Тайна Авальнага кабінета», «Загад №1» і іншыя. Усяго ён з'яўляецца аўтарам больш як 40 мастацкіх твораў і звыш 50 навуковых прац. Яго кнігі перакладзены больш чым на 15 моў.

З 2005 года Мікалай Чаргінец узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі, быў сустаршынёй Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, а таксама займаў шэраг іншых грамадскіх пасад.

У 2022 годзе яму было прысвоена ганаровае званне «Народны пісьменнік Беларусі».