Пералічыць фламінга, падрыхтаваць зубра да пераезду і ўсіх накарміць: адзін дзень Мінскага заапарка

Фото: Times.by
З чаго пачынаецца раніца работнікаў заапарка, навошта для малпаў гатуюць спецыяльныя цукеркі, як пераконваюць ільвіцу з дэрматытам прымаць вітаміны і хто можа пераехаць у вальеру белага тыгра Саймана, Times.by расказала начальнік заатэхнічнага аддзела Таццяна Ільясава-Конанава.
Раніца Таццяны пачынаецца не з кавы, а з пераліку фламінга: гэта ўжо рытуал па дарозе ў кабінет, якая праходзіць якраз уздоўж вальеры з ружовымі пташкамі. Яшчэ яна абавязкова заходзіць у экзатарыум, дзе ў малпаў-ігрункаў нядаўна з'явіўся малыш, – даведацца аб самаадчуванні. А самымі ласкавымі падапечнымі называе козачак.
«Яны як коцікі, толькі лепш, – расказвае суразмоўніца. – Вельмі любяць, каб іх гладзілі па спінцы, пачухвалі рожкі. Здаецца, на калені б забраліся і мемекалі, дай ім волю».

Татьяна Ильясова-Кононова. Фото: Times.by
Самыя гучныя, гаворыць, цары звяроў. І жартуе: увесь Мінск прачынаецца з першымі пеўнямі і толькі Чыжоўка – з першымі львамі.
Большасць жыхароў – за выключэннем хіба што драпежных птушак – цягнуцца павітацца да сваіх заатэхнікаў. Прыцягваюць увагу голасам, устаюць на заднія лапы – як мядзведзіца Нюра, якая выглядае Таццяну, быццам кажучы: калі ўжо да мяне падыдзеш, хопіць толькі з Трыстанам балбатаць. Алень Міша заўсёды прывітальна трубіць, цягнецца за пачастункам. І вельмі злуецца, грукаючы галінастымі рагамі па прутах вальеры, калі з ім мала паразмаўлялі.

Фото: Times.by
«У загарадзі з ламамі, ведаеце, таксама трэба быць асцярожнымі. Вяснушка, калі не ў настроі, плюецца асабліва прыцэльна. А плявок ламы можна параўнаць са струменем з пажарнага гідранта», – папярэджвае Таццяна.

Фото: Times.by
Вуха востра трэба трымаць не толькі з буйнымі драпежнікамі. Небяспечныя ўсе, у каго ёсць зубы. Той ж конь – жывёла свойская, памяркоўная, а яшчэ буйная і пужлівая. Спалохаўшыся, можа і кусануць, і штурхнуць, і капытом нападдаць. Таму гасцей заапарка просяць «не тыкаць дзіцём у храпу каня»: бывае, бацькі прыўзнімаюць малышоў вышэй, каб тыя пачаставалі жывёлу морквай, і падносяць вельмі блізка. Коні, вядома, прышчэплены ад шаленства, але ўкус ад гэтага больш прыемным не стане.
Іх, дарэчы, нельга карміць капустай – на загарадзях таблічкі з адпаведным надпісам. Здавалася б, што такога ў яўна карысным перакусе. Заатэхнік тлумачыць: у любых колькасцях гэта агародніна выклікае ў конікаў праблемы са страваваннем: з-за лішку капусты ў іх назапашваюцца газы, якія прыводзяць да балючых і небяспечных для жыцця колікаў.

Фото: Times.by
Таццяна працуе ў Мінскім заапарку з 2011-га. Прыйшла навуковым супрацоўнікам, а ў 2016-м узначаліла заатэхнічны аддзел. Першым рашэннем на новай пасадзе стала перасяленне папугаяў у экзатарыум.
«Ранейшая лакацыя мяне заўсёды катэгарычна не задавальняла, – успамінае суразмоўніца. – Цяпер у іх асобнае памяшканне і вялікія экспазіцыйныя вальеры, дзе таварыскіх яркіх красуноў можна разгледзець ва ўсёй красе. Асабліва кампанейскія тыя, якіх гэтай вясной у заапарку выняньчылі літаральна з яйка і выкармілі спецыяльнай сумессю з піпеткі: некалькі супрацоўнікаў наладзілі кругласутачны догляд з кармленнем па гадзінах».

Фото: Times.by
Перад снеданнем у заапарку арганізуюць прыбіранне. Усе вальеры буйных драпежнікаў – шматпакаёвыя, таму жыхара пераманьваюць у адну з унутраных секцый – голасам або ласункам – і апускаюць шыбер (спецыяльная засланка) на час навядзення парадку і сервіроўкі снедання. Затым супрацоўнік выходзіць, міжпакаёвыя дзверы падымаюць – час да стала.
Снеданне, абед і пры неабходнасці вячэра (ва ўсіх жыхароў свой рэжым дня і харчавання) гатуюць на галоўнай кармакухні. Вараць кашы і яйкі, шаткуюць агародніну, сякуць мяса, змешваюць крупы з агароднінай і садавінай. Затым заатэхнікі разбіраюць «паўфабрыкаты» кожны па сваіх кухнях і падзяляюць на порцыі.
«Яйкі ў сырым выглядзе ўваходзяць у рацыён дробных драпежнікаў, адварныя – для малпаў, – расказвае Таццяна Ільясава-Конанава. – Аддаём у шкарлупіне – яны могуць і разбіць, і ачысціць. Стараемся падтрымліваць прыродны фармат «ежа сама ў пашчу не ўпадзе, трэба здабыць».

Фото: Times.by
Калі раскласці снеданне па місках, жывёлы могуць да яго і не дакрануцца – сумна. Таму заатэхнікі прыдумляюць для падапечных заданні: хаваюць ежу ў скрынкі або ў нішы ў вальеры. Малпам закручваюць пачастунак у паперку, якая шамаціць. Або закопваюць у сена, але абавязкова – у розных частках вальеры: інакш усё прысвоіць галава сямейства. Для паўднёваамерыканскіх прыматаў прыдумалі кампактны «бар саладосцяў».
«У дзікай прыродзе яны жывуць на дрэвах, якія выдзяляюць камедзь, – тлумачыць начальнік заатэхнікаў. – Мы закупляем такую смалу, змешваем з вадой і затым акуратна заліваем у дуплы дрэва ў вальеры. Калі застыла – цукерка-цягучка для шыраканосых малпаў гатовая».

Фото: Times.by
Частаваць жыхароў заапарка саладосцямі катэгарычна забаронена. Яшчэ наведвальнікаў просяць быць вельмі ўважлівымі: пакуль вы працягваеце моркву аднаму вярблюду, другі пад шумок можа зажаваць ваш шаль.
«Многія нашы таварышы за любы рух, акрамя галадоўкі, і гатовы «тачыць» без перапынку, нягледзячы на ўкормленыя бакі, і хапаюць усё агулам, – каменціруе Таццяна. – Каля 10 гадоў таму памёр вярблюд. Пры анатаміраванні – гэта абавязковая працэдура – у страўніку знайшлі дзіцячыя пальчаткі, кавалкі вяроўкі, абрыўкі пакетаў. Не факт, што менавіта гэты «скарб» стаў прычынай гібелі жывёлы, але зусім дакладна прычыніў шкоду здароўю».

Фото: Times.by
За здароўем амаль 6 тыс. жыхароў заапарка сочаць чатыры ветэрынарныя ўрачы: праводзяць прафілактыку, робяць прышчэпкі, апрацоўваюць ад глістоў па неабходнасці, лечаць. Кожную раніцу – абавязковы абход. Калі камусьці з жыхароў нездаровіцца, відаць адразу: змяняецца апетыт, паводзіны становяцца нехарактэрнымі – вельмі нервовымі або, наадварот, нетыпова апатычнымі.
Таблеткі прапісваць не спяшаюцца. Калі няма бачнага пашкоджання, лішні раз стараюцца не турбаваць – назіраюць у дынаміцы. Калі сітуацыя не мяняецца, праводзяць комплекснае абследаванне і назначаюць лячэнне.

Фото: Times.by
Тэрмін жыцця ў заапарку звычайна даўжэйшы, чым у няволі. І ў жывёл бываюць хваробы, аб якіх іх дзікія сваякі ведаць не ведаюць – проста не дажываюць да іх.
Жывёлы могуць, як і людзі, мучыцца ад артрытаў і артрозаў, атлусцення, дыстрафіі, анкалогіі, праблем з печанню і сасудамі. Напрыклад, у львіцы Нікі з юнацтва атапічны дэрматыт. Вылечыць гэта немагчыма, толькі палегчыць. Таму вялікая кошка курсамі прымае спецыяльны прэпарат – яго хаваюць у курыныя сэрцайкі, якія асабліва любіць ільвіца.

Фото: Times.by
Буйным драпежнікам любыя маніпуляцыі праводзяць пад наркозам. Таксама пад наркозам і перавозяць – так было са львом Шарханам, якому заадно зрабілі ўсе неабходныя УГД, узважванні, аналізы крыві, ацанілі стан зубоў.
Рэнтген, УГД або МРТ жывёлам робяць спецыялісты мінскіх ветклінік. Буйным, якіх немагчыма або вельмі складана транспартаваць, урача выклікаюць «на дом», як у выпадку кесарава сячэння ў ільвіцы Нікі (цёзка ўзгаданай раней ільвіцы).
«Роды ў ільвіцы пачаліся, як гэта бывае, «своечасова» – у пятніцу вечарам, – успамінае Таццяна Ільясава-Конанава. – Прычым кацяня яна не прымала, не аблізвала. Заатэхнік і ветурачы забралі малыша і змясцілі пад лямпы грэцца, але выратаваць не ўдалося».

Фото: Times.by
Другое кацяня затрымалася ў родавых шляхах, і Ніцы прыйшлося аператыўна рабіць кесарава сячэнне. Але пасляаперацыйныя ўскладненні выклікалі перытаніт – выратаваць не ўдалося. А вось малышцы пашанцавала, выжыла. Назвалі Касяй, і праславілася яна тым, што дзяліла вальеру з сабакам.
«Ільвы жывуць прайдамі, і ў адзіноце Касі было дрэнна, таму заатэхнік прыняла рашэнне ўзяць у знаёмых шчаня, – успамінае Таццяна Ільясава-Конанава. – Яны так і раслі разам, а затым неразлучная парачка пераехала ў прыватны заасад у Баранавічах, дзе пражываюць цяпер».
Вядома, гэта гісторыя – выключэнне з правіл. І шчаня Скай прайшло ўсе неабходныя абследаванні, каранціны і атрымала комплекс прышчэпак перад тым, як пасяліцца ў вальеры з маленькай ільвіцай. Звычайна падобныя суседствы не практыкуюцца – высокая рызыка эпідэміі. Таму ў тым ліку ў заапарк забаронена прымаць дзікіх жывёл «з рук»: жывёла з лесу можа стаць крыніцай заражэння.

Фото: Times.by
Жыхары заапарка рэгулярна даюць патомства, але тэрыторыя ў такой жа геаметрычнай прагрэсіі не павялічваецца. Мінскі заапарк размяшчаецца на 14 га, з якіх пад экспазіцыю занята 7. Але асваенне свабодных тэрыторый, пашырэнне старых вальер, будаўніцтва новых адбываюцца паступова. А ўтрымліваць сумесна бацькоў і дзіцянят можна толькі да пэўнага ўзросту.
Часам рассяляць трэба, каб рассеяны тата не падушыў дзіця. Зубр Барон у гэтым сезоне прэтэндуе на антыпрэмію «Бацька года». Таццяна расказвае, што ён можа штурхнуць уласную дачку, прычым не са шкоднасці – проста не заўважае. Таму цяпер іх рассялілі па розных баках вальеры. А ўлетку малышка паедзе ў Пензенскі заапарк.

Фото: Times.by
Падрыхтоўку да пераезду пачынаюць загадзя. У апартаментах зуброў перад уваходам у крытую частку за пару месяцаў да магчымага пераезду ставяць транспарціровачную пераноску – такую моцную драўляную скрыню без дзвюх бакавін. Жывёла ходзіць праз яе, прывыкае. У патрэбны момант уваходы зачыняюць двума шыберамі, акуратна грузяць «пасылку» трактарам – і можна ехаць.
Ад’язджае не толькі малышка-зубр. У Магілёўскі заасад адправіцца адзін з лемураў. Новы дом будуць шукаць пагалоўю вінтарогіх казлянят, якія з'яўляюцца на свет кожны чэрвень. Таксама гатовы да пераезду лані, дзікабразы, крыланы.
Сваю калекцыю плануюць папоўніць фазанамі і лапундэрам (свінахвосты макак), каб самка не сумавала ў адзіноце.

Фото: Times.by
Легендарнага бенгальскага белага тыгра Саймана, на жаль, больш няма – яму шукаюць замену.
«Таблеткі ад старасці, на жаль, не існуе, і гэтай вясной наш Сайман пайшоў на сваю каціную вясёлку, – расказвае начальнік заатэхнікаў. – Тыгр быў у вельмі паважным узросце: у Мінскі заапарк ён прыехаў у 2014-м, ужо дарослым самцом. Падтрымлівалі як маглі, але ён павольна згасаў».
Яго афіцыйная пара – бенгальская тыгрыца Тамуці, ёй 15 гадоў. І спадарожніка жыцця ёй падбіраць не будуць. Па-першае, для размнажэння яна ўжо старая. Па-другое, сямейства вялікіх кошак і так даволі разнастайнае: тыгры, ільвы, ягуары, пумы, рысі.
Хочуць узяць снежнага барса або манула, цяпер ідуць перагаворы з расійскімі калегамі.







